У Бішкеку каля пасольства Беларусі адбыўся мітынг, удзельнікі якога патрабавалі выдаць Кыргызстану братоў Бакіевых

Каля пасольства Беларусі ў Бішкеку 27 лютага адбыўся мітынг, удзельнікі якога патрабавалі выдаць Кыргызстану былога прэзідэнта гэтай краіны Курманбека Бакіева, яго брата Жаныбека Бакіева і набліжаных да іх асоб. 



7e78701a_69ae_4578_a6cc_18764dbbc423_w640_r1_s.jpg

Жаныш Бакіеў у Менску. Фота Міхась Пашкевіч

Як паведамляе кіргізскае інфармагенцтва 24.kg, на мітынг выйшлі прыкладна 30 чалавек — членаў грамадскіх аб'яднанняў сваякоў загінулых і параненых падчас красавіцкай рэвалюцыі 2010 года. Актывісты трымалі плакаты "Жаныш Бакіеў — забойца", "Патрабуем экстрадыцыі Айбека Абдразакава, Рустама Сайдуева і Жаныша Бакіева", "Месца Бакіевых у турме". 


Мітынгоўцы патрабавалі сустрэчы з паслом Беларусі ў Кыргызстане. "Колькі яшчэ чалавек павінны пацярпець, каб іх экстрадавалі ў Кыргызстан? Апошні выпадак павінен падштурхнуць, каб нам вярнулі Бакіевых. Гэта яшчэ раз даказвае, што Бакіевы маюць дачыненне да забойстваў Медэта Садыркулава і Алмамбета Анапіяева", — заявіў журналістам удзельнік акцыі, сустаршыня аб'яднання "Мекен шэітэры" Арстан Сагындыкаў. 


Нагадаем, 18 лютага ў Мінску ў багажніку аўтамабіля быў знойдзены труп мужчыны. 24 лютага беларускія следчыя органы паведамілі, што забіты апазнаны як крымінальны аўтарытэт з Кыргызстана Алмамбет Анапіяеў, аднак працэдура ідэнтыфікацыі асобы яшчэ працягваецца. 26 лютага прэзідэнт Кыргызстана Алмазбек Атамбаеў заявіў, што за забойствам Анапіяева стаіць Жаныбек Бакіеў, брат былога кіраўніка Кыргызстана Курманбека Бакіева, і чарговым разам заклікаў Беларусь выдаць братоў Бакіевых Кыргызстану.
Анастасія Салановіч, БелаПАН