У Літве адкрыюцца кафэ, цырульні і музеі

 З 27 красавіка ў Літве ўступае ў сілу новы этап змякчэння каранціну — пры выкананні пэўных патрабаванняў адкрыюцца вулічныя кафэ, салоны прыгажосці і музеі, дазволена займацца спортам на вуліцы, адкрыюцца храмы.

Image by Peggy und Marco Lachmann-Anke from Pixabay 

Image by Peggy und Marco Lachmann-Anke from Pixabay 

Урад Літвы дазволіў гэтую дзейнасць пры выкананні жорсткіх патрабаванняў бяспекі. У вулічных кафэ за адным столікам могуць сядзець не больш за два чалавекі, столікі павінны стаяць на адлегласці двух метраў. Уладальнікі некаторых кафэ сумняваюцца, што ім варта адкрываць установы, паколькі гэта запатрабуе нямала выдаткаў.

Каб палегчыць аднаўленне дзейнасці кафэ, Віленскі муніцыпалітэт прадаставіў ім магчымасць карыстацца паркамі і скверамі ў цэнтры сталіцы. Культурныя, забаўляльныя, спартыўныя ўстановы таксама могуць наведваць групы не больш за два чалавек (выключэнні датычацца членаў адной сям'і), у гэтых установах, як і ў цырульняў павінна дзейнічаць правіла 10 кв.м на аднаго чалавека. Салярыі, масажныя кабінеты, салоны тату пакуль не будуць адчыненыя.
З панядзелка дазволена праводзіць экзамены на кіраванне, займацца гольфам, тэнісам, стральбой на вуліцы, адкрыюць картадромы, заапаркі, батанічныя сады — але толькі тыя, што знаходзяцца на вуліцы. Канферэнцыя біскупаў паведаміла, што з панядзелка ў храмах штодня, за выключэннем нядзелі, будуць праходзіць службы з удзелам людзей, храмы будуць абмяжоўваць колькасць наведвальнікаў. З панядзелка адкрыюцца дзіцячыя сады — яны прымуць дзяцей, чые бацькі павінны выходзіць на працу. Каранцін у Літве дзейнічае да 11 траўня.
Паводле delfi.lt