У Бурундзі 11 школьнікаў пасадзілі ў турму за псаванне фота прэзідэнта

Улады Бурундзі пасадзілі ў турму групу вучняў сярэдняй школы за тое, што тыя размалявалі ў падручніку фатаграфіі прэзідэнта краіны П’ера Нкурунзізы (Pierre Nkurunziza).

П'ер Нкурунзіза. Фота news2.ru

П'ер Нкурунзіза. Фота news2.ru


Падлеткі ва ўзросце ад 14 да 19 гадоў былі арыштаваныя на мінулым тыдні. Пазней суд выпусціў шасцярых, якія не дасягнулі паўналецця.
Усім вучням выставілі абвінавачанне ў абразе кіраўніка дзяржавы. За гэта злачынства ў Бурундзі належыць пазбаўленне волі на тэрмін ад 6 месяцаў да 5 гадоў і штраф у памеры да $ 32.
«Справядлівасць павінна перамагчы, — заявіў губернатар правінцыі Эмануэль Ніюнгека. — Кароль — другі пасля Бога. Цяпер у нас няма каралёў, іх замяніў прэзідэнт. Такім чынам, ён знаходзіцца на другім месцы пасля Бога. Гэтыя дзеці здзейснілі сурʼёзнае злачынства. Мы будзем раіцца з судовымі органамі і бацькамі, каб знайсці развязанне», — сказаў чыноўнік.
Фотаздымак прэзідэнта, які сапсавалі школьнікі, быў надрукаваны ў адным з падручнікаў, якім карысталіся адразу некалькі класаў.
П’ер Нкурунзіза летась быў пераабраны на трэці прэзідэнцкі тэрмін, парушыўшы, на думку ягоных апанентаў, Канстытуцыю. Перадвыбарчая кампанія суправаджалася пратэставымі акцыямі, нападамі на праваабаронцаў і апазіцыйных актывістаў, а пасля выбараў у краіне ўспыхнулі масавыя беспарадкі.
Паводле ААН, ахвярамі сутыкненняў у Бурундзі сталі больш за 400 чалавек, больш за 260 тыс. пакінулі краіну з-за небяспекі аднаўлення грамадзянскай вайны.
Сярод бежанцаў — сотні палітычных апанентаў Нкурунзізы, якім пагражалі пераслед ці забойства.
ЗША, ЕЗ і Афрыканскі саюз адмовіліся прызнаць выбары ў Бурундзі свабоднымі і сумленнымі.
Бурундзі з насельніцтвам 10,4 млн чалавек, паводле Сусветнага банку, знаходзіцца на другім з канца месцы ў свеце паводле велічыні ВУП на душу насельніцтва.
Паводле belsat.eu