Трансгендэрная вайна

За акіянам набірае моц незвычайная вайна вакол правоў дзяцей-трансгендэраў (асобаў, якія псіхалагічна адносяць сябе да супрацьлеглага полу). Пытанне гучыць прыкладна так: якой прыбіральняй ім карыстацца — мужчынскай або жаночай?

Фота politexpert.net

Фота politexpert.net


Падмурак для цяперашняй парадаксальнай «культурнай вайны» быў закладзены вельмі даўно. У далёкім 1972 годзе ў ЗША была прынятая так званая «Адукацыйная папраўка», 9-ты параграф якой асуджаў сексуальную дыскрымінацыю ў школах і гарантуе кожнаму амерыканцу права на роўную з іншымі грамадзянамі адукацыю.
Не трэба думаць, што папраўка была накіраваная на падтрымку сексуальных меншасцяў. Ільвіная доля судовых позваў, аўтары якіх патрабуюць справядлівасці са спасылкай на 9-ы параграф, тычыліся парушэння правоў дзяўчынак. Напрыклад, у амерыканскіх школах доўгі час спартовыя каманды фармаваліся выключна з хлопчыкаў. Дзяўчынак часцяком не бралі ў турыстычныя паходы або экскурсіі, хаця яны фінансаваліся ўсімі бацькамі вучняў.
Аднак па ходзе гісторыі свае правы на падставе 9-й папраўкі пачалі абараняць і асобы з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй. Увесну гэтага года абвастрылася пытанне правоў трансгендэраў.
Увогуле, упершыню Амерыка сутыкнулася з гэтым феноменам падчас грамадзянскай вайны 1963–1865 гадоў. Апантаныя патрыятызмам кабеты запісваліся ў войска, якое змагалася з сепаратыстамі. Яны служылі побач з мужчынамі, насілі мужчынскую вопратку, перанялі некаторыя мужчынскія звычкі. У выніку, калі верыць гісторыкам, прыкладна 200 кабетаў-жаўнераў пасля заканчэння вайны абвясцілі сябе мужчынамі.
З канца ХІХ стагоддзя пачалі ўзнікаць закрытыя клубы для такіх людзей, сярод якіх было шмат артыстаў. Амплуа арыста-жанчыны, якая выконвае ролю мужчыны, было запатрабаванае на эстрадзе. Сярод прадстаўнікоў багемы быў папулярны бзік — паспрабаваць сябе ў скуры іншага полу. Некаторым гэта так спадабалася, што яны пагаджаліся на хірургічныя аперацыі. Што тычыцца аформленага руху трансгендэраў за свае правы, то ён нарадзіўся толькі ў 80-я гады мінулага стагоддзя як фракцыя больш шырокага руху за гендэрную роўнасць. У 1990-м было вырашана штогод святкаваць 20-га лістапада як міжнародны дзень ахвяраў пераследу трансгендэраў.
Аднак ледзь не галоўным прарывам было рашэнне адміністрацыі Абамы, дзе яшчэ ў 2010 годзе прапанавалі наступную трактоўку таго самага 9-га параграфа. «Дыскрымінацыя па прыкмеце полу распаўсюджваецца на прэтэнзіі дыскрымінацыі па прыкмеце гендэрнай ідэнтычнасці ці няздольнасці адпавядаць стэрэатыпным уяўленням пра мужчынскасць або жаноцкасць», — гаварылася ў дакуменце.


Фота www.spiegel.de

Фота www.spiegel.de


У красавіку ўзнік прававы прэцэдэнт для практычнай рэалізацыі такога падыходу. Адзін з федэральных судоў задаволіў позву вучня-трансгендэра, якому ў школе забаранілі карыстацца як мужчынскай, так і жаночай прыбіральняй. Трансгендэр дамогся, каб яму дазволілі карыстацца клазетам. Каманда Абамы аператыўна адрэагавала на вердыкт і выдала дырэктыву для кіраўнікоў школ. Згодна з ёю, навучэнцы ўстаноў маглі самі абіраць, мужчынскай або жаночай прыбіральняй ім карыстацца, у залежнасці ад таго, да якога полу яны сябе адносяць. Тое ж датычылася распранальняў.
Натуральна, ініцыятыва не спадабалася кансерватарам, якія пабачылі ў ёй замах на фундаменты маралі. Адзначалася, што новая практыка справакуе рост сексуальных злачынстваў.
Цікава, што крытыку на адрас аўтараў дырэктывы падтрымалі і лібералы краін СНД. На іх думку, тэма трансгедэраў дазволіць мясцовым аўтарытарным рэжымам распальваць нянавісць на адрас Злучаных Штатаў, кампраметуючы мадэль дэмакратыі ўвогуле.
Так ці інакш, абаронцы маральных прынцыпаў пачалі літаральна бамбіць судовыя інстанцыі. У жніўні яны атрымал на юрыдычным фронце першыя перамогі. Шэраг федэральных акружных судоў прыпыніў дырэктыву прэзідэнта. Апошняе падобнае рашэнне прыняў 23 жніўня суд у Тэхасе. Суддзі пастанавілі, што дырэктыва Абамы супярэчыць Канстытуцыі краіны і парушае патрабаванні бяспекі. «Гэты выпадак адлюстроўвае праблему балансу паміж абаронай правоў вучняў і іх асабістым жыццём», — адзначыў суддзя тэхаскага суда, які вынес рашэнне аб блакаванні дырэктывы прэзідэнта.
Такі дэмарш абсалютна не значыць, што ініцыятыва наконт правоў трансгендэраў пахаваная. Па-першае, ёсць судовыя вердыкты, прынятыя на ўзроўні штатаў, якія, наадварот, падтрымліваюць правы трансгендэраў. Скажам, поўная свабода выбару прыбіральні была прадстаўлена дзецям у Паўночнай Караліне. Гэта наступства рашэння суда, які скасаваў мясцовы закон пра тое, што карыстацца прыбіральняй школьнікі павінны ў адпаведнасці з біялагічным полам. Тлумачыцца гэта і тым, што такі закон мае дыскрымінуючы характар, паколькі парушае правы дзяцей як грамадзян ЗША.
Па-другое, прэс-сакратар Белага дому адразу пасля навінаў з Тэхасу заявіў, што дырэктыва цалкам адпавядае законам ЗША. Гэта значыць, што палітыка Абамы можа быць працягнутая і пры яго пераемніку. Хілары Клінтан сапраўды рашуча падтрымала ідэю. Як заявіў спікер яе штабу, «як прэзідэнт яна будзе дамагацца, каб усе амерыканцы не ведалі, што такое дыскрымінацыя». Эксперты лічаць, што такі жэст тлумачыцца палітычным разлікам. Фактар поспеху Клінтан на выбарах — жаночы электарат, актыўная частка якога пазітыўна ўспрымае любую гендэрную праблематыку.
Што тычыцца Дональда Трампа, то ён крытыкуе дырэктыву пра трансгендэраў. Праўда, больш акцэнтуе ўвагу на тым, што дакумент парушае баланс паўнамоцтваў паміж цэнтрам і кіраўніцтвам штатаў, якія традыцыйна самі вызначалі правілы для школаў. «Я лічу, што права вызначаць падобныя рэчы трэба пакінуць штатам», — заявіў кандыдат ад рэспубліканцаў.
Хутчэй за ўсё, лёс скандальнай дырэктывы канчаткова вызначыцца толькі пасля заканчэння выбараў.