Трагедыя ў Індыі: У выніку сутыкнення цягнікоў пацярпелі больш за тысячу чалавек, сотні загінулых (фота, відэа)

У Індыі на чыгунцы адбылася сапраўдная катастрофа. Пры сутыкненні трох цягнікоў загінулі сотні чалавек, больш за тысячу пацярпелі. Пра гэта піша BBC.

Фота getty images

Фота getty images

Паводле звестак на сярэдзіну дня суботы, больш за 260 чалавек загінулі і не менш за тысячу атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці ў выніку сутыкнення цягнікоў у штаце Адыша на ўсходзе Індыі.

Гэта найбуйнейшая чыгуначная катастрофа ў Індыі з 1980-х гадоў і трэцяя па колькасці ахвяр за ўсю гісторыі працы індыйскіх чыгунак.

У пятніцу ўвечары пасажырскі экспрэс «Шалімар — Чэнай Карамандэл» сышоў з рэек і часткова перавярнуўся на суседнія шляхі, дзе ў яго ўрэзаўся іншы цягнік — экспрэс «Эсванпур — Хаора», які не паспеў скінуць ход.

Пасля гэтага адбылося яшчэ адно сутыкненне, ужо з таварным саставам, які стаяў на шляхах.

Раней паведамлялася пра 288 загінулых. Улады не выключаюць, што гэтая лічба можа быць правільная і нават вырасці, але на дадзены момант ідэнтыфікавана 261 цела.

«Сіла, з якой сутыкнуліся цягнікі, прывяла да таго, што некалькі вагонаў апынуліся цалкам раздушаныя», — кажа Атул Карвал, кіраўнік Нацыянальных сіл рэагавання на стыхійныя бедствы (NDRF).

Выратавальная аперацыя пачалася даволі хутка, кажуць відавочцы. Да месца катастрофы прыбыло больш за 200 машын хуткай дапамогі, на дзяжурства дадаткова былі выкліканыя больш за 100 лекараў.

Многія з пасажыраў, якія выжылі, прыйшлі на дапамогу тым, хто апынуўся ў перавернутых вагонах, выратавальная аперацыя працягвалася ўсю ноч.

Фота getty images

Фота getty images

Да цяперашняга моманту ўсе пасажыры, якія захраснулі пад перакуленымі вагонамі, вынятыя, паведамляюць улады.

На месцы трагедыі з ночы знаходзіцца кіраўнік Міністэрства чыгунак Індыі Ашвіні Вайшно. Прэм'ер-міністр краіны Нарэндра Модзі ў суботу збіраецца наведаць бальніцы, куды былі дастаўлены параненыя пасажыры.

Раней ён выказаў спачуванні сваякам загінулых і пацярпелых.

Адзін з тых, хто выжыў распавёў індыйскаму навінаваму агенцтву ANI, што, калі здарылася аварыя, на яго ўпалі 10-15 чалавек.

«Я пашкодзіў руку і шыю. Калі я выбраўся з вагона, я ўбачыў, што хтосьці страціў руку, хтосьці страціў нагу, а ў кагосьці быў знявечаны твар», — сказаў ён.

У Індыі дзейнічае адна з найбуйнейшых чыгуначных сетак у свеце. Аварыі на чыгунках тут здараюцца досыць часта, нягледзячы на тое, што ўлады інвестуюць сотні мільёнаў даляраў у паляпшэнне інфраструктуры.

Самая маштабная чыгуначная катастрофа ў Індыі адбылася ў 1981 годзе, калі падчас цыклона ў штаце Біхар перапоўнены пасажырскі цягнік зляцеў у раку, у выніку чаго загінула не менш за 800 чалавек.