Шляхам Лукашэнкі. У Расіі — масавыя ператрусы ў журналістаў
Адразу ў некалькіх расійскіх рэгіёнах ідуць ператрусы ў журналістаў. Іх звязваюць са справай аб «ваенных фэйках» супраць экс-дэпутата Дзярждумы Расіі Іллі Панамарова.
У Маскве сілавікі прыйшлі з ператрусам да фатографа Руслана Сухушына, паведаміў «АУС-інфа» са спасылкай на ягоную жонку: «Супрацоўнікі заявілі, што следчыя дзеянні праводзяцца праз допісы ў сацсетках, “якія ганяць войска РФ”, а таксама ў “сувязі з Іллём Панамаровым”».
У Екацярынбургу раніцай у чацвер з ператрусамі прыйшлі да галоўнага рэдактара «Вячэрніх ведамасцей» Уладзіслава Поснікава. Паводле апублікаванага відэазапісу, сілавікі выламалі дзверы ў кватэры журналіста, але ўнутры нікога не выявілі. РІА Навіны і «Коммерсант» са спасылкай на крыніцы паведамілі, што ператрусы прайшлі ў рамках справы аб «ваенных фэйках», заведзенай на экс-дэпутата Іллю Панамарова. Паводле іх звестак, Поснікаў можа быць звязаны з антываенным праектам «Раніца лютага», піша ВВС.
«АУС-інфа» таксама паведаміў пра ператрусы ў Растове-на-Доне ў журналісткі RusNews Бэлы Насібян. Перад ператрусам журналістка выявіла, што ў яе заблакіраваны банкаўскія рахункі.
Сілавікі прыйшлі таксама да журналіста Сяргея Носава ў Арлоўскай вобласці і адміністратара краязнаўчага партала «Орлец» Віктара Зыранава ў падмаскоўным Рэўтаве, паведамляе партал 7x7.
СМІ паведамляюць пра ператрусы ў Цюмені ў журналісткі Юліі Глазавай з «Сібір.Рэаліі».
Па папярэдніх звестках, гэтыя ператрусы таксама звязаны са справай у дачыненні да Іллі Панамарова.
Акрамя таго, паведамляецца пра ператрусы ў падмаскоўным Адзінцове — у чатырох журналістаў і дырэктара партала «Адзінцова-інфа» Андрэя Астравухава. Яны таксама звязаны са справай аб «ваенных фэйках», аднак, па звестках «АУС-інфа», справа была заведзена з-за сямі публікацый на сайце партала. Пра сувязі партала з Іллём Панамаровым нічога невядома.
Ілля Панамароў — дэпутат Дзярждумы Расіі 5 і 6 скліканняў, быў у фракцыі «Справядлівай Расіі». Ён быў адзіным дэпутатам Дзярждумы, які прагаласаваў супраць далучэння Крыма да Расіі ў 2014 годзе. Пасля гэтага быў вымушаны ўцячы з Расіі, жыве ва Украіне. У 2016 годзе Пётр Парашэнка даў яму ўкраінскае грамадзянства.
Справа супраць Панамарова звязана з яго заявай пра тое, што дачку аднаго з ідэолагаў «рускага міра» Дар’ю Дугіну забіла нейкая «Нацыянальная рэспубліканская армія».
Панамароў адпрэчвае свае сувязі з журналістамі, да якіх прыйшлі з ператрусамі. «Ніякіх кантактаў з імі не было. Я з імі не працаваў — ні да 2014 года, ні пасля. Гэта зусім выпадковыя людзі», — заявіў ён тэлеграм-каналу «Можам патлумачыць».
«Я ведаў пра існаванне двух людзей з гэтага спісу раней. Але ніколі з імі не размаўляў. Іх пахапалі проста, каб даць справаздачу. Гэта ў чыстым выглядзе гісторыя для галачкі, якую сабе ставяць расійскія сілавікі», — заявіў Панамароў.