Сысці годна. Спіс апошніх пажаданняў

Штодня мы прымаем безліч рашэнняў, малых і вялікіх, прафесійных і асабістых. За гэтымі  клопатамі нам нестае часу на тое, каб задумацца і вырашыць, якім бы мы хацелі бачыць свой сыход, а тым больш абмяркоўваць гэта. 



1_3.jpg

У нашым грамадстве не прынята размаўляць на тэму смерці. Дзеля таго, каб пераадолець гэта сацыяльнае табу, у верасні 2014 года чэшскае грамадскае аб’яднанне «Cesta Domu» («Вяртанне») распачало інфармацыйную кампанію «Падумайце аб Смерці», якая выклікала шырокі рэзананс не толькі ў Чэхіі, але і далёка за яе межамі.

З дапамогай адмыслова створанага сайта — Thinkaboutdeath.org — кожны мае магчымасць скласці свой асабісты спіс апошніх пажаданняў. Тут можна не толькі выбраць музыку ды вопратку для свайго пахавання, але і выказаць свае страхі перад смерцю ды сфармуляваць апошнюю волю. Гэты спіс застанецца прыватным, і яго не ўбачаць іншыя інтэрнэт-карыстальнікі, але пры жаданні ім можна падзяліцца з сябрамі ў сацыяльных сетках.

Пра мэты кампаніі, яе эфект і планы на будучыню гутарым з Лібарам Ванекам, адным з аўтараў канцэпцыі, і Гэленай Штоганзлавай, менеджарам праектаў «Cesta Domu».

— Як узнікла ідэя такой незвычайнай кампаніі?

Лібар Ванек: Ужо 13 гадоў наша арганізацыя аказвае медыцынскую і псіхалагічную дапамогу людзям з апошнімі стадыямі цяжкіх захворванняў і іх сем’ям. Гэта так званая паліятыўная медыцына, скіраваная на паляпшэнне якасці жыцця пацыентаў, якія паміраюць, мінімалізацыю болю і іншых цяжкіх пабочных эфектаў. Штогод мы праводзім сацыялагічнае апытанне на тэму стаўлення да смерці ў грамадстве. Вынікі такога апытання 2013 года яшчэ раз пацвердзілі, што людзі не любяць размаўляць пра смерць. Больш за тое, іх жаданні адносна свайго сыходу не адпавядаюць рэчаіснасці: 78% рэспандэнтаў сказалі, што яны хацелі б памерці дома, але пра гэтым большасць (69%) памірае ў шпіталях. Пераважна людзі не паспяваюць своечасова сфармуляваць і абмеркаваць сваю апошнюю волю з сем’ямі. Многія ўвогуле ніколі не размаўляюць на тэму смерці. Таму асноўная мэта гэтай інфармацыйнай кампаніі — пераканаць людзей пачаць размаўляць на гэту складаную тэму своечасова. Гэта дапаможа не толькі пераадолець свае асабістыя страхі і самотнасць, але таксама дазволіць родным лепш зразумець і годна выканаць апошнюю волю блізкага ім чалавека.

— На каго ў першую чаргу скіравана кампанія, улічваючы, што яе асноўным інструментам з’яўляецца інтэрнэт?

Гэлена Штоганзлава: Першапачаткова мы планавалі, што нашай асноўнай мэтавай групай будуць маладыя людзі ва ўзросце 20–25 гадоў — найбольш актыўныя інтэрнэт-карыстальнікі. Мы зыходзілі з таго, што моладзі, для якой смерць уяўляецца вельмі аддаленай і даволі абстрактнай перспектывай, будзе крыху прасцей закрануць гэту няпростую і эмацыйную тэму ў размовах са старэйшым пакаленнем: скажам, са сваімі бабулямі і дзядулямі. Яны б сталі своеасаблівымі праваднікамі ў сваіх сем’ях.

Л.В.: Мы былі шчыра здзіўлены, калі заўважылі, што больш за 50% наведнікаў сайта кампаніі — гэта людзі ва ўзросце 35+, пры гэтым 7% з іх складаюць тыя, каму больш за 65 гадоў. Магчыма, гэта вынік таго, што кампанія атрымала шырокі розгалас у традыцыйных СМІ (газетах, ТБ і радыё). Да яе далучыліся знакамітасці — пісьменнікі, артысты, мастакі, — якія разважаюць пра сваё стаўленне да смерці. Хтосьці даў вельмі глыбокія, інтэлектуальныя адказы ў форме эсэ. Іншыя запісалі кароткія відэазвароты. Для многіх гэта быў першы раз, калі яны задумаліся пра смерць, сваю апошнюю волю ды публічна падзяліліся сваімі разважаннямі.

— Якой была рэакцыя грамадскасці?

Л.В.: Вельмі станоўчай. Нешта кшталту: «Нічога сабе! Я ніколі пра гэта не думаў. Гэта цікава». Сродкі масавай інфармацыі падхапілі нашу ідэю, гэта прыцягнула ўвагу шырокіх колаў людзей, што, у сваю чаргу, дазволіла распачаць больш грунтоўную дыскусію ў грамадстве. За тры месяцы ад пачатку кампаніі на нашым сайце пабывала каля 45 тысяч наведнікаў. На сённяшні дзень больш за 800 чалавек стварылі свае анлайн-«спісы апошніх пажаданняў». Вельмі часта такі спіс складаюць сем’ямі: дзеці з бацькамі, унукі з дзядулямі і бабулямі. Кампанія стала мостам паміж пакаленнямі, дапамагла сем’ям зблізіцца, пераадолець парог маўчання. Для нас важнай з’яўляецца не колькасць, а вось гэты працэс дыялогу. Нашы чытачы дзеляцца з намі сваімі вельмі кранальнымі асабістымі гісторыямі.

— А ці вы самі склалі свае спісы апошніх жаданняў?

Г.Ш.: Так, я гэта зрабіла, і гэта быў вельмі цікавы, часам складаны досвед, які прымусіў пераасэнсаваць некаторыя рэчы. Спачатку, калі ты выбіраеш музыку ці вопратку для свайго будучага пахавання, усё гэта падаецца забаўкай. А вось калі я пачала фармуляваць для сябе свае ўласныя страхі перад смерцю, то гэты момант быў вельмі эмацыйным і важным. Крыху паразважаўшы, я падзялілася са сваімі сябрамі ў «Фэйсбуку» толькі часткай свайго спісу, але некаторыя рэчы былі настолькі асабістымі, што іх я пакінула выключна для сябе.

Л.В.: Я яшчэ ў працэсе. Мы робім гэта разам з жонкай.

— Ці плануеце вы пашыраць кампанію за межамі Чэхіі?

Л.В.: Жаданне ёсць, але паколькі кампанія робіцца на нашы ўласныя сродкі і дабрачынныя ахвяраванні, то рэсурсы ў нас абмежаваныя. Аднак гэтай ідэяй вельмі зацікавілася Еўрапейская асацыяцыя паліятыўнай дапамогі, у якой ёсць аддзяленні ў многіх еўрапейскіх краінах, а таксама ў Расіі. Мы спадзяемся, што наша супрацоўніцтва будзе плённым. Нядаўна мы запусцілі англамоўную версію сайта кампаніі. І зараз, дарэчы, шукаем валанцёраў, якія б дапамаглі перакласці і лакалізаваць (падабраць уласцівыя для сваёй краіны прыклады музыкі, вопраткі і іншай атрыбутыкі пахаванняў) наш сайт на іншыя мовы. Калі кагосьці з Беларусі зацікавіць такая магчымасць, калі ласка, пішыце мне на электронную пошту: libor.vanek@cestadomu.cz.

Артыкул падрыхтаваны пры падтрымцы грамадскага аб’яднання «Cesta Domu» (Прага, Чэшская Рэспубліка)