Суд па справе аб забойствах ў Гюмры пройдзе ў Арменіі
Публічны судовы працэс па справе аб забойствах у Гюмры пройдзе ў Арменіі. Пра гэта паведаміў старшыня Следчага камітэта Расіі (СКР) Аляксандр Бастрыкін падчас сустрэчы з прэзідэнтам Арменіі Сержам Саргсянам у Ерэване.
«Правядзенне ў Рэспубліцы Арменія публічнага судовага працэсу стане сведчаннем імкнення абодвух бакоў да справядлівасці і правасуддзя», — заявіў Бастрыкін.
Кіраўнік СКР адзначыў, што дасягнута поўнае паразуменне з Ерэванам і ёсць дакладнае ўяўленне, якой будзе дапамога расійскіх сілавых структур у расследаванні, якое праводзіцца праваахоўнымі
органамі Арменіі.
Па словах Бастрыкіна, дзеянні расійскага следства як у Арменіі, так і ў Расіі будуць нацэлены на ўсебаковае расследаванне абставінаў справы і праверку ўсіх наяўных версій, на выяўленне вінаватых
і забеспячэнне непазбежнасці пакарання.
Падазраваным у здзяйсненні злачынства з'яўляецца расійскі салдат тэрміновай службы Валерый Пермякоў. Ён быў затрыманы пры спробе перасекчы мяжу з Турцыяй і ўжо прызнаў сваю віну. Па
некаторых дадзеных, салдат нібыта вырашыў дэзертыраваць з расійскай ваеннай базы, зайшоў на сваім шляху ў дом папіць вады, а потым застрэліў гаспадароў, баючыся, што яны яго выдадуць.
Забойства было здзейснена раніцай 12 студзеня побач з расійскай ваеннай базай у Гюмры. Забітыя былі членамі адной сям'і: муж з жонкай, іх дачка, сын, нявестка і малалетні ўнук. Па
дадзеных Следчага камітэта Арменіі, забітых расстралялі з аўтамата АК-74. Адзіны хто тады выжыў — паўгадовае дзіця — памерла 19 студзеня ад атрыманых раненняў.