Слава Украіне — лібертарыянцам слава!

Падаецца, што на змену пастулатам нацыяналізму ва Украіне ідуць ідэалагемы малавядомага ў нас вучэння — лібертарыянства.

5ce698791835616f178b4586.jpg

Першы тэму пра тое, што лібертарыянства будзе ідэалагічным компасам каманды Зяленскага, агучыў яшчэ ў красавіку яго намеснік Руслан Франкоў. «У аснове ідэалогіі нашай партыі ляжыць ідэалогія лібертарыянства. Мы з гэтага пачалі фармаваць нашы з ім [Зяленскім] адносіны — ліберальная мадэль эканомікі, ліберальная мадэль адносін, з адпаведнымі нацыянальнымі асаблівасцямі», — сказаў ён.

Споведзь Франкова выклікала ступар у шматлікіх мясцовых палітолагаў, якія мала што чулі пра такую канцэпцыю. Акрамя таго, лібертарыянства нават на Захадзе, дзе яно з’явілася, — экзатычны накірунак, да якога могуць належаць і сацыялісты, і анархісты, і лібералы, і аматары аўстрыйскай школы эканомікі. Адзінае, што ў большай або меншай ступені падзяляюць прадстаўнікі ўсіх пералічаных плыняў — ідэю неабходнасці скарачэння кантролю дзяржавы над асобай, паколькі кожны чалавек мае натуральнае права без удзелу дзяржавы свабодна распараджацца сваім лёсам ды ўласным целам, а таксама вырабленымі ім або атрыманымі падчас добраахвотнага абмену прадметамі ўласнасці.

Хаця пытанне, як далёка трэба прыбраць дзяржаву з жыцця грамадзян, дасюль выклікае спрэчкі. Найбольш памяркоўныя гатовыя абмежавацца тым, што дзяржава адмовіцца ад субсідый гаспадарчым суб’ектам. Больш радыкальныя лічаць, што падаткі на чыноўнікаў — гэта анамалія, і ўсе паслугі дзяржавы могуць надаваць за адпаведную плату прыватныя сэрвісныя цэнтры. Самыя ваяўнічыя лібертарыянцы агітуюць за ідэю «добраахвотнага» (кантрактнага) рабства і адмену абавязковай сярэдняй адукацыі.

Цяжка сказаць, якім чынам канцэпты лібертарыянства прасачыліся ў галовы атачэння Зяленскага. Прынамсі, дасюль на прасторы экс-СССР тэрмін «лібертарыянства» выклікаў асацыяцыю хіба што з Яўгеніяй Дзебранскай — скандальнай маскоўскай актывісткай, якая пачынала ў Дэмакратычным Саюзе з Валерыяй Навадворскай, а закончыла пад дахам створанай ёю Лібертарыянскай партыі. Прычым, нацысты не рызыкавалі атакаваць акцыі Дзебранскай праз яе былы шлюб з Аляксандрам Дугіным — аўтарам еўразійскай тэорыі, якую вельмі любіць расійскі афіцыёз.

 Фота www.etcetera.media

 Фота www.etcetera.media

Можна меркаваць, што лібертарыянства зацікавіла маладых украінцаў праз уласцівую яму крытыку дзяржавы як неэфектыўнага для грамадства інстытута-паразіта. Большасць дэпутатаў «Слугі народа», як, дарэчы, і сам Зяленскі, выйшлі з колаў малога і сярэдняга бізнесу, якому дзяржава ніяк і ніколі не дапамагала. Наадварот, кантакты з чыноўнікамі для гэтых людзей былі сінонімам бюракратычнай валакіты або дзяжурных хабараў.

Таму няма сумневаў, што большасць фракцыі «Слуга народа» прагаласуе за пакет пра сыход украінскай дзяржавы са шматлікіх сфераў гаспадаркі, які днямі агучыў намеснік старшыні Офіса прэзідэнта Аляксей Ганчарук. Паводле яго, у хуткім часе плануецца прыватызацыя зямлі, дзяржаўных банкаў, дзяржаўных манаполій, мясцовай чыгункі і ўкраінскай версіі нашай Белпошты.

З улікам таго, што на дварэ сезон адпачынкаў, а рэсурс даверу да Зяленскага дастаткова вялікі, тэма будучай прыватызацыі не выклікала інтарэсу сярод простых людзей. Затое на ўзроўні экспертаў хапае крытыкі. Паколькі ўкраінскі нацыянальны буйны капітал не можа цягацца паводле свайго ўплыву і рэсурсах з міжнароднымі гульцамі, галоўнымі пакупнікамі большасці прывабных аб’ектаў гаспадаркі стануць замежныя кампаніі.

Найбольш балючым для ўкраінцаў, як постсялянскай нацыі, у такой перспектыве выглядае продаж замежнікам зямлі. У масавай свядомасці прыход на ўкраінскую зямлю іншаземца ўспрымаецца як нейкая ментальная траўма. Хаця, па сутнасці, замежныя аграфірмы і так даўно працуюць тут праз складаныя ценявыя схемы. Тым не менш, комплекс віны за «продаж Радзімы» будзе дакладна намагацца выкарыстаць апазіцыя. Прынамсі, Юлія Цімашэнка абяцае ледзь не акцыі грамадзянскай непакоры ў выпадку з’яўлення адпаведнага законапраекта ў Вярхоўнай Радзе.

З іншага боку, хутка той жа закон пра продаж зямлі правесці не атрымаецца. Для гэтага спатрэбіцца спачатку стварыць зямельны кадастр, пасля — крэдытныя праграмы для фермераў, якія жадаюць набыць зямлю і, адпаведна, стварэнне зямельнага банку. Колькі гэта запатрабуе часу, ніхто не ведае. Між тым, палітолагі лічаць, што лібертарыянства — гэта часовы кан’юнктурны крок, паколькі ў партыі «Слуга народа» большасць падтрымлівае нацыяналістаў і сацыял-дэмакратаў. Згаданыя фракцыі пачнуць вызначацца і самаідэнтыфікавацца падчас дэбатаў наконт прыватызацыі, і хутка створаць свае праекты, пахаваўшы цяперашні лібертарыянскі фінт.