Süddeutsche Zeitung: Пуцін пагражаў за два дні захапіць еўрапейскія сталіцы

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка распавёў старшыні Еўракамісіі Жазэ Мануэлю Барозу пра тое, што Уладзімір Пуцін пагражаў «узяць за два дні» Варшаву, Рыгу, Талінн, Вільнюс альбо Бухарэст, піша нямецкае выданне Süddeutsche Zeitung.



pu1.jpg

Пра такую размову з расійскім лідэрам Парашэнка паведаміў Барозу падчас сустрэчы ў Кіеве ў пятніцу, 12 верасня, піша SZ са спасылкай на кароткі пратакол гутаркі кіраўнікоў украінскай дзяржавы і Еўракамісіі ад Службы замежных спраў ЕС, які ёсць у распараджэнні рэдакцыі.

Па дадзеных SZ, украінскі прэзідэнт нібыта спаслаўся на словы Пуціна пра тое, што той, «калі б захацеў, то расійскія войскі праз два дні маглі б быць не толькі ў Кіеве, але і ў Рызе, Вільнюсе, Таліне, Варшаве або Бухарэсце».

Як адзначаецца ў сціслай вытрымцы з пратаколу размовы прэзідэнтаў Украіны і Еўракамісіі, Парашэнка ўспомніў словы Пуціна, каб даць Барозу зразумець, наколькі эмацыйна лідэр РФ рэагуе на ўздзеянне Еўрасаюза ў краінах-суседзях Расіі.

Па словах Парашэнкі, расійскі прэзідэнт таксама паведаміў яму аб магчымасці свайго ўплыву на некаторыя краіны ЕС дзякуючы двухбаковым кантактам. Гэты ўплыў, растлумачыў Парашэнка, Пуцін нібыта можа выкарыстоўваць з тым, каб заблакаваць непажаданыя для Расіі рашэнні Еўрапейскага Савета.

Да гэтага часу Пуцін публічна не выказваў пагроз ваеннага гвалту краінам-сябрам НАТО ці Еўрасаюза, нагадвае газета. Аднак вядома, што ў размове з Барозу ў канцы жніўня Пуцін прыгразіў тым, што пры існуючым жаданні можа «заняць Кіеў на працягу двух тыдняў».