Рэкорд дзесяцігоддзя. Літва за год затрымала кантрабандныя цыгарэты на больш чым 73 млн еўра
Літоўская мытня паведамляе аб рэкорднай колькасці кантрабандных цыгарэт, перахопленых у 2021 годзе. За год мытнікі затрымалі амаль 19 млн пачкаў цыгарэт і 60 тон тытунёвай сыравіны коштам больш за 73 млн еўра. Гэта рэкорд за апошнія 10 гадоў.
Большасць цыгарэт (75%) затрымліваюць на беларускай мяжы, але з узмацненнем кантролю на беларускай мяжы кантрабандысты сталі актыўна шукаць новыя маршруты, напрыклад з Латвіі ў Літву. За апошнія месяцы мінулага года літоўская мытня затрымала тры буйныя партыі цыгарэт, якія прыбылі праз Латвію, паведамляе REFORM.by.
Мытнікі адзначаюць, што колькасць спробаў правезці кантрабанду чыгуначным транспартам павялічылася ўтрая, але большасць цыгарэт трапляе ў Літву ў грузавых аўтамабілях. Большая частка перахопленых цыгарэт (84%) зроблены на тытунёвай фабрыцы «Нёман».