Памежная ахова Польшчы падпісала кантракты на будаўніцтва плота на мяжы з Беларуссю

Польская памежная ахова падпісала дамовы на будаўніцтва плота на мяжы з Беларуссю. Пра гэта на прэс-канферэнцыі заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Мацей Вонсік.

zabor1_1.jpg


Намеснік галоўнага каменданта пагранічнай аховы Віялета Гаржкоўска назвала будаўніцтва плота найбуйнейшай інвестыцыяй. Яго працягласць складзе 186 км. Будоўля будзе падзелена на чатыры ўчасткі, працы на якіх будуць ісці адначасова. Металічныя канструкцыі для загароды будуць пастаўляць тры кампаніі. Будаўнічыя работы будуць весці кампаніі Budimex і кансорцыум Unibep і BUDREX, паведамляе REFORM.by.

На ўзвядзенне плота спатрэбіцца 50,1 тыс. т металаканструкцый, будзе ўстаноўлена больш за 40 тыс. слупоў, таксама плануецца, што ў загародзе зробяць больш за 20 варот, якія будуць адкрывацца ў тым ліку для міграцыі жывёл. Вышыня плота складзе больш за 5 метраў. Ён будзе мець навесы з калючага дроту. Плануецца таксама ўсталяваць сістэмы відэаназірання, электроннай сігналізацыі.

У далейшым Памежная ахова павінна выбраць выканаўцаў на заказ для стварэння сістэмы электроннага назірання для плота. Са слоў Гаржкоўскай, яшчэ ідзе праца над тэхнічным заданнем. Чакаецца, што выканаўцу выберуць у бліжэйшыя тыдні.

Будаўнічыя работы плануецца скончыць у чэрвені 2022 года.