Беларусь высылае польскага консула з Брэста

«Мы не бачым магчымасці для далейшай працы супрацоўніка генконсульства Польшчы на тэрыторыі Беларусі», — сказаў 5 студзеня журналістам прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз.

de6b5ab7_1c21_44e3_b06b_acc0064b4be1_w1023_r1_s.jpg


Анатоль Глаз заявіў, што супрацоўнікі генконсульства Польшчы ў Брэсце арганізавалі спробу ўцёкаў падазраванага ў здзяйсненні ДТЗ са смяротным зыходам грамадзяніна Польшчы.

Паводле прэс-сакратара МЗС, грамадзянін Польшчы на тэрыторыі Беларусі нібыта ўчыніў ДТЗ, у якім загінулі дзве дзяўчыны-беларускі, у сувязі з чым стаў падазраваным па крымінальнай справе і яму часова абмежавалі права выезду з Беларусі.

«Аднак 3 студзеня, каб пазбегнуць адказнасці, гэты грамадзянін паспрабаваў пакінуць нашу краіну і схавацца на тэрыторыі Польшчы, але быў затрыманы памежнікамі. Намі дакладна ўстаноўлена, што спробу ўцёкаў ініцыявалі і арганізавалі супрацоўнікі генеральнага консульства Польшчы ў Брэсце», — заявіў Глаз.

ДТЗ з удзелам фуры і легкавога аўтамабіля Lada адбылося ў Івацэвіцкім раёне 30 снежня. За рулём грузавога аўтамабіля знаходзіўся 22-гадовы паляк. У выніку аварыі загінулі дзве пасажыркі Lada 1986 і 1990 гадоў нараджэння, расказвае Reform.by.

Як растлумачыў афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці Руслан Зармаеў, падазраваны па справе (ч. 3 арт. 317 КК) — 22-гадовы Пшэміслаў Збуцкі. Яго фура сутыкнулася са спадарожным легкавым аўтамабілем, калі перастройвалася ў левую крайнюю паласу. Бацька маладога чалавека, Яраслаў Януш Збуцкі, які ехаў разам з ім, праходзіць па справе сведкам. Да Пшэміслава была ўжытая мера працэсуальнага прымусу ў выглядзе часовага абмежавання права на выезд з краіны, з чым ён быў пісьмова азнаёмлены пад роспіс. Аднак малады чалавек паспрабаваў выехаць з Беларусі ў Польшчу і быў затрыманы ў пункце пропуску «Брэст».