Рауль Кастра заявіў, што пакідае пасаду кіраўніка кампартыі

Чакаецца, што Камуністычную партыю Кубы ўзначаліць яго пратэжэ, піша golosameriki.com.

756185983468477.jpg


Рауль Кастра пацвердзіў, што сыходзіць з пасады кіраўніка Камуністычнай партыі Кубы — адзінай палітычнай партыі краіны. Рауль Кастра і яго нябожчык брат Фідэль кіравалі Кубай з 1959 года.
У сваёй прамове на з'ездзе Камуністычнай партыі, 89-гадовы Кастра заявіў, што ў новым партыйным кіраўніцтве павінны быць адданыя камуністы "поўныя жарсці і антыімперыялістычнага духу". З'езд праводзіцца кожныя пяць гадоў і праходзіць у закрытым рэжыме, некаторыя ўрыўкі выступленняў транслююцца па дзяржаўным ТБ.
У 2018 годзе Рауль Кастра перадаў пасаду прэзідэнта краіны свайму пратэжэ Мігелю Дыяс-Канелю. У прамове на з'ездзе ён назваў 60-гадовага Дыяс-Канеля прадстаўніком новага пакалення лідараў краіны.
Змена ўлады на Кубе праходзіць у перыяд самага цяжкага эканамічнага крызісу пасля распаду СССР —доўгачасовага спонсара рэжыму Кастра.
Многія аналітыкі перакананыя, што Кастра застанецца самай уплывовай фігурай на Кубе.