Прэм'ер Літвы: Расія не выконвае Мінскія пагадненні — санкцыі трэба падоўжыць
Калі Расія да канца года не ўвасобіць у жыццё Мінскія пагадненні, санкцыі павінны быць аўтаматычна падоўжаныя, мяркуе літоўскі прэм'ер-міністр Альгірдас Буткявічус.
Фота: delfi.lt
Літоўскі прэм'ер сказаў гэта на сустрэчы кіраўнікоў ўрадаў краін Балтыі і Украіны. Мэта сустрэчы палітыкаў — прыцягнуць увагу да працяглага канфлікту ва Усходняй Украіне і абмеркаваць ход рэалізацыі Мінскіх пагадненняў.
"Расіі варта нагадаць пра абавязальніцтвы Мінскіх пагадненняў. Калі Мінскае пагадненне не будзе належным чынам праведзена ў жыццё да канца гэтага года, то санкцыі павінны быць аўтаматычна падоўжаныя", — сказаў прэм'ер Альгірдас Буткявічус.
Падчас сустрэчы Буткявічус паўтарыў, што выбары ў мясцовыя органы ўлады ва Украіне праходзілі дэмакратычна, і гэта важны крок да ўмацавання дэмакратыі ў краіне. Ён таксама нагадаў, што Літва падтрымлівае рэформы Кіева ў найважнейшых сферах.
Удзельнікі сустрэчы таксама абмеркавалі прагрэс Украіны ў справе дасягнення бязвізавага рэжыму з Еўразвязам і пытанні рэалізацыі Дамовы Украіны з ЕС аб асацыяцыі ў частцы свабоднага гандлю.
"Вельмі важна да канца года правесці ў жыццё план дзеянняў па лібералізацыі візавага рэжыму. Мы чакаем станоўчага рашэння Еўракамісіі адносна бязвізавага рэжыму з ЕС для Украіны ў снежні", — сказаў Буткявічус.