ЗША: ці пераможа палітычнае варварства?
Трамп
па-майстэрску валодае мовай нянавісці і заахвочвае сваіх прыхільнікаў да
ўжывання гвалту. Ён выказвае захапленне такімі асобамі, як Пуцін, і падвойвае
традыцыйную для сучаснай амерыканскай палітыкі «вайну з тэрорам», каб пасеяць
страх і паранойю, у сваіх мэтах.
У прэзідэнцкай гонцы ў ЗША склалася беспрэцэдэнтная сітуацыя. Сярод дэмакратаў і рэспубліканцаў уражваючы поспех атрымалі кандыдаты-аўтсайдары, якія раней не ўспрымаліся як сур’ёзныя канкурэнты, — Дональд Трамп і Берні Сандэрс.
Нягледзячы на тое, што ўжо зразумела: Берні Сандэрс не будзе кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі, тым не менш яго адносны поспех на гэтым флангу амерыканскай палітыкі больш варты ўвагі, чым непазбежнасць «машыны» Клінтан.
Мінула стагоддзе з таго моманту, як у ЗША ў прэзідэнцкай гонцы настолькі паспяхова ўдзельнічаў адкрыты сацыяліст. Гэтак жа, як з другога боку яшчэ ніколі не высоўваўся дэмагог-экстрэміст, які не мае нічога агульнага з ідэалогіяй кансерватызму.
Чаму такія змены адбываюцца ў абедзвюх галоўных партыях ЗША?
Бліжэй да Еўропы
Амерыканская палітыка стала больш падобнай да еўрапейскай, нягледзячы на культурныя і гістарычныя адрозненні. Прычына таго — абодва кантыненты ўвайшлі ў новую, неспакойную фазу свайго сацыяльнага развіцця пасля больш чым паўстагоддзя стабільнасці, росквіту і бяспекі.
Моцныя макраэканамічныя трэнды, у асноўным спалучэнне дэіндустрыялізацыі і глабалізацыі, зруйнавалі жыцці мільёнаў людзей і прывялі да змен у сацыяльных структурах па ўсім свеце. Высокі ўзровень беспрацоўя і канцэнтрацыя багаццяў у вельмі вузкіх колах — дзве найбольш відавочныя праявы гэтых працэсаў. Па абодва бакі Атлантыкі гэта прывяло да паглыблення пачуцця сацыяльнага заняпаду і палітычнай разгубленасці для многіх простых людзей.
У дадатак ЗША і ЕС апынуліся пад ціскам знешніх выклікаў бяспецы з Усходу і Поўдня. У Еўропе яны прадстаўлены аўтарытарнай і рэваншысцкай Расіяй, а таксама хвалямі мусульманскіх бежанцаў. Для Амерыкі гэта ў асноўным эканамічны і вайсковы выклік з боку дынамічнага Кітая і трызненні пра вялізную колькасць нелегальных імігрантаў з Мексікі. Асаблівасць ЗША ў тым, што і Кітай, і мексіканскія імігранты абвінавачваюцца амерыканскім грамадствам у эканамічных праблемах краіны.
Усё гэта прывяло да парушэння сацыяльнага паразумення, якое было асновай даўніх палітычных механізмаў. Няздольнасць прадстаўнікоў традыцыйных партый улічыць ці хаця б зразумець сур’ёзнасць перманентных эканамічных праблем вылілася ў стагнацыю палітычнага класа і зніжэнне масавай падтрымкі насельніцтва. Гэта адкрыла магчымасці для з’яўлення нетрадыцыйных, нават экстрэмісцкіх, кандыдатаў — правых і левых, — якія зараз маюць большы водгук, чым нехта мог яшчэ нядаўна падумаць.
Вось чаму Сандэрс і Трамп непадобныя да іншых амерыканскіх палітыкаў, сучасных ці з нядаўняга мінулага.
Сацыяліст і дэмагог
Сандэрс ганарліва называе сябе «дэмакратычным сацыялістам», што звычайна (і нават мэйнстрымна) для еўрапейскага палітычнага спектра. Аднак у ЗША, дзе такога не было з часоў сацыяліста Юджына Дэбса, гэта сапраўды шакуе.
Трамп таксама вельмі падобны да некаторых еўрапейскіх палітыкаў значна больш, чым да амерыканскіх. Ён — прадстаўнік амерыканскай галіны еўрапейскага сямейнага дрэва, да якога належаць Берлусконі, Орбан, Ле Пэн і Эрдаган (цікава, што Трампа і турэцкага лідара збліжае таксама схільнасць выкарыстоўваць закон у абароне іх крохкага эга). Як і яго еўрапейскія стрыечныя браты, Трамп грае на страхах мільёнаў звычайных людзей для дасягнення сваіх палітычных мэтаў. Яго абяцанне «зрабіць Амерыку зноў вялікай» абуджае найгоршыя інстынкты краіны.
Як і ўсе дэмагогі-папулісты, Трамп прапануе простыя тлумачэнні («Кітай ашуквае ў гандлёвых здзелках») і спрошчаныя рашэнні («збудуем Сцяну») складаных праблем. Пагардліва ставячыся да мусульман і мексіканцаў, ён прадстаўляе іх як жахлівую цемнаскурую пагрозу з пустынных земляў. Трамп выкарыстоўвае твітар як «гвіздак для сабакі» (бязгучны для звычайных людзей і горн для заўзятараў Трампа), пасылаючы закадаваныя экстрэмісцкія пасланні, каб здабыць палітычную энергію з ірацыянальнай нянавісці, уключна з расізмам. Тыповым прыкладам тут з’яўляецца заклік «вярнуць нашу краіну», што негалосна азначае: краіну трэба вярнуць, бо яе «скраў» чорны «мусульманскі» прэзідэнт, які «нарадзіўся ў Кеніі».
Такім і рознымі іншымі спосабамі Трамп разумна выкарыстоўвае разгубленасць перад «сістэмай» бедных белых амерыканцаў і заахвочвае іх накіроўваць свой гнеў на чорных, мексіканцаў, іншаземцаў, палітыкаў, інтэлектуалаў і іншых «ворагаў» як крыніцу праблемаў краіны.
Па статыстыцы, чым больш бедны і
менш адукаваны чалавек, тым большая верагоднасць, што ён падтрымае Трампа. На
гэта ён і зрабіў стаўку. У хамаватых выступах такія людзі бачаць кагосьці
вельмі падобнага да іх, а ў яго пустым фінансавым поспеху — надзею для сябе і
нават для краіны.
Што яшчэ горш, Трамп
па-майстэрску валодае мовай нянавісці і заахвочвае сваіх прыхільнікаў да
ўжывання гвалту. Ён выказвае захапленне такімі асобамі, як Пуцін, і падвойвае
традыцыйную для сучаснай амерыканскай палітыкі «вайну з тэрорам», каб пасеяць
страх і паранойю ў сваіх палітычных мэтах.
Ён абяцае выкарыстаць «сапраўдныя»
метады катаванняў, якія «намнога горшыя», чым утапленне, а таксама ў якасці
помсты пакараць сямейнікаў вядомых тэрарыстаў. Гэта бессаромныя абяцанні
ажыццявіць ваенныя злачынствы — зразумелыя і простыя. Такое квазіфашысцкае
пасланне, паўстанне культу гвалту вітаецца з энтузіязмам мільёнамі звычайных
амерыканцаў. Сумна, але аўтарытарызм часта папулярны.
У Еўропе лідар такога тыпу стварыў бы сваю палітычную партыю, каб прыцягнуць і заахвоціць прыхільнікаў. Але ў ЗША няма шматпартыйнай сістэмы і ніколі ў сучаснай гісторыі альтэрнатыўная дэмакратам і рэспубліканцам «трэцяя партыя» не атрымлівала істотнай падтрымкі на нацыянальных выбарах. Замест таго з’явіліся кандыдаты-аўтсайдары ў абедзвюх партыях, але што адрознівае гэты выбарчы цыкл — Сандэрс, і ў большай ступені Трамп, скарысталіся з нарастаючага гневу выбарцаў і прывабнасці нетрадыцыйных заклікаў левага і правага характару. Тым не менш, гэтыя выклікі з боку аўтсайдэраў у дзвюх партыях разыгрываюцца зусім па-рознаму.
Дэмакратычную партыю, дагэтуль даволі функцыянальную, узначальвае Хілары Клінтан, прадстаўнік сямейнай палітычнай дынастыі, якая мае глыбокія і ўплывовыя карані ў партыі. Яна не страціла сваю хватку, таму Сандэрс, які нечакана добра выступіў у спаборніцтве, звяртаючыся да студэнтаў і інтэлігенцыі, не выйграе гонку за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты. Аднак яго пасланне дагэтуль знаходзіць шырокі водгук і сімпатыі ў Дэмакратычнай партыі. Ідэі Сандэрса, але не яго асоба, могуць мець моцны ўплыў на выбары гэтай восенню і нават пазней.
Папулізм і маніпуляцыі
У Трампа няма ні сваёй сеткі ў Рэспубліканскай партыі, ні традыцыйных для гэтай партыі поглядаў. Ён не асабліва кансерватыўны і ў мінулым часта і адкрыта займаў ліберальныя пазіцыі па розных пытаннях. Гэта павінна было б стаць вялізнай слабасцю яго кампаніі сярод рэспубліканцаў, але, як ні дзіўна, гэта не так. Прычына палягае ў тым, што папулісцкае пасланне і разумная маніпуляцыя СМІ не патрабуюць традыцыйных палітычных тэхнік або арганізацыйнага апарату для атрымання масавай падтрымкі.
Трамп паспяхова разбіў слабых апанентаў-рэспубліканцаў, што прадэманстравала хранічны разброд і фрагментарызацыю партыі, якая доўга трымалася на непаслядоўных палітычных кааліцыях, адсюль — гіперрэлігійнасць ў сацыяльных пытаннях, вера ў неўмяшанне ў эканоміку і мілітарызацыя знешняй палітыкі. Такая камбінацыя даволі добра працавала ў мінулым, дзякуючы ігнараванню вельмі моцнага напружання паміж яе трыма элементамі. Менавіта адсутнасць нейкіх базавых прынцыпаў дазваляе Трампу выйсці па-за межы гэтых трох слупоў рэспубліканства, пакуль ён робіць стаўку на брутальны папулісцкі шарм у здабыванні галасоў.
Такім чынам, зараз атаман варвараў Трамп накіроўвае сваё раз’юшанае, нямытае войска паслядоўнікаў да брамы аслабленай Рэспубліканскай партыі, расколатай і безабароннай цытадэлі, якая дэманструе ўсе прыкметы таго, што не вытрымае атакі.
З гэтага пункту гледжання, толькі дзве перашкоды стаяць паміж Дональдам Трампам і прэзідэнцтвам. Першая — з’езд Рэспубліканскай партыі ў чэрвені, на якім яе кіраўніцтва ўсё яшчэ будзе мець магчымасць выкарыстаць статут і таемныя пагадненні для звяржэння кандыдатуры Трампа. Ён пагражае «мяцяжом», аднак масавыя хваляванні могуць здацца меншым злом для лідараў рэспубліканцаў у параўнанні з распадам партыі ў выпадку перамогі Трампа. Але ў рэальнасці ніхто не можа спрагназаваць, чым скончыцца барацьба на з’ездзе.
Другая перашкода — Хілары
Клінтан і дэмакраты на агульным галасаванні ў лістападзе. Прынята лічыць, што
Клінтан адназначна выйграе ў Трампа, але такое пераацэньванне яе як кандыдата
можа быць небяспечным. Стыль Клінтан механічны, прадуманы і нібыта пазбаўлены
жыцця, яна вядомая сваімі адказамі на ўсе пытанні ў форме планаў з 10 пунктаў і
заўсёды мела праблемы з камунікацыяй з простымі людзьмі.
З гэтым кантрастуе стыль Трампа. Ён эмацыянальны, апелюе да інстынктаў, ён неахайны і непаслядоўны, як дэбашыр на вечарыне. Трамп выглядае ў вачах многіх людзей як «звычайны хлопец». Яго прапанова простых адказаў на ўсе праблемы і выразнае вылучэнне ворагаў эмацыянальна адпавядае многім раззлаваным і спалоханым амерыканцам.
Такім чынам, можна спадзявацца на жыццёвую мудрасць амерыканцаў і на тое, што Хілары Клінтан прыме прысягу ў якасці новага прэзідэнта ў студзені 2017 года. Але мы таксама павінны памятаць, што гісторыя ХХ стагоддзя выслана касцямі тых, хто пацярпеў паразу, загадзя прадбачваючы трыумф. Усё ж будзем спадзявацца, што палітычнае варварства саступіць больш цывілізаваным памкненням.
Пітар Крахт — дырэктар выдавецтва Пітсбургскага ўніверсітэта, з адметнай выдавецкай кар'ерай, якая ўключае рэдактарскія і кіраўнічыя пасады ў такіх выдавецтвах, як Oxford University Press, Westview Press, Harper Collins ды Praeger Publishers. Мае дыплом Універсітэта Масачусетса па рускай і ўсходнееўрапейскай гісторыі, а таксама навучаўся ў аспірантуры Калумбійскага ўніверсітэта па тэме савецкай палітыкі, міжнароднай бяспекі і замежных адносін.