Перад прыездам Пуціна на могілках у Санкт-Пецярбургу дэзінфікавалі снег

27 студзеня перад прыездам прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна на Піскароўскія могілкі ў дзень зняцця блакады Ленінграда там дэзінфікавалі снег.

Уладзімір Пуцін на Піскароўскіх могілках

Уладзімір Пуцін на Піскароўскіх могілках


Пра гэта расказала «Новой газете» супрацоўніца мемарыяла экскурсавод Маргарыта Нікалаева.
«Прыкладна за паўгадзіны [да візіту Пуціна] прыехала спецмашына, адтуль выйшлі людзі, апрацавалі нечым гурбы і з'ехалі, — распавяла Маргарыта Нікалаева. — Снег раней ніколі не апрацоўвалі».
Падрабязнасці аб антыкавідных мерах падчас візіту Пуціна Маргарыта Нікалаева таксама распавяла ВВС. Тых, хто нёс вянок, паводле Нікалаевай, «прывезлі на асобнай машыне, і ніхто да іх не падыходзіў увогуле, акрамя прэзідэнта непасрэдна на ўскладанні».
Работнікі мемарыяла абмяркоўвалі паміж сабой, што «вянканосцы» да мерапрыемства знаходзіліся на каранціне. Раней паведамлялася пра каранцін для тых, хто абслугоўвае прэзідэнта Расіі ці з ім сустракаецца.
Уладзімір Пуцін 27 студзеня ўсклаў вянок да манумента «Маці-Радзімы» і букет да брацкай магілы, дзе, паводле слоў суразмоўцы ВВС, пахаваны яго брат.
Кадры, дзе Пуцін ідзе па Піскароўскіх могілках, а пецябуржцы стаяць за агароджай могілак, выклікалі вялікі рэзананс. Людзей на могілкі не пускалі з раніцы, да ад’езду Пуціна, ім давялося чакаць за агароджай, нягледзячы на снегапад і мароз. На сайце мемарыяла была абвестка, што могілкі зачыненыя для наведвання да 15:00. Прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў сказаў ВВС, што з прычыны візіту Пуціна людзей «прасілі пачакаць 10-15 хвілін».