Пад Іркуцкам разбіўся грузавы самалёт беларускай авіякампаніі «Гродна» (абноўлена)
Самалёт Ан-12 беларускай авіякампаніі «Гродна» разбіўся пад Іркуцкам. Борт рухаўся па маршруце Якуцк — Іркуцк.
«Паводле папярэдніх дадзеных, месца падзення знойдзена — гэта раён вёскі Піваварыхі, недалёка ад аэрадрома. Самалёт пры пасадцы заходзіў на другі круг і знік з радараў», — расказалі ў Сібірскім авіяцыйна-пошукавым выратавальным цэнтры, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на ТАСС.
Паводле звестак МНС, на борце знаходзіліся восем чалавек. Пры падзенні Ан-12 загарэўся.
«Пажарна-выратавальныя падраздзяленні прыбылі на месца. Адбываецца загаранне самалёта», — сказаў суразмоўца агенцтва. Цяпер праводзіцца пошукава-выратавальная аперацыя, ідзе ліквідацыя пажару.
Як удакладнілі ў экстраных службах, самалёт ахоплены полымем, побач з ім гарыць трава, пажар пакуль не патушаны.
Паводле дадзеных кіраўніка раёну, на борце знаходзіліся толькі два пілоты.
Раней паведамлялася, што борт, які выконвае рэйс Якуцк — Іркуцк, знік з экранаў радараў над Іркуцкай вобласцю. Борт належыць беларускай авіякампаніі «Гродна». Самалёт выконваў грузавы рэйс.
Як паведамляе "Наша Ніва", у складзе экіпажу самалёта Ан-12 было трое беларусаў: штурман Сяргееў Андрэй, інжынеры Гармоненка Дмітрый і Максім Карпук.
Агулам на борце было 7 чалавек: двое грамадзян Украіны, двое расіян і трое беларусаў.
Вядома, што самалёт вёз тавары народнага спажывання ў чукоцкі аэрапорт Кепервеем. Стартаваў лайнер у Беларусі і туды ж павінен быў вярнуцца.