Навуковае пірацтва
Студэнтка з Казахстана стварыла сайт, які дапамагае ўсім навукоўцам свету
У свеце навукі адна з галоўных праблем — доступ да навуковых прац. Ён каштуе вельмі дорага: за адну працу можна заплаціць 30 даляраў, а даследчыкам часам трэба прачытаць дзясяткі і нават сотні дакументаў. У выніку многія навукоўцы вымушаныя ў літаральным сэнсе займацца здабычай навуковых прац. Студэнтка з Казахстана Аляксандра Элбакян вырашыла, што гэта несумленна, і стварыла сайт Sci-Hub, дзе можна амаль любую працу спампаваць бясплатна. Сайт стаў настолькі папулярным, што найбуйнейшае навуковае выдавецтва Elsevier падало да сайта іск.
Доступ да навуковых прац каштуе настолькі дорага, што на яго не хапае грошай нават у Гарвардскага універсітэта. Нядаўна 15 тысяч навукоўцаў падпісалі зварот, у якім заклікалі байкатаваць выдавецтва Elsevier, паколькі яно прадае навуковыя працы за казачныя грошы.
Прыбытак выдавецтва складае больш за мільярд даляраў, тады як навукоўцы не атрымліваюць за публікацыі нічога. Часцяком у іх няма нават доступу да сваіх уласных прац, паколькі ў іх універсітэтаў можа не быць падпіскі. Каб часопіс Cognition апублікаваў працу ў адкрытым доступе, даследчык павінен заплаціць больш за дзве тысячы долараў. Пры гэтым без публікацый у аўтарытэтных часопісах ў навуковым свеце нельга зрабіць кар'еру — атрымліваецца замкнёнае кола.
Як следства, навукоўцам (прычым нават з высокарэйтынгавых заходніх ВНУ) даводзіцца неяк выкручвацца, каб знайсці неабходныя работы. Напрыклад, яны стварылі спецыяльныя форумы, на якіх просяць калег пераслаць тую ці іншую працу. Для тых жа мэт у твітэры ёсць “прафесійны” хештэг — #icanhazpdf.
Аляксандра Элбакян, якая вучылася ў казахскіх нацыянальным тэхнічным універсітэце, таксама сутыкнулася з тым, што не магла дазволіць сабе куплю дарагіх артыкулаў. І яна вырашыла з гэтым змагацца. У 2011 годзе Элбакян стварыла сайт Sci-Hub. Ён працуе так: пры запыце правяраецца, ці ёсць патрэбная работа ў базе дадзеных іншага сайта LibGen (таксама пірацкі); калі не, то алгарытм абыходзіць пэйвол на сайце выдавецтва ці патрэбнага часопіса. Ключы доступу прадастаўляюць тыя навукоўцы, універсітэты якіх падлучаныя да той ці іншай базе дадзеных. Кожны раз артыкул, запытаны ўпершыню, дадаецца ў базу LibGen. Пры наступным запыце Sci-Hub павінен браць яе адтуль.
У лістападзе 2015 году суд у Нью-Ёрку пастанавіў адабраць дамен sci-hub.org. У LibGen дамен таксама адабралі. Выдавецтва Elsevier запэўнівала суд, што пры дапамозе Sci-Hub у яго штодня запампоўваюць тысячы работ у дзень. Элбакян распавядае, што калі лічыць усе выдавецтвы і часопісы, то размова ў цэлым ідзе пра сотні тысяч артыкулаў. Пры гэтым з кожнай запампаванай працай сайты становяцца ўсё больш і больш незалежнымі — ім трэба ўзяць дакумент толькі адзін раз.
Elsevier ацэньвае свае страты ў 750-150 000 даляраў за кожную запампаваную працу, гэта значыць гаворка можа ісці пра мільярды даляраў сукупных страт. Зрэшты, верагодна, у амерыканскі суд ніхто не з'явіцца: серверы Sci-Hub і LibGen знаходзяцца ў Расіі і Нідэрландах, а сайты ўжо працуюць на іншых даменах.
Аляксандра Элбакян выступае за свабоду распаўсюду інфармацыі. У лісце ў амерыканскі суд яна раскрытыкавала выдавецтва Elsevier за тое, што яно вывуджвае у навукоўцаў грошы.
“З сэнсавага боку пытання пірацтва — гэта капіраванне інфармацыі, пры якім прадукту — інфармацыі — становіцца больш, тады як пры крадзяжы ў аднаго суб'екта прадмет знікае, а ў другога — з'яўляецца. Гэта прынцыпова важныя адрозненні! Досыць вядомае выказванне, што прыпісваецца Будзе, абвяшчае: "Тысячы свечак можна запаліць ад адзінай свечкі, і жыццё яе не стане карацей. Шчасця не становіцца менш, калі ім падзяліцца". Можна дадаць, што інфармацыі не становіцца менш, калі яе капіруюць. Наадварот: яе становіцца больш”, — пісала заснавальнік сайта.
Паводле: Медуза