«Народны фронт» перамагае на выбарах ва Украіне
«Народны фронт» Яцэнюка і Турчынава сенсацыйна перамагае Блок Пятра Парашэнкі на парламенцкіх выбарах ва Украіне.
Такія дадзеныя прыводзіць украінскі Цэнтарвыбаркам па стане апрацоўкі 30,27% пратаколаў.
За «Народны фронт» прагаласавалі 21.7% выбаршчыкаў. За Блок Пятра Парашэнкі — 21,59%. За «Самапоміч» — 10,79%. Далей ідзе «Апазіцыйны блок» — 9,62% і «Радікальна партыя» — 7,52%. Блок Юліі Цімашэнкі «Батьківщіна» набірае 5,81%. Астатнія палітычныя сілы набіраюць менш 5% і не траплаяюць у Вярхоўную Раду Украіны.
Тым не менш, сітуацыя можа змяніцца. Прынамсі, ВА «Свабода» падбіраецца да 5% бар’еру з 4,63% галасоў. 3,89% у Камуністычнай партыі Украіны. Наўрад ці патрапяць у Раду «Громадянска позіція» і «Сільна Україна», якія набіраюць 3,16% і 3,11% адпаведна.
У выбарах прынялі ўдзел 52,42% украінцаў. Такія звесткі абнародаваны на сайце ЦВК. Найбольшую актыўнасць прадэманстравалі выбаршчыкі Львоўшчыне — 70%. Сітуацыю па яўцы прадказальна сапсавалі Данецкая і Луганская вобласці, дзе ідуць баявыя дзеянні, і частка тэрыторыяў знаходзіцца пад кантролем баевікоў, якія не прызнаюць украінскія выбары. Там яўка склала 32,4% і 32,87% адпаведна.
Надзіва нізкая актыўнасць у кіяўлян — правам голасу скарысталіся 55,86% выбаршчыкаў.
Нагадаем, па выніках экзіт-полаў лідаваў Блок Пятра Парашэнкі.
Арсень Яцанюк ужо абмеркаваў з Пятром Парашэнкам магчымасці стварэння кааліцыі ў Вярхоўнай Радзе, піша «Украінская праўда». Ён спадзяецца, што ў новы ўрад ўвойдуць прафесіяналы, а кааліцыя будзе сфарміравана ў бліжэйшы час.
«Спадзяюся, што ў новы Кабінет міністраў ўвойдуць выключна прафесійныя людзі, якія здольныя праводзіць рэформы, якія здольныя да зменаў», — сказаў Яцанюк. — «У нас наперадзе няпростыя часы, але разам мы пераадолеем усе цяжкасці. У бліжэйшы час будзе сфарміравана кааліцыя».
«Толькі што я сустракаўся з прэзідэнтам, і мы будзем у самыя кароткія тэрміны фармаваць кааліцыю для таго, каб новы ўрад, новы парламент хутка і эфектыўна праводзілі рэформы, неабходныя для краіны», — заявіў ён.
«База для новай кааліцыі — пагадненне аб асацыяцыі», — дадаў Яцанюк.
Чытайце таксама: