Калі б Гітлера забілі…
Праз 75 гадоў пасля замаху на Адольфа Гітлера ў прэсе чамусьці задаліся пытаннем: а што было б, калі ў ліпені 1944-га фюрэр сапраўды сканаў?
Гісторыкі да гэтага часу спрачаюцца, спрабуючы патлумачыць, чаму бомба, узарваная змоўшчыкамі ў гітлераўскім бункеры 23 ліпеня 1944 года, не забіла фюрэра. Адны кажуць, што ва ўсім вінаватая кантузія ўдзельніка змовы Клаўса фон Штаўфенберга. У яго з-за ранення бракавала пальцаў, і ён не змог замкнуць два блокі выбуховага механізму, які знаходзіўся ў яго партфелі. Іншыя папракаюць усё таго ж фон Штаўфенберга, што ён не пасунуў партфель з бомбай бліжэй да кіраўніка Рэйху.
Так ці інакш, папулярная ідэя пра тое, што Гітлер мог быць забіты. У такім выпадку путч генералаў-змоўшчыкаў атрымаў бы шанец на поспех. У сваю чаргу, немцы таксама, быццам, атрымлівалі б шанец выйсці адносна сухімі з вады.
Непасрэдна схема выратавання выглядала як пачатак перамоваў з заходнімі дзяржавамі з мэтай заключэння сепаратнага міру і працягу вайны з СССР. Дапускаюць, што Чэрчыль з яго антыкамуністычнымі забабонамі мог пачаць дамаўляцца з урадам змоўшчыкаў, каб не пусціць Чырвоную Армію ва Усходнюю Еўропу. Саму ж Германію ў цэлым чакаў бы зневажальны, але мірны дагавор.
Пра тое, што такія сепаратныя перамовы маглі быць паспяховымі, кажа досвед Італіі і Румыніі. Па меры набліжэння лініі фронту мясцовыя кіраўнікі — учарашнія аматары Гітлера — здзяйснялі неймаверныя геапалітычныя кульбіты, ператвараючыся ў паслядоўных антыфа.
Аднак такі падыход мае шмат слабых месцаў. Не толькі таму, што сепаратныя кансультацыі наўрад ці перашкодзілі б СССР завяршыць аперацыю «Баграціён» у Беларусі і выйсці ў канцы лета 1944-га да Віслы. Хаос на фронце, які, напэўна б, справакаваў путч, дапамог бы ім рушыць наперад яшчэ далей.
Акрамя таго, на Захадзе ў той час «руліў» не Чэрчыль, а Рузвельт, які схіляўся да поўнага разгрому нацызму. Вельмі спрэчна, што генералы, якія зрынулі Гітлера, пагадзіліся б на поўную капітуляцыю, увядзенне ў Германію замежных вайсковых фарміраванняў і падпарадкаванне заходнім штабам. Акрамя таго, свае «пяць капеек» дакладна б уставілі французы. Дэ Голь, напэўна б, запатрабаваў не толькі хуткага вываду немцаў з Францыі, але і кампенсацый за акупацыю. Нарэшце, не ўкладаецца ў галаву, як польская падпольная Армія Краёва (АК), чыё кіраўніцтва знаходзілася ў Лондане, магла выступіць на баку Вермахта.
Існуе яшчэ адна праблемка. Калі такі кампраміс паміж Захадам і генераламі быў бы дасягнуты, не зразумела, як на яго б рэагавалі звычайныя немцы, чые мазгі выдатна прачысціла прапаганда Гебельса. Любыя спробы хунты адысці ад гітлераўскай спадчыны маглі справакаваць пратэст на месцах. Некаторыя нават кажуць пра магчымую грамадзянскую вайну ўнутры Трэцяга Рэйху ў выпадку поспеху путчу 23 ліпеня.
Зрэшты, галоўны контраргумент супраць магчымасці сепаратных дамоваў — ідэалагічнае рэнамэ генералаў-змоўшчыкаў. Іх біяграфіі і перакананні сапраўды б насцярожылі Захад. Справа нават не ў тым, што да 1944-га ўсе яны (за выключэннем аднаго чалавека) верай і праўдай служылі фюрэру. Большасць удзельнікаў змовы адкрыта ненавідзелі Веймарскую рэспубліку і марылі пра рэстаўрацыю ў Германіі дыктату прускага мілітарызму і манархіі.
Яшчэ больш радыкальным па поглядах быў Клаўс фон Штаўфенберг, які зараз лічыцца героем супраціву. Томас Карлаўф — аўтар біяграфіі фон Штаўфенберга, якая выйшла з друку ў красавіку гэтага года, — лічыць, што генерал неўзлюбіў Гітлера, бо той нейкім чынам здрадзіў ідэалам нацыянал-сацыялізму. У гэтым плане не дзіўна, што Штаўфенберг і яго кампанія з’яўляюцца кумірамі нямецкіх новых правых. Прыкрываючыся вядомай фігурай, ім прасцей агітаваць за рэвізію вынікаў Другой сусветнай вайны, адраджэнне нямецкай ідэнтычнасці і гэтак далей.
Падчас цяперашняга юбілею высветлілася, што арганізатары змовы сталі героямі амаль выпадкова. Усё праз акалічнасці палітыкі гістарычнай памяці, якую праводзілі першыя кансерватыўныя ўрады ФРГ. Ва ўмовах «халоднай вайны» ўлады баяліся, што прапіска ў нацыянальным пантэоне антыфашыстаў легітымізуе ў грамадстве левыя партыі. Менавіта камуністы і сацыял-дэмакраты, якія знаходзіліся ў апазіцыі да кансерватараў, складалі касцяк супраціву. Давялося шукаць альтэрнатыву, якой аказаліся вельмі правыя па поглядах генералы.
Забабоны генералаў дазваляюць большасці гісторыкаў сумнявацца ў тым, што поспех путчу 23 ліпеня дазволіў бы змоўшчыкам аператыўна наладзіць дыялог з Захадам. Зрэшты, наўрад ці на гэтым мода на гістарычнае фэнтэзі знікне. Замахі на Гітлера адбываліся і раней. Напрыклад, у ізраільскай прэсе з’явілася тэма пра тое, як выглядала б гісторыя ў выпадку паспяховага замаху на Гітлера да 1939 года. Ці адбыўся б у такім выпадку Халакост, ці захаваўся б у Еўропе вялікі працэнт яўрэйскага насельніцтва, і, нарэшце, як бы гэта паўплывала на лёсы тытульных нацый, калі б паўстала дзяржава Ізраіль? Як бачым, аматарам гістарычных шарадаў ёсць чым заняцца.