Еўрапейскія рэкруты Джыхаду
Еўрапейскі Саюз стаў базай для вярбоўкі наёмнікаў для вайны на баку «Ісламскай дзяржавы» ў Сірыі і Іраку. Хлопцы і дзяўчаты з ЕС тысячамі едуць на джыхадзісцкі фронт — і пэўная іх частка плануе тэракты па вяртанні.
За ваенныя поспехі будаўнікі халіфату ў значнай ступені павінны дзякаваць іншаземцам. Пасля абвешчання Ісламскай дзяржавы ў чэрвені мінулага года колькасць замежных баевікоў значна падвысілася і склала каля 20 тысяч чалавек — лічба, параўнальная з колькасцю сірыйскіх і іракскіх апалчэнцаў. Паводле кіраўніка еўрапейскага праваахоўнага ведамства Europol Роба Уэйнрайта (Rob Wainwright), каля 5 тысяч з іх паходзяць з Еўрасаюза.
Каб зразумець, шмат гэта ці не, прывядзем інфармацыю амерыканскіх спецслужбаў. Паводле дадзеных, прадстаўленых на слуханнях у Камітэце нацыянальнай бяспекі Палаты прадстаўнікоў, за ўвесь перыяд сірыйскага канфлікту далучыцца да ісламскіх радыкалаў спрабавалі каля 150 грамадзян і рэзідэнтаў ЗША. Нехта з іх быў арыштаваны па дарозе ў зону баявых дзеянняў, нехта загінуў у баях — але ж ваяваць працягваюць адзінкі.
Сярод еўрапейскіх краін больш за ўсё джыхадзістаў — з Францыі (каля 900), следам ідуць Вялікабрытанія (каля 500) і Германія (ад 300 да 550). Але па колькасці наёмнікаў, што ваююць у Сірыі, на душу насельніцтва абсалютны лідар — Бельгія. Іронія лёсу: сэрца Еўропы, краіна, якая апошнія дзесяцігоддзі прасоўвала ідэалы цярпімасці, пастаўляе ў цяплічныя ўмовы Блізкага Усходу расаду міжнароднага тэрарызму.
Замуж за пакутніка
У лістападзе мінулага года спецназ штурмаваў венскую кватэру Эбу Тэджмы. Жытло 33-гадоваму мужчыне, ягонай цяжарнай жонцы і пяці дзецям было прадастаўлена гарадской радай. У кватэры сем’яніна, якому аўстрыйскі ўрад плаціў дапамогу па беспрацоўі, знайшлі безліч грошай, ювелірных вырабаў і ашчадных кніжак. Потым следства высветліць, што незадэклараванае багацце Тэджма атрымаў ад мусульман, якіх ён і сябры ягонай тэрарыстычнай групоўкі ў розных краінах Еўропы падштурхнулі да ўдзелу ў «свяшчэннай» сірыйскай вайне.
Сапраўднае імя Тэджмы — Місрад Амеравіч. Народжаны ў Сербіі басніец, ён стаў ісламскім радыкалам каля дзесяці гадоў таму ў вахабіцкай мячэці, якія інтэнсіўна будуюць і спансуюць у Босніі саудаўскія імамы. Пасля Місрад пераехаў у Вену, дзе баснійскія вахабіты дзейнічаюць амаль адкрыта. У тамтэйшай чачэнскай школе баявых майстэрстваў ён навучыўся абыходзіцца са зброяй.
Сярэднестатыстычны рэкруцёра баевікоў для «Ісламскай дзяржавы» ў Еўропе — эмігрант у першым пакаленні, які паходзіць з Балкан альбо шэрагу краін Паўночнай Афрыкі. Аднак гэты партрэт — не тыповы ў дачыненні да тых, хто едзе ваяваць у Сірыю. Сацыёлагі кажуць аб праблеме «трэцяга пакалення» — дзецях ці ўнуках імігрантаў-мусульман, якія не атрымалі годнай адукацыі, не змаглі інтэгравацца ў кола сваіх равеснікаў і якія ў першую чаргу стаяць за сухімі паказчыкамі еўрапейскага моладзевага беспрацоўя.
Аднак часта рэкруты «джыхаду» яшчэ занадта маладыя, каб працаваць. У студзені дзве аўстрыйскія дзяўчынкі — 17 і 16 гадоў — спрабавалі ўцячы ў Сірыю, каб стаць жонкамі джыхадзістаў. Яны паспелі даехаць да Румыніі, дзе былі арыштаваныя мясцовай паліцыяй пры звычайнай праверцы дакументаў і дэпартаваныя на радзіму. Пра адну з іх вядома, што дзяўчо паходзіць з чачэнскай сям’і; паходжанне іншай не раскрываецца.
Двума месяцамі раней яшчэ дзве аўстрыйскія дзяўчынкі — 16-гадовая Самра Кесінавіч і 14-гадовая Сабіна Сялімавіч — да Сірыі ўсё ж такі дабраліся і з тэрарыстамі шлюбам пабраліся. «Ісламская дзяржава» нават скарыстала небаракаў у прапагандысцкіх мэтах, тыражуючы здымкі, дзе еўрапейкі пазіруюць у нікабах з калашнікавымі ў руках. Праўда, жыццё ў лагеры баевікоў шукальніцам прыгод хутка надакучыла. Пасля паведамленняў аб тым, што яны шукаюць шляхі вярнуцца ў Аўстрыю, прыйшла навіна аб заўчаснай смерці адной з іх і знікненні другой.
У студзені стала вядома аб затрыманні аўстрыйскай паліцыяй яшчэ аднаго падазраванага ў тэрарызме 14-гадовага юнака, які намагаўся з’ехаць у Сірыю. А самаму юнаму бельгійскаму «ваяру», якога паліцыі ўдалося вылічыць, увогуле 13 гадоў.
Шанец для няўдачнікаў
Ваяваць за светлую шарыяцкую будучыню адпраўляюцца не толькі мігранты і не толькі мусульмане. Ацаніць рэальны ўнёсак у джыхад «карэнных» грамадзян заходніх краін не падаецца магчымым; аднак рэальныя гісторыі такіх вандровак, якія раз-пораз прасочваюцца ў прэсу, кажуць аб тым, што такі трэнд існуе.
У асноўным «карэнныя» едуць не з ЕС, а з ЗША. Так, нядаўна амерыканскай паліцыі ўдалося перахапіць трох падлеткаў з Чыкага і трох — з Дэнвера, якіх у шэрагі баевікоў завабілі па інтэрнэце. У жніўні мінулага года ў баях у Сірыі загінуў 33-гадовы жыхар Каліфорніі з зусім не імігранцкім імем Дуглас МакАртур Маккейн.
Прыхільнікі нямецкага рэпера Дэса Дога былі здзіўленыя, калі ўбачылі яго імя ў спісе глабальных тэрарыстаў, які складае амерыканскі Дзярждэпартамент. Аказалася, 39-гадовы Дзяніс Кусперт (гэта сапраўднае прозвішча музыкі) мінулай восенню прысягнуў на вернасць кіраўніку «Ісламскае дзяржавы» Абу Бакру аль-Багдадзі. У апошніх відэа на інтэрнэт-рэсурсах экстрэмістаў яго можна, прынамсі, убачыць з адрэзанай галавой «нявернага».
Цікава, што далёка не ўсе заходнія «ваяры» «Ісламскай дзяржавы» — мусульмане па паходжанні. Матывацыя наймітаў часта палягае не толькі ў адстойванні рэлігійных ідэалаў, але — у шмат якіх выпадках — у спробе вырвацца з наваколля, у якім магчымасці сацыяльнага росту для такіх, як яны, значна абмежаваныя, і самасцвердзіцца ў новым асяроддзі. Частка з іх не ўяўляе ўсёй жорсткасці ўмоваў і абставін, у якія імкнецца патрапіць, і шкадуе аб сваім учынку потым. Частку не пужае ані жорсткасць, ані бесчалавечнасць «джыхадзістаў».
Іслам, які некаторыя з дабравольцаў прымаюць ужо на Блізкім Усходзе, служыць для самаапраўдання сваіх уцёкаў са свету камфорту і свайго мінулага жыцця.
«Я быў грэшнікам. Я жыў у граху да таго, як прыняў іслам. Акружаны музыкай, наркотыкамі, алкаголем і жанчынамі», — кажа экс-рэпер Дэса Дог, а зараз — Абу Талха аль-Альмані, у сваім відэазвароце да мусульман свету, дапамагаючы ісламістам набіраць новае гарматнае мяса «джыхаду».
Крывадушнасць «ваяроў ісламу», якія забіваюць жанчыну камянямі за тое, што яна была згвалтаваная, але практыкуюць сексуальнае нявольніцтва на захопленых тэрыторыях, ці адмаўляюць сусветнаму сеціву ў існаванні, але актыўна скарыстоўваюць сацыяльныя сеткі для вербавання прыхільнікаў, экс-рэпера Абу Талху, як і тысячы ягоных паплечнікаў, чамусьці не бянтэжыць.
Ветлівыя людзі
Пасля крывавых атак на часопіс «Charlie Hebdo» ў Парыжы напачатку студзеня адразу некалькі кіраўнікоў заходніх спецслужбаў заявілі, што іх ведамствы працуюць на мяжы магчымасцяў — і неўзабаве проста не змогуць спраўляцца з усёй нагрузкай: настолькі ўзрос узровень тэрарыстычнай небяспекі ў Еўропе.
Лічба ў пяць тысяч еўрапейскіх ваяроў «Ісламскай дзяржавы» можа быць значна заніжаная, бо еўрапейскім спецслужбам часта цяжка прасачыць, хто збіраецца, едзе на шарыяцкі фронт і вяртаецца назад. Па-першае, далёка не ўсе пачынаючыя баевікі арганізаваныя: даволі значная іх колькасць збіраецца ў Сірыю і Ірак самастойна. Па-другое, рэкруты карыстаюцца парадамі добразычліўцаў у сацыяльных сетках: ляцяць да буйных транспартных вузлоў накшталт Стамбула, а потым раствараюцца на тэрыторыі Турцыі; едуць да месца прызначэння кружным шляхам — праз Грэцыю ці Румынію; бяруць турыстычныя білеты ў абодва бакі, хоць і не збіраюцца вяртацца дадому адразу пасля тыднёвага «адпачынку». У самой Сірыі адсачыць шлях баевікоў немагчыма: большасць амбасадаў заходніх краін, у тым ліку амбасада ЗША, зачыненыя; і нават ЦВУ, паводле выведкавага карэспандэнта «Associated Press», не мае пастаяннай прысутнасці ў краіне.
У сваіх гідах тэрарысты раяць сваім падарожным прыхільнікам ні ў якім разе не паводзіць сябе як тэлевізійны ісламскі радыкал: не адрошчваць бараду, не крычаць на ўвесь аэрапорт пра свяшчэнную вайну і гэтак далей — але наадварот, ветліва ўсміхацца мытнікам і памежнікам, як годны еўрапейскі турыст.
Аднак не толькі тысячы дзеючых байцоў, якія могуць вярнуцца ў краіны ЕС, ёсць патэнцыяльнай пагрозай бяспецы саюза. Маўклівае спачуванне ідэалам «Ісламскай дзяржавы» сярод грамадзян і жыхароў адзінай Еўропы значна большае.
Прынамсі, выканаўцы нападу на «Charlie Hebdo» ніколі не былі ў Сірыі ці Іраку, хоць мінімум адзін з іх у 2011 годзе праходзіў джыхадзісцкую падрыхтоўку ў вахабісцкім лагеры ў Йемене. Колькі ж у еўрапейскіх імігранцкіх гета простых беспрацоўных хлопцаў, якія не бачаць для сябе выхаду з цяжкіх жыццёвых абставін, але могуць лёгка адшукаць у інтэрнэце інструкцыю па зборцы бомбы, ніводнай еўрапейскай спецслужбе не можа быць дакладна вядома.