Яўрэі Расіі баяцца, што хутка ім забароняць выезд з краіны. У РФ хочуць ліквідаваць «Сахнут»
Міністэрства юстыцыі РФ запатрабавалі ліквідаваць у Расіі яўрэйскае агенцтва "Сахнут", якое займаецца рэпатрыяцыі ў Ізраіль.
Улады Расіі запатрабавалі ад кіраўніцтва Ізраільскага агенцтва па рэпатрыяцыі спыніць дзейнасць.
Міністэрства юстыцыі РФ падало пазоў аб ліквідацыі ў Расіі аўтаномнай некамерцыйнай арганізацыі "Яўрэйскае агенцтва "Сахнут", якая займаецца рэпатрыяцыі ў Ізраіль. Разгляд справы ў судзе пачнецца 28 ліпеня. Пра гэта гаворыцца ў картатэцы маскоўскіх судоў.
У Мінюсце РФ лічаць, што "Сахнут" у сваёй працы парушаў расійскае заканадаўства, паведамляе www.kommersant.ru.
На мінулым тыдні амбасадар Ізраіля ў Маскве Алекс Бэн-Цві сустрэўся з намеснікам міністра замежных спраў Расіі Міхаілам Багданавым і папрасіў, каб той растлумачыў, якія прэтэнзіі ўзніклі ў расійскіх уладаў да "Сахнута".
Нагадаем, 5 ліпеня ўлады РФ накіравалі кіраўніцтву "Сахнута" ліст з патрабаваннем спыніць дзейнасць.
За некалькі апошніх гадоў да агенцтва ў РФ прыходзілі з неаднаразовымі праверкамі.
"Сахнут" садзейнічае рэпатрыяцыі яўрэяў з усяго свету ў Ізраіль. The Jerusalem Post адзначае, што спыненне працы агенцтва ў РФ абернецца складанасцямі для расійскіх яўрэяў, якія хочуць эміграваць. Многія з іх асцерагаюцца, што пасля закрыцця арганізацыі ім будзе закрыты выезд з Расіі.
Агенцтва "Сахнут" працуе з 1929 года і з'яўляецца міжнароднай сіянісцкай арганізацыяй з цэнтрам у Ізраілі. Прадстаўнікі "Сахнута" займаюцца рэпатрыяцыяй у Ізраіль, дапамогай рэпатрыянтам, а таксама пытаннямі, звязанымі з яўрэйска-сіянісцкім выхаваннем і глабальнай яўрэйскай супольнасцю. Прадстаўніцтва "Сахнут" працуе не толькі ў Расіі, але і ў Беларусі, Малдове, Украіне, Казахстане, Узбекістане, Грузіі і Азербайджане, адзначае rtvi.com.