Імя Афрыкі
11 чэрвеня 1964 году, важна пабліскваючы акулярамі, паўднёваафрыканскі судзьдзя Квартус дэ Вэт абвясьціў сваё рашэньне па справе Нэльсана Мандэлы і ягоных паплечнікаў.
Яшчэ не адбыўшы да канца трохгадовы тэрмін за нелегальнае перасячэньне мяжы і заклікі да страйку, гэтым разам Мандэла быў асуджаны да пажыцьцёвага
зьняволеньня — за сабатаж і плянаваньне ўзброенага супраціву ўладам. Так яму, чорнаму, і трэба, з палёгкай уздыхнулі законапаслухмяныя грамадзяне.
На сьвятое замахнуўся!.. Бедны судзьдзя дэ Вэт падумаць ня мог, што адпраўляе ў турму будучага прэзыдэнта сваёй дзяржавы.
Калі б судзьдзі кожны раз, выносячы палітычныя прысуды, думалі пра тое, як нечакана можа павярнуцца гісторыя... І пра тое, наколькі часам законапаслухмянасьць не адрозная ад звычайнага фашызму. Надышоў бы канец сьвету. Прыкладна такі па сваіх маштабах, які перажыла ў пачатку дзевяностых белае насельніцтва ПАР — у час, калі архаічны, спарахнелы апартхэйд нарэшце сканаў, пакінуўшы па сабе толькі нянавісьць і прагу помсты. Не зусім тыя рэчы, якіх хацеў дасягнуць Мандэла — і ўсё ж непазьбежныя, як шнары пасьля апэрацыі.
...Калі ён пайшоў у школу, настаўніца сказала яму, што з гэтага часу яго будуць зваць Нэльсан. Таму што ў нармальнага чалавека, які хоча чагосьці дасягнуць
у жыцьці, мусіць быць брытанскае імя. У турме яму далі нумар 46664 — лічбы азначалі, што Мандэла быў 466-м асуджаным у 1964 годзе. Таксама
імя — у нейкім сэнсе... Калі ён зробіцца прэзыдэнтам, яго будуць называць Мандзіба, паважліва і зусім па-афрыканску. На кожную траціну
жыцьця — па новым імі.
«За нашу і вашу волю» — гэты лёзунг быў і ягоным лёзунгам. На афрыканскі кшталт, вядома.
«Усё сваё жыцьцё я прысьвяціў барацьбе за афрыканскі народ. Я змагаўся супраць панаваньня белых і змагаўся супраць панаваньня чорных. Мой
ідэал — дэмакратычнае, вольнае грамадзтва, дзе ўсе людзі будуць жыць у згодзе і карыстацца роўнымі магчымасьцямі,» — сказаў Мандэла
ў сваёй прамове за паўтара месяца да вынесенага яму прысуду. Наперадзе былі дваццаць сем гадоў турмы, Нобэлеўская прэмія, паціснутая ім рука дэ Клерка,
белая рука былога гаспадара... І праведзены ў ПАР чэмпіянат сьвету па футболе — самае прыгожае ўвасабленьне яго Перамогі.
Альгерд Бахарэвіч, svaboda.org,(захавана арфаграфія арыгінала)