Германія, Італія і Францыя абмяркоўваюць, якім стане Еўрасаюз пасля «Брэксіту»

Ці ў Еўрасаюзе ствараецца кааліцыя заходніх гігантаў, якая будзе дыктаваць умовы меншым усходнім краінам?

pixabay.com

pixabay.com


У Еўрасаюзе заканчваюцца палітычныя канікулы. Кіраўнікі Германіі, Італіі і Францыі сустрэліся каля Неапалю, каб абмеркаваць важнейшыя праблемы Еўрасаюзу: планаваны выхад Брытаніі з еўрапейскай супольнасці, пытанні эканамічнага развіцця і пытанні бяспекі. Ці ў Еўрасаюзе ствараецца новая кааліцыя, якая будзе дыктаваць свае ўмовы іншым краінам? Як бачаць будучыню кантыненту тры самыя вялікія эканомікі Еўрасаюзу? На гэтыя тэмы мы размаўляем з палітолагамі Паўлам Такарскім і Пшэмыславам Біскупам.

Прэм’ер Італіі Матэа Рэнцы, канцлер Германіі Ангела Меркель і прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд сустрэліся на выспе Вентатэнэ. Тэмамі сустрэчы з’яўляюцца «Брэксіт», эканамічны рост і бяспека, піша газета Financial Times.

Пазіцыі Францыі і Германіі па «Брэксіту» падобныя. Яны хочуць, каб Лондан як мага хутчэй вырашыў, выйдзе Брытанія з Еўрасаюзу ці не. Калі Лондан рашыцца пакінуць Еўрасаюз, то, на думку Берліна і Парыжа, ён павінен зрабіць гэта ў кароткі тэрмін, каб не працягваць сітуацыю няпэўнасці, якая шкодзіць бізнесу.

У эканамічным пытанні Францыя блізкая да Італіі. Яна жадае павялічыць дзяржаўныя выдаткі, каб зменшыць беспрацоўе. Супраць «друкавання грошай», аднак, выступае Берлін. Што тычыцца бяспекі, то пасля тэрактаў, якія пракаціліся па Францыі і Германіі, кіраўнікі трох еўрапейскіх гігантаў жадаюць узмацніць еўрапейскую паліцэйскую службу Еўрапол і абарону межаў Еўрасаюзу.

Некаторыя каментатары асцерагаюцца, што Германія, Францыя і Італія ствараюць нефармальны саюз, які навяжа сваю волю меншым краінам ЕС. Пэўная рызыка таго, што Польшча ды іншыя краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы апынуцца на ўзбочыне еўрапейскай палітыкі, сапраўды існуе, мяркуе эксперт Нямецкага інстытуту Міжнародных справаў і праблемаў бяспекі Павел Такарскі.

П. Такарскі адзначыў:

Пасля магчымага выхаду Вялікабрытаніі з Еўрасаюзу краінам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пагражае маргіналізацыя. Вялікая частка гэтых краінаў не ўваходзіць у Еўразону. Таму існуе небяспека, што прававыя нормы, якія рэгулююць агульны еўрапейскі рынак, будуць сфармуляваны перадусім на карысць краінаў, якія маюць валюту еўра. Раней краіны рэгіёну маглі лічыць на падтрымку Вялікабрытаніі. Цяпер такой падтрымкі не будзе.

У тым, што дыскусію над будучыняй Еўрасаюзу пачынаюць тры вялікія дзяржавы, няма нічога новага і нічога дзіўнага. Баяцца гэтага не варта — у сваю чаргу супакойвае эксперт польскага Цэнтру Міжнародных Стасункаў Пшэмыслаў Біскуп.

 — Гэтыя дзяржавы не ствараюць новай палітычнай групы, — лічыць П. Біскуп. — Тром вялікім краінам заўсёды было што абмеркаваць. Магчыма, яны хочуць паказаць брытанцам, што тыя павінныя рыхтавацца да жорсткіх перамоваў, бо Францыя, Германія ды Італія дасягнулі ўзаемапаразумення. Мэтай сустрэчы з’яўляецца высветліць праблемы і абмеркаваць супольную пазіцыю ў перамовах з Брытаніяй, а не стварыць альянс, які будзе кіраваць Еўропай.

Канцлер Германіі Ангела Меркель разумее трывогу сваіх усходніх суседзяў і таму пачынае цэлую серыю візітаў у краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Германія абяцае, што краіны рэгіёну будуць уключаныя ў працэс перамоваў аб выхадзе Брытаніі з Еўрасаюзу — зазначае Павал Такарскі:

— Паслязаўтра Ангела Меркель прыедзе ў Талін, пасля яна будзе ў Празе, а пасля гэтага прыедзе ў Варшаву. Гэтыя тры візіты паказваюць, што Германія памятае пра патрабаванні краінаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы — асабліва пра патрабаваньні, якія датычаць абароны правоў грамадзянаў краінаў рэгіёну, якія жывуць і працуюць у Вялікабрытаніі.

Як будзе выглядаць Еўрасаюз, пасля таго, як яго пакіне Вялікабрытанія, а роля Германіі ў еўрапейскім доме значна ўзрасце? Еўрасаюз не падзеліцца на ўсходні і заходні «інтэграцыйныя клюбы», паколькі эканамічныя адрозненні нават паміж краінамі Заходняй Еўропы вельмі значныя, лічыць Павал Такарскі. Германія не зацікаўленая ў тым, каб узмацняць эканамічную інтэграцыю са сваімі заходнімі суседзямі, пакідаючы за бортам Усход. Наадварот, яна хоча зрабіць Еўрасаюз больш аднастайным – кажа эксперт.

Я не думаю, што Германія зацікаўлена ў стварэнні Еўрасаюзу «розных хуткасцяў», — лічыць П. Такарскі. —  Хутчэй Берлін зацікаўлены ва ўзмацненні адзінства Еўрасаюзу і ўзмацненні яго здольнасці вырашаць праблемы. Гэта датычыць як унутраных праблемаў, так і праблемаў, якія прыходзяць звонку.

Як бачна, у Еўрасаюзе, які пакідае Вялікабрытанія, расце роля Германіі і іншых краінаў Еўразоны. Эксперты мяркуюць, што пасля таго, як Вялікабрытанія пакіне еўрапейскую супольнасць, Берлін будзе намагацца зрабіць Еўрасаюз больш інтэграваным, палітычна моцным, з меншай колькасцю выключэнняў і большай уладай Еўрасаюзаўскіх інстытутаў. Такая палітыка можа сустрэць супраціў некаторых краінаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы – напрыклад, Польшчы, Венгрыі ці Чэхіі. У якім кірунку развівацца пасля «Брэксіту», краіны Еўрасаюза пачнуць вырашаць ужо праз месяц — на саміце 27 краінаў, які пройдзе ў Браціславе.

 

Аляксандр Папко, www.radyjo.net