Германія аднавіла выдачу гуманітарных віз для беларусаў — але на агульных падставах
Германія аднаўляе выдачу гуманітарных віз для грамадзян Беларусі, Расіі і Ірану, паведаміў Офіс Святланы Ціханоўскай. Але, як высветлілася, ёсць нюансы.

Рашэнне Германіі аднавіць выдачу гуманітарных віз беларусам пракаментаваў Леанід Марозаў, дарадца па прававых пытаннях Святланы Ціханоўскай. Ён адзначыў, што беларускія дэмакратычныя сілы адразу рэагавалі на навіну аб прыпыненні выдачы такіх віз, а сам Офіс вёў працу з іх нямецкімі партнёрамі.
«Мы дзякуем нямецкаму Міністэрству замежных спраў, дэпутатам Бундэстага і Еўрапарламента, якія былі з намі на сувязі апошнія дні. Гэта важны крок, які адкрые шлях да бяспекі для тысяч нашых суайчыннікаў, вымушаных пакінуць Радзіму з-за рэпрэсій.
Магчымасць гуманітарнага прыёму ў Германіі літаральна змяняе лёсы людзей, вяртае ім надзею і пачуццё абароненасці. Германія застаецца вернай сваім каштоўнасцям і гатовай дапамагаць тым, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю. Гэта сапраўды вялікае праяўленне чалавечай і палітычнай салідарнасці», — сказаў ён.
Пакуль улады ў Германіі не ўдакладнілі, калі дакладна адновіцца выдача гумвізаў, але вядома, што гэта будзе адбывацца без паскоранай працэдуры.
«Працэдуры прыёму асоб, якія падвяргаюцца асаблівай небяспецы з-за сваёй дзейнасці ў абарону свабоды слова, дэмакратыі і правоў чалавека або прыём якіх уяўляе палітычную цікавасць па іншых прычынах, будуць адноўленыя», — аднолькава адказалі МЗС і МУС ФРГ на запыт DW.
У МЗС Германіі дадалі, што гэтыя працэдуры «з'яўляюцца важным знешнепалітычным інструментам для падтрымкі гэтых асоб», адзначыўшы пры гэтым, што асобная «паскораная працэдура прыёму» грамадзян Беларусі, Расіі і Ірана, узгодненая МУС і МЗС пры мінулых урадах, больш прымяняцца не будзе.
Варта зазначыць, што паскораная працэдура выдачы гуманітарных віз была запушчана ў траўні 2022 года. На яе маглі прэтэндаваць асобы, якія падвяргаюцца асаблівай рызыцы з-за дзейнасці супраць вайны, прасоўвання дэмакратыі і правоў чалавека або крытыкі рэжыму ў Расіі, Іране ці Беларусі, тлумачылі тады ў Федэральным ведамстве па справах міграцыі і бежанцаў (BAMF).
У ліпені 2025 года Германія паведаміла, што прыпыніла выдачу гуманітарных віз, якія атрымлівалі ў тым ліку і беларусы. Гэта рашэнне стала часткай больш строгай міграцыйнай палітыкі, якую ўзгадніла новая ўрадавая кааліцыя.