Германія часова прыпыняе выдачу гуманітарных візаў
Германія часова прыпыняе выдачу віз замежнікам, якім неабходная абарона па гуманітарных прычынах. Адпаведная абвестка з'явілася 23 ліпеня на сайце міністэрства ўнутраных справаў краіны.

Гэта рашэнне стала адным з дзеянняў Новага кааліцыйнага ўрада ФРГ у спробе абмежаваць паток мігрантаў у краіну. Раней гуманітарную візу маглі атрымаць людзі, што апынуліся пад пагрозай пераследу за сваю антываенную, праваабарончую ці дэмакратычную дзейнасць у Беларусі, Расеі ці Іране, піша Еўрарадыё.
Як адзначае расійская праваабарончая ініцыятыва «Ковчег», падчас фармавання ўрада ў 2025 годзе ў Германіі абмяркоўвалі спыненне шэрагу праграм. Аднак пра гуманітарныя візы для палітуцекачоў з Беларусі і Расіі асобна не згадвалі. Тым не менш, цяпер гэтую праграму спынілі разам з іншымі падобнымі ініцыятывамі — напрыклад, праграмамі для грамадзян Афганістана і Сірыі.
Рашэнне не закране тых, хто ўжо змог прыехаць у Германію па гэтай праграме, аднак новыя заявы прымацца не будуць, а лёс тых, што знаходзяцца на разглядзе, пакуль незразумелы.
Праваабаронцы прагназуюць, што рашэнне аб прыпыненні выдачы гуманітарных віз балюча ўдарыць менавіта па расійскай грамадзянскай супольнасці — Германія з 2022 года прыняла самую вялікую колькасць расійцаў, якія крытыкуюць рэжым Уладзіміра Пуціна.
Калі прыём заяў не адновяць, у расійскіх актывістаў, юрыстаў і журналістаў практычна не застанецца магчымасці адносна хутка атрымаць абарону ў ЕС. Праваабаронцы падкрэсліваюць, што ў такім выпадку апазіцыйна настроеныя людзі ў Расіі акажуцца зачыненымі без магчымасці экстранна з'ехаць у бяспечную краіну.
Што тычыцца беларусаў, то амбасада Германіі ў Мінску з 2020 па 2024 год выдала беларусам 267 гуманітарных віз, адзначае DW са спасылкай на Міністэрства замежных спраў ФРГ. У 2020 годзе іх колькасць была нулявой, а найбольшая колькасць гуманітарных віз (125) была выдадзеная ў 2022 годзе.
Для параўнання: за 5 гадоў грамадзяне Беларусі атрымалі больш за 250 тысяч нацыянальных польскіх віз, сведчаць даныя польскага Упраўлення па справах замежнікаў. Сярод выдадзеных дазволаў на перасягненне польскай мяжы пераважалі нацыянальныя візы паводле праграмы Poland Business Harbour, зазначае Цэнтр беларускай салідарнасці.