Эскалацыя на мяжы Грузіі: улады акупаванай РФ Паўднёвай Асеціі патрабуюць прыбраць блокпост
Улады Паўднёвай Асеціі, якая была акупаваная Расеяй у 2008
годзе, назвалі «актам непрыхаванай агрэсіі» устаноўку новага блокпосту
на тэрыторыі, якую непрызнаная рэспубліка лічыць сваёй, паведамляе
Belsat.
Паўднёвая Асеція выставіла Тбілісі ўльтыматум – адвесці адтуль сілавікоў да 6 гадзін раніцы 30 жніўня, у адваротным выпадкаў прыстрашыўшы «законнымі дзеяннямі па абароне грамадзян».
Як паведамляе Бі-бі-сі, тэрмін ультыматуму прайшоў, але блокпост грузінскія ўлады не прыбралі. У Грузіі заяўляюць – ваколіцы вёскі Чорчана, дзе за некалькі дзён да гэтага ўсталявалі новы пост, знаходзіліся пад кантролем цэнтральных уладаў Грузіі і да, і пасля вайны 2008 году адмаўляючы любыя прэтэнзіі Паўднёвай Асеціі на гэтую тэрыторыю.
«Размова ўльтыматумамі для нас катэгарычна непрымальны», – падкрэсліў кіраўнік апарата Савету нацыянальнай бяспекі Грузіі Кахабэр Кемаклідзе.
Тым часам у Цхінвалі лічаць, што пост пагражае бяспецы найбліжэйшай асецінскай вёскі Цнэлісі, але самі грузінскія праваахоўнікі адмаўляюць.
Для дээскалацыі сітуацыі бакі дамовіліся пра сустрэчу на нейтральнай паласе зямлі паміж зонамі кантролю Грузіі і Паўднёвай Асеціі. Перамовы доўжыліся каля трох гадзін пры ўдзеле прадстаўнікоў назіральнай місіі ЕЗ у Грузіі, спецпрадстаўніка АБСЕ і расейскіх памежнікаў. Абодва бакі заявілі, што напружанне атрымалася зняць, нягледзячы на тое што ні грузінскія, ні паўднёваасецінскія ўлады не змянілі сваёй пазіцыі.
Наступныя перамовы запланаваныя на пачатак верасня.
Становішча ў непрызнанай мяжы Паўднёвай Асеціі застаецца складаным на працягу многіх месяцаў. Тбілісі і прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў шматразова пратэставалі супраць узвядзення паўднёваасецінскім бокам і расейскімі памежнікамі агароджаў уздоўж раздзяляльнай лініі. За платамі, узведзенымі ў працэсе «бардэрызацыі», часцяком аказваліся палі і хаты грузінскіх сялян. Грузія ўскладае адказнасць за гэтыя наступствы на Расею.
Расея прызнала незалежнасць грузінскіх рэгіёнаў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі пасля 26 жніўня 2008 году. Прызнанне падтрымалі Нікарагуа, Венесуэла, Науру і Сірыя. Міжнародная супольнасць, у тым ліку Беларусь лічыць гэтыя тэрыторыі часткай Грузіі. У Тбілісі дзеянні Расеі называюць акупацыяй.