Алесь Смалянчук: У Расіі адбываецца рэабілітацыя сталінізму
1 верасня згадваецца сумная падзея – пачатак Другой сусветнай вайны. Вайны, якая забрала каля 50-ці мільёнаў жыццяў. Беларусь стала месцам, дзе сустрэліся геапалітычныя інтарэсы нацысцкай Нямеччыны і камуністычнага рэжыму Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.
Гісторык, доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук распавёў Радыё Рацыя:
— Гаворачы пра ацэнку пакту, а дакладней тайных пратаколаў “Пакту Молатава-Рыбентропа”, пэўныя разбежнасці і спрэчкі адбываліся фактычна ўжо адразу пасля заканчэння вайны. На Захадзе, у Злучаных Штатах Амерыкі было вядома пра тайныя пратаколы — ведалі і казалі пра гэта, а Савецкі Саюз катэгарычна адмаўляў. Вайна пачалася для Савецкага Саюза толькі ў 1941 годзе нападам гітлераўскай Нямеччыны і г. д.
Ідэалагічныя і палітычныя перамены другой паловы 80-х гадоў дазволілі і жыхарам тагачаснага Савецкага Саюзу даведацца праўду пра “Пакт Молатава-Рыбентропа”. Пазіцыя тагачаснага кіраўніцтва СССР, наколькі я ведаю, якую агучыў сакратар ЦК Якаўлеў, была даволі цікавай. Ён прызнаў, што гэтыя тайныя пратаколы былі, але пры гэтым заявіў, што гэта не мае ніякага дачынення да пачатку Другой сусветнай вайны. Не мае ніякага дачынення акупацыі часткі Польшчы, Прыбалтыкі ды інш.
Пэўны крок да пераадолення такіх савецкіх ідэалагічных штампаў быў зроблены. Гаворачы пра сённяшні дзень, трэба адзначыць, што ў нашых суседзяў — Расіі, адбываецца фактычна адкрытая публічная рэабілітацыя сталінізму. Тое, што сёння можна прачытаць пра ацэнку “Пакту Молатава-Рыбентропа” ў афіцыйных сродках масавай інфармацыі, гэта поўнае апраўданне. Гэта нават называюць выдатным крокам савецкай дыпламатыі.
Як можна называць выдатным крокам савецкай дыпламатыі падзею — маю на ўвазе тайныя пратаколы, якімі Сталін і Гітлер дзялілі цэнтральную і ўсходнюю Еўропу між сабой, — якая выклікала пачатак Другой сусветнай вайны? Гэта называць выдатнай падзеяй? Фактычна, гэта злачынства — злачынства супраць чалавечнасці. Гэта адбываецца ў Расіі адкрыта, у Беларусі гэта таксама адбываецца, але рэабілітацыя сталінізму ідзе трохі прыхавана.
Якуб Сушынскі,
Беларускае Радыё Рацыя