Цяпер афіцыйна. Пуцін прызначыў новага пасла ў Беларусь
Новым паслом Расіі ў Беларусі стане 69-гадовы Яўген Лук'янаў. Адпаведны ўказ падпісаў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.
«Прызначыць Лук'янава Яўгена Уладзіміравіча
Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь», —
гаворыцца ва ўказе расійскага прэзідэнта. Ён датаваны 25 сакавіка 2021 года.
Пра тое, што новым паслом Расіі ў Беларусі стане Яўген
Лук'янаў, казалі даўно, піша TUT.BY. Да нядаўняга часу ён узначальваў расійскую амбасаду ў
Латвіі — з 2016 года. Лук'янаў скончыў Ленінградскі дзяржаўны універсітэт.
Валодае англійскай і французскай мовамі. На дыпламатычнай працы з 1984 года.
Таксама быў на кіруючых пасадах у банкаўскай сферы, а да прызначэння ў Латвію
займаў пасаду намесніка сакратара Рады бяспекі Расіі.
Гэта ўжо трэцяя змена расійскага пасла за апошнія тры гады.
Расійскія эксперты мяркуюць, што змена пасла Расіі
звязаная са зменай палітычнай павесткі ў Беларусі і неабходнасцю дыпламатычнага
садзейнічання ў выхадзе з крызісу, а таксама са спробай знайсці сярэдні варыянт
паміж цвёрдым і мяккім падыходам. Яго называюць эфектыўным менеджарам.