Бунт Прыгожына ў карыкатурах, мемах і фотажабах
Дзень доўгіх кувалд — так жартам называюць спробу путча «Вагнера» 24 чэрвеня — актыўна каментаваўся таксама і ў графіцы.
Пачалося нечакана. Спачатку ў СМІ была апублікаваная інфармацыя пра ракетныя атакі на палявыя лагеры ПВК «Вагнер» з боку расейскіх войскаў. У адказ раніцай 24 чэрвеня Яўген Прыгожын правёў нараду камандзіраў ПВК і прыняў рашэнне: «Спыніць зло, якое нясе кіраўніцтва краіны».
Праз нейкі час вагнераўцы захапілі штаб Паўднёвай Ваеннай Акругі ў Растове. Адначасова падкантрольная Прыгожыну калона тэхнікі рушыла на Маскву. Крэмль назваў тое, што адбываецца, мяцяжом. Выхадку Прыгожына мастак Максім Паўленка адлюстраваў як укус вампіра.
Першая рэакцыя расейцаў на прыгожынскую акцыю — сапраўдны шок. Тут жа ў сетках з'явіліся тэматычныя мэмы, якія перадаюць трывожную атмасферу.
Па ходзе таго, як калона танкаў набліжалася да Масквы, згадалі, што апошні раз танкі на вуліцах расейскай сталіцы бачылі падчас жнівеньскага путча 91—га. А паколькі той путч нельга ўявіць без трансляцыі оперы «Лебядзінае возера», Прыгожына пачалі выяўляць як удзельніка вядомага балета.
Ва Украіне навіны з Растова выклікалі супярэчлівую рэакцыю. Адны заклікалі проста запасіцца папкорнам і назіраць за сутычкай паміж рознымі полюсамі ўлады ў Расіі. У сетках хапала жартаў на гэты конт.
Іншыя жыхары Украіны на глебе нянавісці да Пуціна пачалі сімпатызаваць вагнераўцам, надаючы Прыгожыну ў сваіх фотажабах імідж сапраўднага ўкраінца.
Што да заходняй прэсы, то там хутчэй іранізавалі над тым, што Пуцін сваімі рукамі стварыў свайго галоўнага смяротнага ворага ў выглядзе Прыгожына. Малюнак з брытанскага The Telegraph.
Апагеем дня стала з'яўленне на сцэне Аляксандра Лукашэнкі. Ён правёў перамовы з заснавальнікам ПВК «Вагнер», і ў выніку знайшоўся «прымальны варыянт развязкі сітуацыі», паводле якога «вагнераўцам» гарантуецца бяспека, а Прыгожыну надаецца прытулак у РБ.
Карыстальнікі прыйшлі да высновы, што гэта нагода аб'явіць аб з'яўленні ў Расіі новага дзяржаўнага свята — «Картофельный спас».
Пасля таго, як усё скончылася, стала папулярна высмейваць прыгожынскі паход на Маскву. Вось адна з фотажаб на гэты конт.
Аднак казаць пра тое, што ўсё будзе раней як і было напярэдадні 24 чэрвеня, пакуль нельга. Незразумелая будучыня Прыгожына і яго фармавання, пытанне, як адаб'ецца ўся гэтая гісторыя на расейскай вертыкалі і сілавіках, і, нарэшце, ці паспрабуе Кіеў скарыстацца хаосам у расійскім тыле на лініі фронту.