«”Прыгожын сыходзіць у Беларусь” не азначае, што Прыгожын застанецца ў Беларусі»
Палітычны аналітык Арцём Шрайбман рэфлексуе з падзеяў апошніх гадзін, калі Яўгену Прыгожыну заставалася да Масквы некалькі сотняў кіламетраў, але раптам уладальнік ПВК «Вагнера» быў сасланы ў Беларусь пры пасярэдніцтве Лукашэнкі.
Давайце адштурхоўвацца ад фактаў, а то, я разумею, былі нервовыя 24 гадзіны, сам не адліпаў ад тэлефона,
Па-першае, прэс-службы Лукашэнкі і Пуціна, якія кажуць пра неверагодную ролю беларускага палітыка ў выратаванні Русі ад смуты, — не самыя дакладныя крыніцы інфармацыі аб гэтай вайне, выказвае меркаванне Шрайбман у «Люстэрку».
Па факце роля Лукашэнкі, цалкам верагодна, была тэхнічнай. Абслужыць дамоўленасці, дасягнутыя праз больш важкіх для абодвух бакоў канфлікту пасярэднікаў, якіх Крамлю не хочацца свяціць на вялікую публіку. Расійскі Telegram кажа пра медыяцыю з боку паплечніка Пуціна, яго экс-ахоўніка, а цяпер губернатара Тульскай вобласці Аляксея Дзюміна.
Па-другое, «Прыгожын сыходзіць у Беларусь» не азначае, што Прыгожын застанецца там. Рабіць яму ў Беларусі няма чаго. Прыедзе, выдыхне, скарыстаецца калідорам і паедзе далей, калі наша Санта-Барбара апошняга дня не дасць нейкі новы сюжэтны паварот.
Па-трэцяе, тым не менш з пункту гледжання падтрымкі ўнутры краіны (сярод даверлівай на афіцыйныя навіны публікі) і падзякі ад Масквы за аказаныя, і ўсё роўна значныя, паслугі, Лукашэнка выйдзе з сітуацыі пераможцам. Прынамсі ў найбліжэйшай будучыні.
Па-чацвёртае, у будучыні больш аддаленай лёс Беларусі вызначыць траекторыя развіцця расійскага рэжыму, які сёння атрымаў самы сур'ёзны палітычны ўдар за апошнія дзесяцігоддзі, таму што агаліў ступень сваёй хісткасці, унутранай варожасці і бардака.
І гэта мы яшчэ не ведаем, як скончыцца гэты крызіс, на якія саступкі пойдзе Пуцін пад ціскам маршу вагнераўцаў, як гэта адаб'ецца на дачыненні да яго іншых звёнаў іх сістэмы і на баявым духу расійскага войска і ўсіх астатніх узброеных расійцаў.