«Аэрафлот» адмяняе рэйсы за мяжу
Флагманскі авіяперавозчык Расіі абвясціў, што з 8 сакавіка прыпыняе ўсе міжнародныя рэйсы, акрамя палётаў у Беларусь.
Гэты крок
найбуйнейшай дзяржаўнай авіякампаніі быў зроблены пасля таго, як Расавіяцыя
рэкамендавала ўсім расійскім авіякампаніям з замежнымі арандаванымі самалётамі
спыніць як пасажырскія, так і грузавыя рэйсы за мяжу. Яна спаслалася на высокую
рызыку канфіскацыі ў рамках заходніх санкцый самалётаў, арандаваных за мяжой, паведамляе euronews.com
Рэкамендацыя Расавіяцыі не распаўсюджваецца на авіякампаніі, якія выкарыстоўваюць расійскія самалёты або замежныя самалёты, якім не пагражае арышт. Гэта тычыцца таксама замежных авіякампаній з краін, якія ўвялі санкцыі супраць Расіі і не закрылі сваю паветраную прастору для расійскіх самалётаў.
«Аэрафлот» абяцае, што ўнутры Расіі працягне ажыццяўляць рэйсы ў поўным аб'ёме, акрамя раней уведзеных абмежаванняў на палёты ў паўднёвыя гарады краіны. У заяве «Аэрафлота», апублікаванай у суботу, у якасці прычыны пераносу названыя «абставіны, якія перашкаджаюць выкананню рэйсаў».