40% расіян лічаць, што Расія вядзе неабвешчаную вайну з Украінай

Колькасць расіянаў, якія чулі пра загібель пскоўскіх дэсантнікаў на тэрыторыі Украіны, практычна роўная ліку тых, хто нічога пра гэта не ведае (46% супраць 50%). Пра гэта сведчаць вынікі апытання, праведзенага Левада-Цэнтрам.



ross_btr.jpg

Большая частка рэспандэнтаў (54%), знаёмых з гісторыяй смерці дэсантнікаў, лічаць, што яны былі добраахвотнікамі, якія самастойна паехалі на дапамогу апалчэнцам. Кожны пяты апытаны, які чуў пра гэты інцыдэнт, лічыць, што вайскоўцы былі накіраваныя туды камандаваннем часткі. Расіяне, якія зусім не знаёмыя з падрабязнасцямі гібелі, схільныя лічыць, што гэта «качка», дэзінфармацыя з Інтэрнэту.

У грамадскай свядомасці захоўваецца фрагментарнасць, няяснасць адносна ўдзелу расійскіх добраахвотнікаў у баях на Усходзе Украіны. У цэлым колькасць тых, хто ўхваляе ўдзел рускіх добраахвотнікаў, як і раней, складае большасць (57%). Аднак, у параўнанні з вясной, доля прыхільнікаў, якія «цалкам пазітыўна» ацэньваюць ўдзел рускіх у баявых дзеяннях на Усходзе Украіны, скарацілася з 24% у сакавіку да 13% у верасні.

40% апытаных лічаць, што гібель рускіх салдат з прычыны падтрымкі Расіяй апалчэнцаў нельга нічым апраўдаць, паколькі Расія вядзе ўтоеную, неабвешчаную вайну і салдаты аказваюцца закладнікамі.

Кожны трэці рэспандэнт упэўнены, што Расія павінна аказваць дапамогу Данбасу, ахвяруючы жыццём сваіх салдат.

Апытанне праведзена 19 — 22 верасня 2014 па рэпрэзентатыўнай усерасійскай выбарцы гарадскога і сельскага насельніцтва сярод 1.600 чалавек ва ўзросце 18 гадоў і старэй ў 134 населеных пунктах 46 рэгіёнаў краіны. Размеркаванне адказаў прыводзіцца ў працэнтах ад агульнай колькасці апытаных разам з дадзенымі папярэдніх апытанняў. Статыстычная хібнасць дадзеных гэтых даследаванняў не перавышае 3,4%.

УНІАН