«Вельмі многія гульцы расчаравалі». Заўзятары — пра беларускі спорт і яго сумную будучыню

Нягледзячы на агульную дэградацыю спорту ў Беларусі, па-ранейшаму ёсць людзі, якія ходзяць на матчы і паядынкі, заўзеюць за тую ці іншую каманду. «Тр*буна» пагаварыла з некаторымі заўзятарамі.

Стадыён «Дынама» ў Мінску. Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Стадыён «Дынама» ў Мінску. Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


«Далей — сцяна»

Заўзятар з Беларусі

— Куды, па-вашаму, рухаецца цяпер беларускі спорт, што яго чакае ў бліжэйшыя гады?

— Ёсць цудоўны выраз «варыцца ў сваім саку». І наш спорт якраз адпавядае гэтаму выразу. Пра які-небудзь прагрэс у такім выпадку казаць не варта. Так, магчыма, будуць з'яўляцца ў нас нейкія зоркі з добрымі вынікамі, але іх столь — гэта ўнутраныя спаборніцтвы. Будуць чэмпіёнамі на мясцовым узроўні, а далей — сцяна. Ну і ніякага прагрэсу, а, наадварот, толькі дэградацыя. Прычым гэта тычыцца абсалютна ўсіх відаў спорту ў Беларусі.

— Тады беларускі спорт памрэ?

— Не, гэта ўсё-ткі такая сфера жыцця, якая ў любым выпадку будзе жыць. Проста ў нашай краіне спорт будзе існаваць на местачковым узроўні. Вось тыя ж гарадкі ці лапта памерлі? Наўрад ці, хтосьці ж гуляе ў іх. Калі нічога не зменіцца, калі спорт у нашай краіне будзе ісці і далей па сённяшнім шляху, то апусціцца якраз на ўзровень лапты і гарадкоў.

— Як вы ставіцеся да спартыўных санкцый?

— Калі баняць усю краіну, то будуць баніць і спартсменаў. Гэта лагічна, па-іншаму быць не можа. Так што ўсё справядліва.

— Паводле вашых адчуванняў і назіранняў, за апошнія гады людзей на стадыёнах стала менш або больш?

— Адназначна менш. Гэта відаць і па статыстыцы, нават нягледзячы на тое, што некаторыя клубы прыпісваюць у пратаколах наведвальнасць, і ў прынцыпе калі зірнуць на трыбуны.

— З чым гэта звязана?

— Калі мы гаворым пра футбол, то, па-першае, узровень чэмпіянату ўпаў, гэта відавочна. Клубы не праводзяць актыўнасцей нейкіх для заўзятараў, каманды не даюць вынікаў, не паказваюць цікавую гульню. Плюс у людзей знізіўся матэрыяльны прыбытак. Нават самі гульцы адзначаюць, што заўзятарам ужо не да футбола — пракарміць бы сем'і, выжыць самім. Раней таксама на першым месцы стаялі родныя, але час, каб схадзіць на стадыён, усё ж знаходзіўся. Цяпер у людзей, мне здаецца, няма ўжо ні жадання, ні часу, ні грошай.

— Што будзе далей?

— Цікавасць да спорту ў краіне, мне здаецца, не прачнецца, не будзе ўздыму наведвальнасці стадыёнаў. Як у футболе, так і ў іншых відах спорту. Наогул, лічу, што Беларусь — неспартыўная краіна. Скажам так, гэта краіна глораў, як бы крыўдна гэта для кагосьці ні было. Напрыклад, на КХЛ людзі ідуць на зорных супернікаў, а не на «Дынама», хочуць паглядзець на вядомых гульцоў. У футболе людзі хадзілі на «Барселону», «Рэал», Аргенціну і гэтак далей. Цяпер такія каманды не прыязджаюць — вялікая частка заўзятараў адпала.

— То-бок, калі ў Беларусь зноў паедуць топ-каманды, на стадыёнах будзе больш людзей?

— Так, я гарантую. З усіх абласцей краіны прыедуць заўзятары, каб убачыць зорак. Пакуль няма топ-калектываў, не будзе і заўзятараў. Свае — нецікавыя.

— Чаму?

— Як я ўжо сказаў, Беларусь — краіна глораў. І няма ў нас такога, як у Англіі, напрыклад, дзе за адну каманду заўзее некалькі пакаленняў адной сям'і. Пры гэтым не важна, дзе гуляе каманда, у якой лізе. Няма такога, што за каманду з нейкага раёна перажывае ўвесь гэты раён. Вось у Д3 гуляе ФК «Серабранка». І што, уся Серабранка ходзіць на матчы? Не, вядома.

«Пасля 2020-га з'явіліся гульцы, якія пайшлі на здзелку з уладай»

Заўзятар з Беларусі

— Да падзей 2020 года хадзіў на розныя віды спорту, таму што падабаецца спорт як такі, атмасфера. Часта наведваў «Мінск-Арэну», хадзіў на валейбол, на баскетбол, дзе нашы каманды гулялі ў міжнародных турнірах. Натуральна, на фінальныя паядынкі ўнутраных спаборніцтваў. У тым жа чэмпіянаце Беларусі па хакеі ні за каго не заўзею, але дзеля атмасферы мог схадзіць на той ці іншы паядынак фінальнай серыі.

Паступова стаў наведваць менш відаў спорту. Летась, бывала, хадзіў на «Цмокаў», бо было адчуванне, што клуб не замазаны ў палітычных гісторыях. Але пасля перайменавання каманды згубілася сувязь, мне стала нецікава сачыць за калектывам. У выніку застаўся толькі футбол.

— Чаму ён застаўся?

— З дзяцінства ім жыву, усё жыццё хадзіў на матчы. І вось так проста не кінуць усё. Пры гэтым хачу адзначыць, што вельмі многія гульцы мяне індывідуальна моцна расчаравалі. Больш за тое, пасля 2020-га практычна ў кожнай камандзе Беларусі з'явіліся гульцы, якія пайшлі на тую ці іншую здзелку з уладай, напрыклад, падпісалі праўладны ліст. Яны мяне расчаравалі, таму і калектываў, за якія хацелася б асабліва перажываць, амаль не засталося. Хаджу на футбол, проста таму, што падабаецца від спорту. Плюс для мяне матчы — гэта такая аддушына, прагулянка. Дарэчы, калі прыйсці на стадыён на адзін матч, можна ўбачыць тых жа людзей, якія ходзяць і на іншыя паядынкі. Гэта значыць, людзі рэальна наведваюць арэны ці таму, што гэта неяк звязана з іх працай, ці каб «забіць» час — для іх гэта хоць нейкая забаўка ў сённяшнім жыцці. І я, напэўна, такі ж.

Адзінае, летась цікавасць выклікала «Энергетык-БДУ» — каманда, якая даказала, што можна дасягаць выніку і без грошай. Пры гэтым, дарэчы, нават поспех «студэнтаў» не прыцягнуў да іх заўзятараў. Вы паглядзіце — наведвальнасць матчаў «Энергетыка-БДУ» ўсё роўна не павялічылася. На матчы каманды ходзяць хіба што сваякі футбалістаў і тыя ж людзі, якія ходзяць і на паядынкі іншых калектываў. Гэта значыць, беларусы, для якіх футбол — спосаб неяк бавіць час. Ну і цікавасць у мяне выклікаў «Гомель», таму што каманда паказвала цікавы прыгожы футбол. І, што немалаважна, гульцы не паддаліся ціску ўлад, не падпісалі праўладны ліст і, такім чынам, захавалі заўзятараў. Хацелася б, каб «Гомель» чагосьці дасягнуў.

— Гэта значыць, вы ходзіце на футбол і разглядаеце спартсменаў у тым ліку з маральнага пункту гледжання? Для вас гэта важна?

— Безумоўна. З аднаго боку, зразумець тых, хто маўчыць або падпісвае ліст, можна: яны пайшлі па шляху найменшага супраціву, каб захаваць свае месцы. Але ў мяне больш павагі выклікае, напрыклад, Павел Няхайчык, які проста завяршыў кар'еру, каб не быць часткай усёй гэтай сістэмы.

— Што, па-вашаму, чакае футбол Беларусі ў найбліжэйшай будучыні?

— Ды нічога добрага. Ён прыйдзе ў такі стан, што яго аднаўляць давядзецца вельмі-вельмі доўга. Тым больш цяпер у гэтым відзе спорту так шмат асоб, якія расчаравалі... Вельмі сумна. Цяпер некаторыя ўжо дайшлі да таго, што выбачаюцца за тое, што ў 2020-м выступілі супраць гвалту.

— Куды спорт у нашай краіне рухаецца, па-вашаму?

— Пэўна, у бліжэйшыя гады яго чакае гніенне. Пакуль будзе бан, спорт будзе варыцца ў сваім соау. І можна выбудаваць такі ланцужок: няма прагрэсу — няма цікавасці грамадства — няма фінансавання. Спорт Беларусі ў сённяшнім стане чакае дэградацыя.

— Спартыўныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі справядлівыя?

— Улічваючы ўсю сітуацыю, якая склалася — так. Санкцыі — гэта пакаранне за ўчынкі, якія зрабіла дзяржава. А паколькі спорт у Беларусі — гэта частка дзяржаўнай машыны, то лагічна, што баны тычацца гэтай сферы.

Пры гэтым мяне бянтэжаць некаторыя моманты. Як, напрыклад, можна дапускаць, што Арына Сабаленка выпівае шампанскае з Лукашэнкам, а потым спакойна гуляе на турнірах? Мы разумеем, што гэта змешванне спорту і палітыкі, але чамусьці міжнародныя федэрацыі гэтага не ўлічваюць. Ці чаму расійскія футбольныя каманды адхілілі ад еўракубкаў, а беларускія — не? Справа нават не ў саўдзеле ў вайне, а ў тым, што ўлады наўпрост умешваюцца ў футбол у краіне. Лічу, што і нашы клубы заслугоўваюць адхілення ад турніраў. Заслугоўвае адхілення і зборная. Як на мяне, санкцыі павінны быць больш жорсткімі, прычым іх трэба было зрабіць больш жорсткімі яшчэ да пачатку вайны ва Украіне. Зноў жа, праз умяшанне ўлад у спорт.