Легенда хакею Дамінік Гашэк: НХЛ і тэнісныя асацыяцыі паплацяцца за падтрымку Расіі
Двухразовы ўладальнік Кубка Стэнлі, алімпійскі чэмпіён у складзе зборнай Чэхіі па хакеі Дамінік Гашэк у сваім Twitter заявіў, што Нацыянальная хакейная ліга (НХЛ), Асацыяцыя тэнісістаў-прафесіяналаў (ATP) і Жаночая тэнісная асацыяцыя (WTA) павінны пераглядзець адносіны з расійскімі спартоўцамі.
Расійскія гульцы выступаюць у НХЛ, якая не залежыць ад Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF), без абмежаванняў. У сакавіку IIHF абвясціла аб адхіленні зборных Беларусі і Расіі ад міжнародных турніраў з-за сітуацыі ва Украіне, а таксама адняла ў Расіі права правядзення моладзевага і дарослага чэмпіянатаў свету 2023 года.
Тэнісісты з Расіі выступаюць на турнірах пад эгідай ATP і WTA у нейтральным статусе.
«У свеце існуюць мільёны людзей, якія расчараваныя тым, што НХЛ, WTA і ATP па-ранейшаму дазваляюць расійскім спартоўцам гуляць і тым самым падтрымліваюць Расію. За гэтую падтрымку ўсім траім давядзецца заплаціць», — напісаў Гашэк.
У лютым Дамінік Гашэк заклікаў НХЛ прыпыніць дзеянне кантрактаў расійскіх гульцоў з-за вайны ва Украіне. У красавіку былы брамнік патрабаваў, каб расійскія гульцы не былі дапушчаны да матчаў рэгулярнага чэмпіянату паміж «Сан-Хасэ» і «Нэшвілам», якія прайшлі ў Празе ў кастрычніку.
Улетку Гашэк прапаноўваў саджаць чэхаў у турму на 15 гадоў за працу ў Расіі. У снежні ён паведаміў, што падрыхтаваў ліст у НХЛ, ATP і WTA.