Павел Слюнькін: Рэпрэсіі не стануць часткай гандлю — гэта экзістэнцыяльная рэч для рэжыму

У медыяпрасторы разгортваецца дыскусія на тэму, ці дастаткова робіць Офіс Ціханоўскай для вызвалення палітвязняў. Экс-дыпламат Павел Слюнькін лічыць, што ў пытанні вызвалення палітвязняў сёння «гандаль недарэчны». І гэта не ад апазіцыі залежыць.

247933712_logo_1.jpg


Лідары меркаванняў, сваякі палітвязняў і проста неабыякавыя беларусы актыўна крытыкуюць адзін аднаго, эмацыйна выказваюцца наконт таго, хто і што павінен быў рабіць, прыводзяць алгарытмы для розных структур, пачынаючы ад беларускай апазіцыі і заканчваючы АБСЕ, фармулююць мноства пытанняў, галоўнае з якіх гучыць найбольш цынічна: «Ці дарэчны гандаль у справе вызвалення палітвязняў?».

«Філін» пагаварыў з экс-супрацоўнікам МЗС Беларусі, аналітыкам Еўрапейскага савета па міжнародных адносінах (ECFR) аб тым, як ён бачыць гэтую сітуацыю.

— Я мяркую, крытыка, якая цяпер абрынулася на Ціханоўскую і яе каманду, не зусім канструктыўная, — кажа Слюнькін. — Лукашэнка сапраўды заўсёды выходзіў на гэтую цынічную мадэль гандлю. Калі дапусціць яе цяпер, то ёсць два варыянты: альбо ісці на ўступкі рэжыму і нават за аднаго вызваленага пачынаць адмяняць санкцыі, альбо патрабаваць вызвалення ўсіх для кроку ў адказ.

Але незалежна ад схемы ў двух бакоў, гэта значыць у Лукашэнкі і Захаду (менавіта ён уводзіў санкцыі, а ніяк не Офіс Ціханоўскай, таму толькі яму прымаць рашэнне аб адмене) завышаныя чаканні ад уступак адзін аднаму. 

Нават калі Лукашэнка выпусціць некалькі сотняў чалавек, за гэта не адменяць самыя жорсткія санкцыі, таму што яны ўводзіліся за іншае: была прымусовая пасадка самалёта «Ryanair», быў міграцыйны крызіс, ёсць удзел у вайне.

Ён жа не выганіць расійскія войскі, яны не перастануць бамбіць Украіну з беларускай тэрыторыі, рэжым не перастане дапамагаць расійскім жаўнерам, навучаць іх, лячыць, пастаўляць тэхніку і гэтак далей.

Максімум, што зможа прапанаваць Захад у адказ на вызваленне палітвязняў сёння — гэта нешта малазначнае, напрыклад, падключэнне якога-небудзь банка да SWIFT або зняцце персанальных санкцый з некалькіх чыноўнікаў.

Сёння Захад не можа ігнараваць пытанні бяспекі, пытанні, звязаныя з роляй Беларусі ў вайне.

— Гэта значыць, стаўкі выраслі, і Лукашэнка выдатна разумее гэта?

— Пра што і гаворка! Ён хацеў бы ў абмен на вызваленне людзей сур'ёзных уступак з таго боку, а так навошта выпускаць хоць кагосьці, калі наўзамен не атрымаеш нічога з жаданага.

Разумееце, ён лёгка мог хоць бы паспрабаваць пачаць гэты так званы «гандаль» і выпусціць хоць усіх, не спыняючы рэпрэсій, а на наступны дзень вярнуць палову або ўсіх назад у турму. І нават хадзілі чуткі пра нейкія там амністыі.

Але ў выніку беларускі кіраўнік усё ж такі не распачаў ніводнай спробы пайсці па гэтым шляху, будучы ўпэўненым у тым, што ўсё роўна за гэта нічога не атрымае. Цана, якую гатовы заплаціць Захад за вызваленне людзей, значна ніжэйшая за яго чаканні. Таму яму такія прапановы нецікавыя.

Магчыма, ён спадзяецца, што ў будучыні зможа «прадаць» сваіх закладнікаў больш выгадна. Умоўна кажучы, цяпер паміж бакамі няма перамоўнай позвы. Адпаведна, у Лукашэнкі няма і стымулу садзіцца за стол перамоў.


— А ціск Расіі? Бо вядома, што ён праз таго ж нябожчыка Макея спрабаваў намацваць магчымасці перамоў з Захадам.

— Калі беларускі рэжым пачынае нібыта скардзіцца на Пуціна, на тое, што Беларусь хочуць захапіць, пазбавіць суверэнітэту і незалежнасці, лагічна адказаць: каму гэта трэба — вам ці нам? Калі вы баіцеся, дык выпусціце палітвязняў, паменшыце сваю ролю ў вайне, гэта ж у вашых інтарэсах. Тады і мы пачнём па-сур'ёзнаму размаўляць.

Праблема ў тым, што пакуль Лукашэнка, нават пры патэнцыйных пагрозах з боку Крамля, адчувае сябе даволі ўпэўнена і стабільна. Так, ён прамацвае глебу, але яго пазіцыя такая: калі вам трэба гэта — плаціце маю цану, дайце мне тое, што трэба мне.

А гэта, як я ўжо казаў, сур'ёзныя ўступкі, аж да поўнай адмены санкцый, асабліва ў ключавых галінах —калійных угнаеннях, нафтаперапрацоўцы.

І я разумею, чаму Захад не ідзе па гэтым шляху. Ніхто не давярае Лукашэнку, ён можа ўсіх падмануць яшчэ на стадыі «гандлю», не кажучы ўжо пра тое, што будзе пасля скасавання санкцый. Няма абсалютна ніякіх гарантый, што ён зноў не набярэ столькі ж палітвязняў.

— Хіба пасля сумнавядомых перамоў у СІЗА КДБ не стала відавочным, што гэта адзінае, на што гатовы гэты рэжым? І, як мы ведаем, пасля таго «круглага стала» абсалютна нічога не адбылося. Захад не давярае Лукашэнку, гэта значыць больш наогул няма ніякіх варыянтаў для перамоў?

— Тут трэба ўлічыць яшчэ адну акалічнасць. Нават калі б зайшла гаворка пра вызваленне нейкай колькасці людзей, свой палітычны рэжым Лукашэнка мяняць не будзе, гэта значыць рэпрэсіі будуць працягвацца нягледзячы ні на што.

І нават адмена ўсіх санкцый іх не спыніць. Да статус-кво 2020 года мы не вернемся. Ён не верне незалежныя СМІ, НДА, праваабарончыя арганізацыі. Для Захаду гэта відавочна.

— А кейс з транзітам украінскага збожжа хіба не кажа пра тое, што ён можа пайсці на ўступкі пры пэўных абставінах? Бо сёння яны ўжо гатовыя даць калідор без усялякіх умоў. Ці гэта іншае?

— Не, гэта частка вялікага працэсу. Проста гэта не звязана прама з палітвязнямі. Здзелка па збожжы ніяк не пагражае беларускаму рэжыму. Яна ніяк не перашкодзіць працягу рэпрэсій, наадварот, яшчэ і грошай заробяць.

Лукашэнка быў бы рады паўдзельнічаць у гэтай здзелцы, калі Расія не заблакіруе такую пазіцыю. Не выключана, што ён гэты ўдзел мог бы паднесці як першы крок насустрач, наўзамен за які чакаў бы крок у адказ. Але, паўтару, сутнасць рэжыму дазвол удзельнічаць у такой здзелцы не змяніў бы.

Звярніце ўвагу, на апошніх перамовах з Пуціным Лукашэнка казаў, як ён бачыць тое, што адбываецца ў Беларусі. Па яго словах, яны «праводзяць рэформы ў грамадскай і палітычнай сферах».

Тое, што мы бачым — усе гэтыя экстрэмісты і тэрарысты, знішчэнне СМІ, арышты — гэта, аказваецца, рэформы!

Для яго гэта стратэгічная рэч, ад якой ён не гатовы адмовіцца. Ён паглядзеў, да чаго прывялі 7 гадоў адноснай свабоды ў Беларусі, адноснага для беларускага рэжыму лібералізму — і цяпер знішчае ўсё гэта. Знішчае падмурак, на якім вырас беларускі супраціў, народная незадаволенасць.

Таму рэпрэсіі ніколі не стануць часткай гандлю. Гэта экзістэнцыяльная рэч для яго рэжыму. Ён праводзіць рэпрэсіі планамерна, свядома і з пэўнай мэтай. Да таго ж ён ужо перайшоў «чырвоную лінію», таму зваротнай дарогі няма.


— Ці азначае ўсё вышэйсказанае, што шляхам мірных перамоў пытанне вызвалення людзей развязаць не атрымаецца?

— Крыху не пагаджуся. Тое, што мы зараз абмяркоўваем, гэта пазіцыі бакоў па стане на дадзены момант. Але сітуацыя дынамічная. І тут ёсць шмат фактараў.

Напрыклад, чым горшым будзе становішча расійскіх войскаў ва Украіне, унутрыпалітычная абстаноўка ў Расіі, тым больш стымулаў будзе з'яўляцца ў Лукашэнкі ісці на нейкія ўступкі.

Зноў жа, калі Расія зрэжа «паёк» ці нейкія кругі пачнуць аказваць сур'ёзны фінансавы ціск. Гэта значыць, чым больш будуць звужацца магчымасці з расійскага боку, тым больш прывабнымі будуць перамовы з Захадам.

Але пакуль у яго няма адчування поўнага краху, крытычны момант яшчэ не надышоў. Сэнс санкцый у тым, каб даціснуць яго, загнаць у бязвыхаднае становішча і прымусіць саступіць.

Таму цяпер некаторыя крытыкуюць працу, якая праводзіцца па вызваленні закладнікаў, і настойваюць на тым, што трэба ісці на ўступкі Лукашэнку, што санкцыйны ціск на яго не дзейнічае, што мы чакаем занадта доўга. Яны не разумеюць, што з ім нельга дамаўляцца і такому чалавеку нельга саступаць.

Бо нават тэрарысты, якія трымаюць закладнікаў, маюць часцяком залежнае становішча, бываюць акружаны. А ў Лукашэнкі пакуль ёсць Расія, якая ва ўсім дапамагае і падтрымлівае.

Пераклад «НЧ»