ZNWR: Крама ў Маскве — гэта новая платформа, каб казаць аб важным
Вядомы беларускі брэнд ZNWR пасля пачатку вайны адкрыў 4 крамы ў Маскве, і далёка не ўсе прыхільнікі брэнду ўхвалілі такую ініцыятыву. Цяпер дызайнеры патлумачылі сваё рашэнне: Ідэйнасць і свядомасць — не адное і тое ж
Дызайнерскі брэнд ZNWR вядомы сваімі худзі і цішоткамі. Ён зарадзіўся ў Бабруйску, але з часам заваяваў не толькі беларускі рынак, нагадвае праект "1906".
Крамы ў Расіі ў брэнда былі і раней. Але пасля пачатку вайны яны адкрылі яшчэ чатыры ў Маскве.
Частку беларусаў у сацсетках гэта абурыла.
Брэнд пракаментаваў сітуацыю.
«Мы разумеем эмацыянальны фон, які пануе цяпер, але хацелася б, каб гэта не замінала людзям паглыбляцца і бачыць рэчы шырэй.
Калі мы робім наш прадукт, адчыняем нашыя прасторы — гэта наш сродак размаўляць з людзьмі. І гэта тое, што мы можам рабіць — інтэгравацца ў падсвядомасць людзей такім чынам і трансляваць свае каштоўнасці», — тлумачыць Наста Шастак, крэатыўны дырэктар брэнда ZNWR.
Яна адзначае, што, напрыклад, у маскоўскай краме ў ГЦ «Атрыум» у вітрыне скарыстаныя колеры ўкраінскага сцяга.
«Нас здзівіла такая плынь негатыўных каментароў. І калі б гэтыя людзі ведалі каманду знутры, ім бы стала сорамна за такія словы. Ідэйнасць і свядомасць — не адное і тое ж».
Брэнд дадае, што ў іх камандзе «не падзяляюць свет на сваіх і чужых, гатовыя несці святло і змагацца за яго тымі сродкамі, якія даступныя ім».
«Ніхто не пісаў аб тым, як мы абклеілі ўсе вітрыны сваіх крамаў у РФ надпісам PEOPLE FOR PEACE, як пачалася вайна, як выпусцілі лінейку цішотак і пералічвалі сродкі ў падтрымку фондаў, рабілі пасты і г.д. Мы рабілі гэта моўчкі.
І мы будзем працягваць быць сацыяльна адказным брэндам, які рызыкуе і размаўляе.
І нашая новая крама ў Маскве — гэта новая платформа, каб казаць аб важным, каб аб'ядноўваць людзей, каб заяўляць на шырокую аўдыторыю сваю пазіцыю і быць сумленнымі перад сабой», — падсумоўвае крэатыўны дырэктар.