Жанчына, якая была першай ва ўсім: суд, Мінадукацыі, ААН
У гісторыі Беларусі рэдка калі згадваюцца жанчыны і іх роля ў жыцці краіны. Да прыкладу, ці чулі вы пра Еўдакію Уралаву? За савецкім часам яна была першай пракуроркай, першай міністаркай — і, напэўна, першай праваабаронцай. У сэнсе, першай жанчынай, якая займала такія пасады і пабывала ў ААН ад БССР.
Дзіўная рэч: у Беларусі сярод педагогаў, перадусім школьных настаўнікаў, пераважная большасць жанчын (паводле звестак на 2024 год — 83%), а вось кіруюць сферай адукацыі чамусьці мужчыны. У спісе міністраў, пачынаючы ад стварэння Мінасветы ў 1946 годзе, усяго два жаночыя прозвішчы.
«Салідарнасць» згадвае жанчыну, з якой усё пачыналася, першую беларуску — наркама, а потым міністарку асветы Еўдакію Уралаву.
Магілёўшчына ці Смаленшчына?
Цікава, што месца нараджэння будучай наркамасветы Беларускай ССР дакладна не вызначанае — у адных крыніцах пазначаная вёска Сакалянка ў Смаленскай губерніі, у другіх называюцца Сакаляны Клімавіцкага павета, што на Магілёўшчыне. З датай пэўнасці больш: 22 жніўня 1902 года.
Бацька Уралавай загінуў усяго праз пару гадоў пасля нараджэння дачкі на руска-японскай вайне 1904-1905 гадоў, і паколькі іншых крыніц прыбытку сям’я не мела, то жыла ў нястачы. Але для Дусі маці жадала іншай долі, таму адправіла дзяўчынку вучыцца: у роднай вёсцы тая наведвала царкоўна-прыходскую школу, потым скончыла двухкласную «народную» ў суседнім паселішчы.
А пасля Еўдакія і сама падалася ў настаўніцтва, працавала ў вясковых школах, была, да таго ж, жаночай арганізатаркай і партыйнай актывісткай.
З педагогаў — у пракуроры. І вышэй
Гэта стала магчымым пасля заканчэння ў 1931 годзе Вышэйшых юрыдычных курсаў у Маскве — адтуль Уралава вярнулася ў родныя мясціны на пасаду пракурора, якім была ў Дарагабужы, Вязьме і Полацку, таксама займала месца народнага суддзі ў Рослаўлі.
Аднак неўзабаве яна, што называецца, пайшла па партыйнай лесвіцы: другі сакратар у Полацкім акруговым камітэце, першы ў райкаме, — а ў 1938-м, першай і адзінай з жанчын, была прызначаная наркамам асветы БССР. І менавіта тут паказала, што яна не толькі добрая настаўніца, але і таленавітая арганізатарка і адміністратарка.
Проста лічбы для ілюстрацыі: калі ў 1937-38-м навучальным годзе ў рэспубліцы было 1545 няпоўных сярэдніх і 409 сярэдніх школ, то ўсяго праз два гады, ужо пры Уралавай — 1707 «сямігодак» і 759 сярэдніх. Агулам у школах займаліся звыш 1,1 мільёна навучэнцаў, прытым усе гарады «усенавучам» былі ахоплены цалкам.
Камісарка асветы
Гісторык Эмануіл Іофе ў сваім артыкуле, прысвечаным дзейнасці Уралавай, падкрэсліваў немалую яе ролю ў распаўсюдзе і вышэйшай адукацыі ў Беларусі: «З яе імем звязаны адкрыццё ў 1940 годзе Беластоцкага педагагічнага, Гродзенскага і Пінскага настаўніцкіх інстытутаў, устанаўленне ганаровага звання "Заслужаны настаўнік Беларускай ССР"».
Зрэшты, партыйную лінію яна таксама гнула старанна і, наведваючы незадоўга да вайны школы ў Беластоку і Гродне, адзначала, што настаўнікі слаба праводзяць «грамадскую работу сярод насельніцтва», што «ў польскіх школах няма зусім камсамольцаў», «апошнім часам пачаўся выхад дзяцей з піянерскіх атрадаў», затое «ніколі такога вялікага наведвання касцёлаў не было, як цяпер…».
У чэрвені 1941-га Уралава разам са сталічнай адміністрацыяй арганізавала экстраную эвакуацыю дзіцячых дамоў, летнікаў, санаторыяў з Мінска і іншых гарадоў, што найбольш цярпелі ад бамбардзіровак — спачатку ў тылавыя раёны, потым — па-за межы рэспублікі. Усяго ўдалося эвакуяваць больш за 160 устаноў, прычым чыноўнікі стараліся адсочваць іх месцазнаходжанне і патрэбы.
Адрадзіла БДУ
У 1942 годзе Еўдакія Уралава — дарэчы, разам з Якубам Коласам — была камандзіраваная ў Ташкент, каб дамовіцца пра часовае размяшчэнне там беларускай Акадэміі навук. Гэта атрымалася — а паралельна Уралава паклапацілася пра сям’ю пісьменніка. У яе дакладной запісцы да старшыні Саўнаркама БССР ад кастрычніка 1942 года ёсць такія радкі: «Хотя Я. Колас мне никаких просьб не передавал, но я убедилась. что Я. Колас и его семья испытывают острую нужду в обуви. Поэтому прошу Вас, т. Былинский, дать указание об отпуске обуви т. Я. Коласу — мужские номера 41, 42, 44 и женские — 38».
Акрамя таго, дзякуючы намаганням Еўдакіі Уралавай яшчэ падчас вайны аднавіў сваю працу Белдзяржуніверсітэт: у 1943 годзе ў падмаскоўнай Сходні размясціліся геаграфічны, філалагічны і гістарычны факультэты. У афіцыйных зваротах Уралава настойвала, што аднаўленне працы БДУ стане «вялікім святам» для народа, які змагаецца ў тым ліку «за паўнакроўны росквіт беларускай навукі і культуры».
Таварыш міністарка
У 1946 годзе Народны камісарыят асветы БССР ператварыўся ў Міністэрства асветы — яго кіраўніцай і, такім чынам, першай міністаркай адукацыі засталася Еўдакія Уралава. На гэты час падначаленыя ёй структуры зрабілі нямала: правялі пераўлік дзяцей школьнага ўзросту, пачынаючы з 7 гадоў, аднавілі больш як 10,5 тысяч школ, напісалі і пераклалі дзясяткі падручнікаў.
Учытайцеся — па цяперашнім часе гучыць, як песня: «Переведено с русского языка и сдано в печать 31 название учебника, из которых вышло из печати 5 названий в количестве 280 000 экземпляров … Изданы программы для начальной школы на белорусском языке в количестве 7000 экземпляров». Хоць рускамоўных падручнікаў было таксама нямала, але тэндэнцыя відавочная.
Звязаная з імем Уралавай і яшчэ адна гісторыя. У 1944 годзе ў Мінску, як і ў многіх іншых сталіцах і буйных гарадах саюзных рэспублік, паспрабавалі ўвесці асобнае навучанне хлопчыкаў і дзяўчат (планавалі раней, але перашкодзіла вайна).
Ініцыятарам, зразумела, выступала не тады яшчэ наркам асветы БССР — загад ішоў з Крамля, — але Уралава паспрабавала праз газеты абгрунтаваць падзел: маўляў, цяпер за парты сядуць дзеці, абпаленыя вайной, таму настаўнікі мусяць замяніць многім бацькоў, а гендарны падзел павысіць дысцыпліну.
Але атрымалася з дакладнасцю наадварот, і не толькі ў Беларусі: паспяховасць зніжалася, дысцыпліна кульгала на абедзве нагі, у падлеткаў пачаліся праблемы з сацыялізацыяй — і пасля смерці Сталіна эксперымент, які так і не стаў усеагульнай рэформай, канчаткова згарнулі.
З вышынь Саўміна
Уралаву ўжо ў 1948 годзе паставілі на іншую працу — у кіраўніцтва Беларускага рэспубліканскага таварыства па распаўсюдзе палітычных і навуковых ведаў. А ў 1950-х яна амаль дзесяць гадоў займала пасаду намесніка старшыні Саўміна БССР, таксама была дэпутаткай Вярхоўнай Рады БССР — і, зноў жа, змагла нямала зрабіць для беларускай адукацыі.
Так, пры яе спрыянні (Еўдакія Уралава настойвала, што трэба як мага хутчэй адрадзіць і ўмацаваць беларускую вышэйшую школу, якая рыхтавала б уласныя кадры) адкрыўся цэлы шэраг ВНУ: Брэсцкі педінстытут і Гродзенскі сельскагаспадарчы, Інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту ў Гомелі, Інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі і Гродзенскі медінстытут. А яшчэ з яе імем звязаныя адкрыццё ў Мінску «Тэатра юнага гледача» (1956) і ўступленне БССР у ЮНЕСКА (1954).
І крыху феміністка
Цікава, што ў 1945-м Еўдакія Уралава ўвайшла ў склад першай дэлегацыі ад БССР на Генасамблеі ААН — прычым яе прозвішча ў спісе ішло адразу пасля прозвішча кіраўніка дэлегацыі, наркама замежных спраў Кісялёва, а акрамя яе ў групе былі ўсяго дзве жанчыны — рэферэнткі-перакладчыцы.
Удзельнічала яна ў працы Генасамблеі ААН у якасці прадстаўніцы БССР і ў наступныя гады. І, у прыватнасці, у 1947-м стала адной з 15 сябраў Падкамісіі па становішчы жанчын (якая, у сваю чаргу, была часткай Камісіі па правах чалавека).
Менавіта Уралаву прыгадваюць як рашучую абаронцу права жанчын на роўную аплату працы — і дзякуючы ёй ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека з’явіўся артыкул 23: «Кожны чалавек, без якой-небудзь дыскрымінацыі, мае права на роўную аплату за роўную працу».
Таксама разам з полькай Фрыдэрыкай Каліноўскай і Лізаветай Паповай з агульнай дэлегацыі СССР Уралава акцэнтавала ўвагу на правах асоб на абмежаваных у суверэнітэце тэрыторыях — гэта адлюстравана ў артыкуле 2 УДПЧ: «Не должно проводиться никакого различия на основе политического, правового или международного статуса страны или территории, к которой человек принадлежит, независимо от того, является ли эта территория независимой, подопечной, несамоуправляющейся или как-либо иначе ограниченной в своем суверенитете».
***
Пра апошнія дзесяцігоддзі жыцця Еўдакіі Уралавай, на жаль, знайсці інфармацыі не ўдалося. Вядома, што памерла яна ў Мінску ў маі 1985 года. Пасля яе ў крэсле міністра адукацыі Беларусі пабывала ўсяго адна жанчына, у перыяд незалежнасці — аніводнай.