З «кухарчыных дзяцей» у кіраўнікі краіны. Паказальны лёс Васіля Шаранговіча
15 сакавіка 1938 года быў расстраляны Васіль Шаранговіч. Сённяшнім халуям Лукашэнкі варта пацікавіцца ягонай біяграфіяй, бо вучыцца лепш на чужых памылках.
Са слесараў у палітыку
Васіль Шаранговіч – класічны прыклад няшчасных «кухарчыных дзяцей», якія дарвуцца да ўлады і дзякуючы гэтай самай уладзе загінуць.
Ён нарадзіўся 20 лютага (4 сакавіка) 1897 года ў вёсцы Качаны (цяпер Мядзельскі раён Мінскай вобласці). Паходзіць з сялянскай сям’і. Атрымаў пачатковую адукацыю.
Калі надыйшоў час зарабляць на хлеб, паехаў шукаць працу ў Маладзечна. Уладкаваўся рознарабочым на будаўніцтве чыгункі, пазней працаваў слесарам.
А ў 1917-м 20-гадовы хлапчук становіцца чальцом РСДРП(б). Просты слесар ператвараецца ў старшыню Мядзельскага валаснога Савета сялянскіх і батрацкіх дэпутатаў. А крыху пазней – у сакратара Маладзечанскага павятовага камітэта партыі.
Палякі прысудзілі да катаргі
З 1918 году Васіль Шаранговіч служыў у Чырвонай арміі, а ў 1919-м быў накіраваны на падпольную працу ў Мінскую губерню.
У 1920-м арыштаваны польскімі ўладамі і асуджаны па розных звестках да 10 альбо 20 гадоў катаргі. У 1921-м абменены на двух польскіх інжынераў і прызначаны намеснікам наркаму юстыцыі БССР.
З 1926 году быў на прафсаюзнай рабоце ў Сыбіры.
Адзін з тых, хто ўводзіў наркамаўку
У 1931-1934 — сябра Прэзыдыюму ЦВК БССР. З гэтай пасады неабцяжараны добрай адукацыяй Шаранговіч і ўвайшоў у «палітычную камісію для перагляду расійска-беларускага слоўніка і новых правілаў правапісу беларускай мовы».
Гэтая камісія мела на мэце перапрацоўку акадэмічнага праекту рэформы беларускага правапісу 1933 года. Першапачатковы праект быў распрацаваны групай навукоўцаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і вылучаўся адназначным русіфікацыйным ухілам. Тым не менш, бальшавікі «зверху» палічылі яго недастаткова крыважэрным, таму і склікалі «палітычную камісію» з надзейных таварышаў, што зрабілі нашу мову максімальна падобнай да расійскай. Усе сябры гэтай ганебнай камісіі будуць рэпрэсаваныя сваімі ж паплечнікамі ў 1937-1938 гадах.
Сумны лёс з імі падзеліць і Васіль Шаранговіч.
У 1933 годзе пахваляўся расстрэламі
«Нашыя ворганы пралетарскай дыктатуры ГПУ стаяць на верным пасце і мы не толькі садзім тых, хто спрабуе тармазіць нашу працу і шкодзіць, але мы іх расстрэльваем», — прамаўляў пад агульныя апладысменты Шаранговіч, не разумеючы горкай іроніі свайго лёсу.
За «партызанскія подзвігі» падчас савецка-польскай вайны быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга і ганаровай зброяй
Кіраўнік спраў СНК БССР Сымон Кандыбовіч згадваў:
«Гікала ведаў, што сярод беларусаў Шаранговіч карыстаецца пэўнай папулярнасцю і аўтарытэтам, таму пастараўся перацягнуць на свой бок, падпарадкаваць свайму ўплыву. Гэтага ён дабіўся даволі хутка.
Пачалося з таго, што па загадзе Гікалы Шаранговічу сталі прыпісвацца заслугі, пра якія ніхто раней не чуў. Прапаганда даволі хутка зрабіла Шаранговіча кіраўніком партызанскага руху ў Беларусі падчас савецка-польскай вайны. Па ўказанні Гікалы знайшліся паслужлівыя камуністы, якія пачалі збіраць подпісы на заявах з просьбай узнагародзіць Шаранговіча ордэнам за яго былыя заслугі.
У выніку гэтай кампаніі пры падтрымцы «з месцаў» праз дванаццаць гадоў пасля «партызанскіх подзвігаў» Шаранговіч быў узнагароджаны Ордэнам Чырвонага Сцяга, які на той час быў самай высокай ваеннай узнагародай. Сапраўдныя партызаны такой несправядлівасцю былі засмучаныя і адчулі, што мала мець заслугі і подзвігі, патрэбны яшчэ пратэкцыя і апякунства. Гэтым спрытным крокам Гікала разбіў кансалідацыю верхавіны беларускіх камуністаў, а Шаранговіча цалкам падпарадкаваў свайму ўплыву».
Кіраваў нашай краінай пасля Гікалы
У 1934 годзе ён атрымаў прызначэнне ўпаўнаважаным камісіі партыйнага кантролю ў Казахстан.
А пасля адклікання Гікалы Крэмль вярнуў Васіля Шаранговіча на радзіму і прызначыў яго першым сакратаром ЦК КП(б) Беларусі.
Менавіта на час ягонай працы першым сакратаром партыі прыпадае гібель (дакладней, забойства) калегаў па «палітычнай камісіі» — старшыні Вярхоўнага Савета БССР Аляксандра Чарвякова і старшыні Саўнаркаму Мікалая Галадзеда.
Загадваў масава расстрэльваць беларусаў
У 1937 годзе Шаранговіч накіраваў у Маскву шыфроўку, у якой прапаноўваў:
«Расстраляць 3 тыс. чалавек як найбольш варожых і вядучых актыўную контррэвалюцыйную працу і выслаць з межаў Беларусі 9800 чалавек менш актыўных, але варожых элементаў».
Спрабаваў уратавацца лізаблюдствам
У чэрвені 1937-га на XVI з'ездзе КП(б) БССР (тым самым, падчас ягога загінуў Аляксандр Чарвякоў) Васіль Шаранговіч абвясціў:
«Мы павінны знішчыць дашчэнту рэшткі япона-нямецкіх і польскіх шпіёнаў і дыверсантаў, астаткі трацкісцка-бухарынскай банды і нацыяналістычнай падалі, раструшчыць і сцерці іх у парашок, як бы яны ні маскіраваліся, у якую б дзіру ні хаваліся».
Палымяная прамова не ўратавала Шаранговіча
27 ліпеня 1937 года ён быў арыштаваны. Васіля Шаранговіча судзілі па справе «праватрацкісцкага антысавецкага блоку» з групай, якую ўзначальваў Бухарын. Судовы працэс быў адкрыты, справаздачы пасяджэнняў змяшчаліся ў друку.
Цалкам прызнаў усе абвінавачванні. Нібыта быў польскім шпіёнам з 1921 году
З прызнанняў Шаранговіча падчас суда:
Я мушу таксама сказаць, што ў 1932 годзе была намі распаўсюджаная чума сярод свіней, у выніку чаго быў вялікі падзеж свіней, прычым гэта рабілася такім чынам, што прышчэпку чумы свінням рабілі шкодна.
… Далей па сельскай гаспадарцы я хачу сказаць адносна нашай дыверсіі ў галіне конегадоўлі. У 1936 годзе ў Беларусі была намі шырока распаўсюджана анемія. Гэта праводзілася намі з мэтай, бо конь у Беларусі мае велізарнае абароннае значэнне. Мы імкнуліся падарваць гэтую моцную базу ў выпадку, калі яна спатрэбіцца ў сувязі з вайной.
З прычыны гэтай меры загінула, наколькі я памятаю зараз, каля трыццаці тысяч коней.
Асуджаны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суду СССР 13 сакавіка 1938 года за «ўдзел у контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання.
У апошнім слове Васіль Шаранговіч прамовіў:
«Я прачуў увесь кашмар здзейсненых мной здрадніцкіх, падступных злачынстваў супраць савецкага народу, супраць Савецкай краіны. Кожны такі, як я, безумоўна будзе раздушаны ўсёй магутнасцю савецкай улады».
15 сакавіка 1938 году расстраляны. Рэабілітаваны 19 снежня 1957 года. У 1958-м – адноўлены ў партыі.