«Барацьба за будучыню сышла ў партэр і аказалася барацьбой за рэсурсы»

Максім Жбанкоў для партала «Наше мнение» піша пра адсутнасць выразнага плана ў дэмсіл, страту цікавасці да Беларусі ў замежных палітычных актараў і дзіўную новую «нармальнасць», да якой звыкаюць беларусы па абодва бакі мяжы.

_belarus_minsk_zniven_2022_ljudzi_zyccjo_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__9__logo.jpg

Гэты тэкст не перадрукуе «New York Times». Не зальюць слязьмі супрацоўнікі «The Guardian». І не перакажа «Радыё Свабода». Але ведаеце што? Вось гэта ўсё не важна. Паколькі гаворка пойдзе пра асабістае. Як быць з краінай, якой у цябе больш няма? Што рабіць у зоне, якой ты абыякавы? І навошта заставацца закладнікам няздзейсненай рэвалюцыі і яе нядоўгага хайпу? Адказы патрэбныя, нават калі іх не відаць. Твой бчб-сцяжок яшчэ горда лунае над лужкамі Еўрасаюза. Але за кадрам застаецца галоўнае: радыкальная змена карцінкі. Думаць пра якую некамфортна. Паколькі яна гасіць ўсе нашы зручныя казкі пра саміх сябе. Час скончыўся. А вось мігранты ў палёце — яшчэ не.

Belarus is boring. Што там у вас? Зноў Лукашэнка з ракетамі? Яшчэ адзін прома-тур Аб'яднанага кабінета? Зноў наезды і разборкі? Рэальнасць рассыпаецца на навінавыя сігналы і паспешныя сэлфі.

Гляджу ў сябе і не бачу сэнсу. Базавы стан — пераход у фонавы рэжым. Зашквар і кураж становяцца звычкай і ўжо не чапляюць ні актараў, ні публіку. Сітуатыўная энергія эмацыйнага саўдзелу выдыхлася па прычыне адсутнасці самой сітуацыі. Глабальная легенда агульнай справы лёгка разышлася на атамарныя складнікі — асабістыя схемы выжывання, прыватныя манеўры ў чужым асяроддзі.

Траўмы-2020 ужо не прадаць. Новых перамог не відаць за руціннай дыпламатычнай харэаграфіяй. Усё зноў ніяк. Па сутнасці мы праскакалі кола па стадыёне і зноў завіслі ў зыходнай кропцы — сумныя хобіты без выразнага бізнес-плана.


Глядзіце таксама

На фоне ўкраінскага беларускі сюжэт глядзіцца слабым. Агульнай гісторыі, прыдатнай для доўгатэрміновага карыстання няма. Ёсць размыты след публічнага эмацыйнага перадозу з ухілам у таксічны фан недадуманага шоу. Коснаязыкасць пратэснага публічнага перформансу не перайшла ў прадуманы сцэнар сацыяльных зрухаў. Проста таму, што думаць іх па-новаму, здаецца, далей няма каму. Барацьба за будучыню сышла ў партэр і аказалася барацьбой за рэсурсы.

Верхні паверх іншай Беларусі выправіў свой спектакль і завастрыў сваё ранейшае стадыённае шоу да пастаяннай дыпламатычнай місіі. Але ён мае толькі сімвалічную вагу. За фронтмэнамі не відаць публікі. Толькі праблемны бэкстэйдж.

Так, у нас ёсць лідар у выгнанні. Але я не ведаю, што з гэтым рабіць.

Параду і масоўцы асабліва няма чым адзін з адным падзяліцца — акрамя шэнгену і ВНЖ. Выплываем асобна. Зноў архіпелаг Беларусь. Гэтым разам на выездзе.

У цяжкавагавікі такіх не бяруць. Не тыя рэсурсы. Не тыя канцэпты. Не той стаф. Ён завіс паміж поп-гастролем і палітычным праектам. І таму самы частотны шлях мігранта — сярэдні. Прыгарадны блюз. Уладкаванне пасрэднага асяроддзя з хатніх нарыхтовак. Маміны закаткі.

Працоўны вектар — не франтальная гераізацыя, а прагматычная баналізацыя ўнутранай катастрафічнасці. Аказваецца, да арыштаў можна прывыкнуць. І дзікія тэрміны могуць надакучыць. Спісы ахвяр губляюць падпісчыкаў. Яны нікуды не вядуць. А ты жывеш наскрозь.

І далей будзе кіно. Наш выгарэлы азарт ўмельцы ўжо распісалі па дакументалках і прымяраюцца да серыялаў.

Групавая цікавасць і актыўная медыйнасць вычарпаліся.

На першай стадыі выязнога чэсу беларус быў па змаўчанні надзвычайным і паўнамоцным паслом адважнай дзвіжухі. Шанавалася прадстаўніцтва вострага сюжэту. Зараз працэс знешняга апазнання ідзе ў зваротку: ад асабістай статуснасці і персанальнай атракцыённасці да ўвязкі з траўматычным кантэкстам і прымусовай мабільнасцю.

Адпаведна, вядучы пасыл — не калектыўны марш. Паколькі няма суцэльнага выязнога калектыву, структураванай супольнасці з замацаваным арэалам пражывання. Ёсць пакет прыватнасцей, НДАшак, стартапаў і віртуальных праектаў. Абдымашкі і бойкі.

Усё гэта — Беларусь. Усё гэта — Беларусі.

Бчб-намады ўпалі ў зону свежай раз'яднанасці. Дзе цікавыя перш за ўсё самім сабе. Гэта жыццё з нестабільнай прапіскай. Драбненне намаганняў у бок гнуткай мазаічнай ідэнтычнасці. Кім захочаш — тым і здарышся.


Глядзіце таксама

Прыватызацыя беларускасці — новы праект для посттаталітарнай краіны. Але ён на раз-два прагортвае сюжэт пра нацыю, якая прачнулася. Так, яны прачнуліся — але каб разысціся па інтарэсах. Па сутнасці, абудзілася не палітычная нацыя, а аварыйная гарызантальная самаарганізацыя.

Аварыя аказалася доўгай. А самаарганізацыя — натуральнай формай выжывання ў чужым (або адчужаным) асяроддзі.

Учорашніх нас пачкам выкінула ў лапікавае заўтра. У пост-брыгаднасць і пасля-слова. У залу чакання, дзе ўжо няма сядзячых месцаў: усе, хто мог, ужо сядзяць.

Засталося залегчы. Або зліняць. І зноўку вучыцца дыхаць і смяяцца.

Наўздагон выбухной рэлакацыі прыходзіць перманентнае пачуццё дзіўнай нармальнасці. Калі можна не ведаць чалавека ў тэлевізары і не жыць ад пасадкі да дэкрэту. Калі разумееш, што гарызантальнай нацыі ў прынцыпе слаба патрэбныя вертыкаль улады і ліфты поспеху.

Любой улады і любога поспеху.


Глядзіце таксама

Больш важныя блізкія побач, краіна ўнутры, мама ў зуме, пачак кніжак, клубны чэс і свежыя булачкі, завезеныя ў тваю кавярню ў тэрмін. А гэта значыць, ціхі зыход выязной публікі са звыклых мігранцкіх атракцыёнаў — палітычнага тэатра і імправізацыйнага менеджменту.

Тым больш, што і тое, і другое ў полі новых зон знаходжання трапляе ў разрад завозных каланіяльных тавараў невыразнага прызначэння і дзіўнага тэрміну прыдатнасці.

Як і ўсе мы, бро. Як і ўсе мы.

Аўтаномныя сістэмы хуткага рэагавання. Народ уразлёт. Не спыніць, не стрымаць.