У сярэднім па 100 тысяч за год. Ад Лукашэнкі з Беларусі бягуць хутчэй, чым ад войнаў

Паталагічная прага ўлады адным чалавекам, які ўчапіўся за яе сінімі пальцамі, прывяла да першай у XXI стагоддзі хвалі міграцыі з Беларусі. І, як падлічыў Plan B, па маштабе яна ўжо перасягнула дзве з сямі хваляў міграцыйнага трафіку з краіны, які адбываўся ў XX стагоддзі. А па тэмпах страт насельніцтва саступае толькі міграцыям, якія былі справакаваныя першай, што перацягла ў братазабойчую грамадзянскую, і Другой сусветнай войнам.

_samalety___turyzm____belavia__fota_lzmitryja_dzmitryeva_novy_czas__11__logo.jpg_1.webp

Тры войны, два крызісы і сталінскія рэпрэсіі: мінус 4 мільёны

Сем міграцыйных хваль мінулага стагоддзя, паводле падлікаў гісторыкаў, каштавалі Беларусі ў яе векавым дэмаграфічным балансе амаль 4 мільёны чалавек. Прычым гэтыя чатыры мільёны ідуць у дадатак да мільёнаў загінулых і памерлых падчас крывавых войнаў і сталінскіх рэпрэсій, якія пракаціліся па яе тэрыторыі.

Вайна стала галоўным фактарам, які прымушаў жыхароў Беларусі здымацца з абжытых месцаў і пакідаць радзіму. Акрамя таго, уплывала эканамічная сітуацыя і рэлігійныя ганенні. Былі калектывізацыя і «будоўлі камунізму».

Першая хваля прыйшлася на канец XIX — пачатак XX стагоддзяў. Тады эканоміка і рэлігія згулялі галоўныя ролі. Эканамічная сітуацыя прымушала беларусаў з'язджаць на мясныя бойні Чыкага і нафтавыя вышкі Пенсільваніі. Або цэлымі вёскамі ад малазямелля — у Сібір.

Чарнасоценныя пагромы вымусілі рушыць за акіян сотні тысяч мясцовых габрэяў. Калі беларусы часткова вярталіся з ЗША і Канады, то габрэі з'язджалі назаўжды. Паводле падлікаў гісторыкаў, у гэтай хвалі Беларусь незваротна страціла да 400 тысяч чалавек.

Наступная, другая, хваля, выкліканая Першай сусветнай і грамадзянскай войнамі, была яшчэ маштабней. Спачатку — уцекачы ў Расію і Украіну ад надыходзячых кайзераўскіх войскаў. Потым — дваране, мяшчане, купцы і інтэлігенцыя. Людзі, якія ратаваліся ад чырвонага тэрору і «дабротаў» «ваеннага камунізму», дадалі ў мінусовы баланс яшчэ 550 тысяч мігрантаў.

Эканамічная эміграцыя з Заходняй Беларусі ў 1920-1930-х павялічыла беларускую дыяспару ў Лацінскай Амерыцы. І, адпаведна, паменшыла насельніцтва краіны за трэцюю хвалю яшчэ на 250 тысяч чалавек.

Савецкая яе частка ў паралельную чацвёртую хвалю пазбавілася яшчэ каля 1 мільёна насельніцтва. Гэтая хваля прыйшлася на 1926-1940-я гады. Людзі пакідалі свае дамы ў выніку раскулачвання, высылкі кантрэвалюцыйных элементаў і членаў іх сем'яў і масавай паўдабраахвотнай міграцыі на будоўлі камунізму, накшталт Данбаса.


Глядзіце таксама

Вялікае перасяленне і Другая сусветная

Другая сусветная і ў яе рамках Вялікая Айчынная вайна справакавала пятую хвалю. Гэта было вялікае перасяленне 1,1 мільёна чалавек у Маскву, на Урал, у Сярэднюю Азію.

У пасляваеннае дваццацігоддзе, у шостай хвалі, 500 тысяч чалавек з'ехала з Беларусі на будоўлі ў Сібір і на цаліну ў Казахстан. Яшчэ больш за 200 тысяч чалавек БССР страціла падчас пасляваеннага абмену тэрыторыямі і насельніцтвам з Польскай Народнай Рэспублікай.

Нарэшце, сёмая хваля XX стагоддзя — гэта яшчэ адзін зыход яўрэйскага насельніцтва з Беларусі. Ён пачаўся ў канцы 1960-х і стаў «вялікай аліяй» у апошнія гады існавання БССР. Краіну пакінула каля 100 тысяч габрэяў.

Адзін стары: мінус 300 тысяч

Не вайна і эканамічны крызіс, а адзін стары стаў прычынай, якая прымусіла пакінуць Беларусь ужо звыш 300 тысяч чалавек. Яны ратуюцца ў Польшчы, Літве, Грузіі, Латвіі і яшчэ немаведама дзе ад ініцыяваных і асвячоных ім палітычных рэпрэсій.

У выніку першая ў новым тысячагоддзі міграцыйная хваля па сваім маштабе ўжо перасягнула два зыходы ў XX стагоддзі — эміграцыю з Заходняй Беларусі ў «польскі час» і рэпатрыяцыю габрэяў з БССР.

Па хуткасці, з якой у 2021-2023 гадах Беларусь пакінулі звыш 300 тысяч чалавек (у сярэднім — па 100 тысяч за год), гэтая хваля саступае толькі ўцёкам адсюль насельніцтва ў гады Першай з грамадзянскай і Другой сусветным войнам.

І хто пасля гэтага не пагодзіцца, што мы ўжо ў стане вайны? Новая грамадзянская. Якая вось-вось можа перарасці ў Трэцюю сусветную. І якая можа стаць прычынай яшчэ больш маштабнай міграцыі беларусаў. Другой — для аднаго кіраўніка і аднаго праўлення.