Хронікі рэпрэсій. Каталіцкаму верніку Уладзіславу Беладзеду прысудзілі тры гады калоніі

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 13 сакавіка.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1.webp

У Мінскім гарадскім судзе 14 сакавіка вынеслі прысуд каталіцкаму верніку і выкладчыку катэхезы ў мінскім кафедральным касцёле Уладзіславу Беладзеду — тры гады калоніі. Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Верніка ў закрытым рэжыме судзіла Алена Ананіч.

Затрымалі Уладзіслава 31 траўня 2023 года. Некалькі разоў запар быў арыштаваны на 15 сутак. Пасля 30 сутак, праведзеных на Акрэсціна, Уладзіслаў выглядаў як чалавек, які падвяргаўся катаванням і бесчалавечнаму абыходжанню. Але ён захоўвае маральныя сілы.

Уладзіславу інкрымінавалі чатыры артыкулы Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 343 (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).

Вядома, што Уладзіслаў мае сур'ёзныя праблемы са здароўем.

У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля 5 лютага асудзілі Алу Вялікую паводле ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку). Суддзя Ганна Сакалова прызначыла Але тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

Жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна на старонцы ў фэйсбуку пакінула паведамленне з фотаздымкам Лукашэнкі і спасылкай на анлайн-платформу Change.оrg. На думку суда, у тэксце па спасылцы былі «ілжывыя выдумкі і абвінавачванні Лукашэнкі ў асабліва цяжкім злачынстве».

Яе вылічылі падчас маніторынгу сілавікамі публікацый у сацсетках.


Глядзіце таксама

У судзе Жыткавіцкага раёна працягваецца суд над жыхаром Петрыкава Аляксандрам Пацковым. 23-гадовага мужчыну абвінавачаюць у паклёпе на Лукашэнку паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 367 КК. Справу разглядае суддзя Аляксандр Аношка. Судовы працэс пачаўся яшчэ 13 лютага.

Пацкова, меркавана, затрымалі ў снежні 2023 года. Да затрымання ён нейкі час выконваў функцыі выконваючага абавязкі дырэктара унітарнага прадпрыемтва «Петрыкаўскі райжылкамунгас».

Паводле ч. 2 арт. 367 КК яму можа пагражаць абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін да 6 гадоў.

У судзе Заводскага раёна Мінска 21 лютага асудзілі Анастасію Малевіч. Супраць яе склалі пратакол паводле арт. 24.3 КаАП нібыта за перашкоду міліцыянтам раніцай правесці ператрус у яе кватэры, а таксама яна нібыта «ўпіралася нагамі і не ўпускала ў кватэру, з мэтай утойвання зброі і сродкаў здзяйснення злачынства, а менавіта мабільнага тэлефона». Суд прызначыў ёй сем сутак арышту.

Супраць праваабаронцы і рэдактара аршанскага незалежнага сайта Ігара Казмерчака распачалі спецвытворчасць — яго збіраюцца судзіць завочна. Яму інкрымінаваныя ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) КК. Яго запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ў Аршанскі міжраённы аддзел Следчага камітэта.


Глядзіце таксама

Завочна пераследаваць будуць таксама 62-гадовую жанчыну з Глыбокага Людмілу Барэйка, якая прыдумала лозунг «Стоп таракан». Ёй інкрымінуюць арт. 188 КК (паклёп). На каго ўзводзіць «паклёп» гэты слоган, не ўдакладняецца, але пытанне выглядае досыць рытарычным.

Таксама «спецвытворчасць» пачалі ў дачыненні да гродзенскага журналісты і краязнаўцы Уладзімір Хільмановіча. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Уладзімір ужо два з паловай гады не пражывае ў Беларусі.

Тая ж самая форма пераследу выкарыстаная супраць яшчэ аднаго гродзенца — 54-гадовага актывіста Сяргея Верамеенкі. Яму таксама паставілі ў віну ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

У Лідзе шматдзетнага бацьку затрымалі за «распаўсюд экстрэмізму». Затрыманы — 47-гадовы Сяргей Копаць. Мяркуючы па сацсетках, у яго ёсць жонка і не менш за трое дзяцей.

На «пакаяльным відэа» кажа, што «распаўсюдзіў экстрэмісцкія матэрыялы і выяву свастыкі ў сацсетках». Таксама ён нібыта удзельнічаў у пратэстах у Лідзе ў 2020-м.


Глядзіце таксама

Затрыманы мінчук Віталь Мурашка. Мужчыну вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах і напісанні каментароў у пратэсных чатах. У тэлефоне Віталя знайшлі шэраг фота і відэа з пратэстаў.

Сілавікі затрымалі жыхара Магілёва — ён нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, а таксама пакідаў каментары ў «Тэлеграме».

У Беларусі новае «экстрэмісцкае фармаванне» — праект «Празрысты Магілёў». Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 14 сакавіка.

Чарговае папаўненне спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго трапілі: тэлеграм-каналы, чаты і боты «Фонд Беларуской Солидарности BYSOL», «Польша от яслей до ВУЗов. Partyzanka», «Belarussische Diaspora in Ӧsterreich», «Беларуский OSINT Phoenix»; ютуб-канал «Menavita Online», старонкі ў «Аднакласніках» «Беларусь ЗА перемены», «игорь атрофименко», інстаграм-старонкі «Беларусь Live», «pangenatawr», «weeklytopfake»; цікток-старонкі «Iron Man», «наступ», «BYSOL», «Arseniy».