Сусьветны ўрад: як нараджалася Антанта
Антанта, напачатку створаная ў выглядзе серыі пагадненьняў, скіраваных на ўрэгуляваньне каляніяльных спрэчак — наконт сфераў уплыву ў Афрыцы, у выніку заклала аснову для стратэгічнага ваеннага альянсу. Сьвет знаходзіўся напярэдадні Першай сусьветнай вайны.
Перадумовы
Галоўныя дзеючыя асобы – Англія і Францыя стагодзьдзямі жылі, прапітаныя нянавісьцю, ці, прынамсі, недаверам адно да аднаго. Ад Стогадовай вайны да напалеонаўскіх войнаў гэтыя дзьве нацыі часта былі на супрацьлеглых баках поля бою. Але ў ХІХ стагодзьдзі адбыўся пераход ад адкрытага канфлікту да каляніяльнай канкурэнцыі.
Гэты перыяд перамяжоўваўся шматлікімі інцыдэнтамі, зь якіх інцыдэнт у Фашодзе ў 1898 годзе стаў асабліва яркім прыкладам таго, наколькі гэтая напружанасьць магла наблізіцца да распальваньня вялікага канфлікту. Тады французскія і брытанскія войскі сустрэліся ў Фашодзе, што ў сёньняшнім Судане, кожны экспедыцыйны корпус імкнуўся атрымаць кантроль над Верхнім Нілам. Супрацьстаяньне не перарасло ў адкрыты канфлікт, у асноўным дзякуючы дыпляматыі і ўзаемнаму ўсьведамленьню таго, што вайна стане катастрафічнай для абодвух бакоў.
Вырашэньне крызісу ў Фашодзе прадэманстравала неабходнасьць дыпляматычнага ўзаемадзеяньня над каляніяльнымі амбіцыямі і стварыла прэцэдэнт для супрацоўніцтва, якое стала пачаткам Антанты.
Вызначальнай рысай гэтай эпохі ў міжнародных адносінах была барацьба за калёніі. Эўрапейскія дзяржавы лічылі, што валоданьне калёніямі зьяўляецца ключом да захаваньня і ўмацаваньня іх статусу вялікіх дзяржаваў. Для Вялікай Брытаніі захаваньне яе імпэрыі і кантроль над гандлёвымі шляхамі мелі першаснае значэньне. Для Францыі, чые кантынэнтальныя амбіцыі былі сапсаваныя нядаўна створанай Нямеччынай, экспансія за мяжу служыла так бы мовіць суцяшэньнем і сродкам умацаваньня нацыянальнага гонару.
Сардэчная Згода (як з французскай перакладаецца зразумелая нам Антанта, або Entente Cordiale) стала вынікам працэсаў, якія назапашваліся гадамі, і патрабавалі вырашэньня.
Стваральнікі
Кароль Вялікай Брытаніі Эдуард VII, вядомы як «Эдуард Міратворца», адыграў значную ролю ў перамовах. Яго добразычлівы характар і асабістыя сяброўскія адносіны са шматлікімі эўрапейскімі лідарамі, у тым ліку з прэзідэнтам Францыі Эмілем Лубэ, стваралі спрыяльную атмасфэру для дыпляматычных адносінаў.
Прэзідэнт Эміль Лубэ і прэм'ер-міністар Францыі Эміль Комб былі таксама адданыя ідэі збліжэньня зь Вялікай Брытаніяй. Французскае кіраўніцтва прызнавала неабходнасьць забесьпячэньня хаўрусу супраць патэнцыйнай пагрозы з боку Нямеччыны. Дыпляматычныя намаганьні ўзначальваў Тэафіл Дэлькасэ, міністар замежных справаў Францыі.
З брытанскага боку міністар замежных справаў лорд Лэнсдаўн усьведамляў грандыёзна шырокую імпэрыю Вялікай Брытаніі і праблемы, якія нарасталі комам. Лэнсдаўн імкнуўся заключыць пагадненьне, якое забясьпечвала б стратэгічныя інтарэсы яго краіны без шкоды для яе самастойнасьці.
Антанта, альбо Сардэчная Згода, афіцыйна падпісаная 8 красавіка 1904 года, уяўляла сабой шэраг пагадненьняў. Галоўнымі пунктамі гэтых перамоваў былі Марока і Эгіпет. У Эгіпце Брытанія фактычна кантралявала краіну з 1882 года, нягледзячы на намінальны асманскі сувэрэнітэт. Францыя прызнала брытанскі кантроль над Эгіптам у абмен на брытанскае прызнаньне французскага ўплыву ў Марока. Гэта ўзаемнае прызнаньне стала значнай саступкай з абодвух бакоў.
Пасьля ўрэгуляваньня гэтых спрэчных пытаньняў, Брытанія і Францыя спадзяваліся ліквідаваць крыніцы патэнцыйнага канфлікту, які мог бы ўцягнуць іх у больш маштабныя эўрапейскія войны. Нягледзячы на тое, што Антанта не была адпачатку адназначна ваенным альянсам, яна заклала аснову для будучага супрацоўніцтва супраць агульных пагрозаў.
Ад дамовы да ваеннага зьвязу
Расейска-японская вайна (1904-1905) стала вельмі паказальным фактарам для эўрапейскіх дзяржаваў, яна прадэманстравала патэнцыял добра падрыхтаванай і мадэрнізаванай азіяцкай дзяржавы перамагчы эўрапейскую імпэрыю, няхай і такую адсталую, як расейскую. Для Вялікай Брытаніі і Францыі вайна падкрэсьліла істотнасьць сучаснага ваеннага і ваенна-марскога патэнцыялу.
Адначасова рост нямецкага мілітарызму пад кіраўніцтвам кайзэра Вільгельма ІІ прадстаўляў відавочную і рэальную небясьпеку для балянсу сілаў у Эўропе. Хуткая ваенна-марская экспансія Нямеччыны і яе амбіцыі ў Марока (пра што сьведчылі Першы і Другі Мараканскі крызісы) разглядаліся ў Лёндане і Парыжы як наўпроставыя выклікі іх нацыянальнай бясьпецы і каляніяльным інтарэсам.
Пагадненьне паміж Францыяй і Вялікай Брытаніяй спачатку не датычылася ваенных пытаньняў, што вядомым чынам адлюстроўвала асьцярожны падыход абедзьвюх краінаў да іх новых адносінаў. Аднак неўзабаве спатрэбілася пераацэнка іх ваенных пазыцыяў. Пачаліся неафіцыйныя перамовы, скіраваныя на каардынацыю іх ваенных стратэгій у адказ на нямецкую пагрозу.
Ваенныя кіраўнікі абодвух бакоў пачалі разглядаць матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне ўзаемнай абароны, што ўключала магчымасьць правядзеньня сумесных ваенных дзеяньняў, разьмеркаваньня ваенна-марскіх абавязкаў і абмену выведвальнымі дадзенымі.
Ваенныя і ваенна-марскія перамовы завяршыліся шэрагам неафіцыйных дамоўленасьцей, а не афіцыйных дамоваў. Мелася на ўвазе тое, што ў выпадку ўзьнікненьня эўрапейскага канфлікту Вялікая Брытанія і Францыя будуць каардынаваць свае ваенныя намаганьні. Для Брытаніі гэта азначала абавязак абараняць паўночнае ўзьбярэжжа Францыі ад нямецкай агрэсіі, дазваляючы Францыі сканцэнтраваць свае сілы на ўсходняй мяжы зь Нямеччынай. Для Францыі гэта пацягнула за сабой абарону брытанскіх інтарэсаў у Міжземным моры, што дазволіла Каралеўскаму флоту засяродзіцца на Паўночным моры.
Рэакцыі на Сардэчную Згоду
Нямецкі кайзер Вільгельм II і яго дарадцы разглядалі пагадненьне не як ўрэгуляваньне каляніяльных спрэчак, а як аснову стратэгічнага альянсу, наўпрост скіраванага на стрымліваньне нямецкай дзяржавы. Адказам нямецкага ўрада было правядзеньне больш агрэсіўнай зьнешняй палітыкі, асабліва ў Марока. Але створаныя там штучна крызісы, як адзначалася вышэй, не прывялі да разрыву адносінаў Францыі і Брытаніі, але наадварот, яшчэ больш іх злучылі.
Пашырэньне Антанты за кошт Расеі мела, трэба прызнаць, вялікае значэньне. Расея, якая спрабавала аднавіцца пасьля ганебнай паразы ў японскай вайне, шукала хаўрусьнікаў. Канвенцыя 1907 года ўрэгулявала розныя каляніяльныя спрэчкі паміж Вялікай Брытаніяй і Расеяй у Азіі. Таксама была падпісаная падобная дамова паміж Францыяй і Расеяй.
Трохбаковае пагадненьне, якое стала вядомае як Траістая Антанта, не было альянсам у сучасным разуменьні гэтага слова, але хутчэй сеткай двухбаковых пагадненьняў, якія стварылі ўзаемаразуменьне паміж Вялікай Брытаніяй, Францыяй і Расеяй. Стварэньне Траістай Антанты замацавала падзел Эўропы на два супрацьлеглыя лягеры з Цэнтральнымі дзяржавамі (Нямеччынай і Аўстра-Вугоршчынай) з аднаго боку і дзяржавамі Антанты з другога.
Гэтая перагрупоўка сілаў у Эўропе зрабіла больш верагоднай перспэктыву агульнаэўрапейскай вайны, паколькі канфлікты паміж любымі двума чальцамі гэтых супрацьлеглых лягераў маглі хутка перарасьці ў агульную вайну.
Больш за тое, стварэньне Антанты, з пункту гледжаньня немцаў, спрыяла атмасферы падазронасьці і мілітарызацыі ў Эўропе. Нямеччына, адчувала сябе акружанай, павялічыла сваю ваенную экспансію, чым яшчэ больш выклікала трывогу ў сваіх суседзяў і распальвала гонку ўзбраеньняў. Відавочна, гэта спрыяла адчуваньню непазьбежнасці выбуху вялікай вайны.
Справа была за фармальнай падставай, якая і знайшлася 28 чэрвеня 1914 года ў Сараева.