«Сябруем да сьмерці»: як стрыечныя браты Вітаўт і Ягайла замірыліся

1401 год стаў фармальна момантам вырашэньня асноўных спрэчак між вялікім князем Вітаўтам і каралём Ягайлам. Сямейныя справы датычыліся лёсу цэлых краінаў, а таму былі самымі істотнымі для жыхароў Вялікага Княства і Каралеўства. За некалькі гадоў да гэтай сустрэчы Ягайла амаль забіў Вітаўта, але гісторыя пайшла не так, як той плянаваў.

Вітаўт і Ягайла. Выява: instagram.com/belarus_minulaja

Вітаўт і Ягайла. Выява: instagram.com/belarus_minulaja

Перадумовы сямейнай варажнечы

У Крэўскім замку, дзе неўзабаве будзе падпісаная знакамітая Крэўская Вунія, у 1382 годзе павінна было адбыцца два палітычных забойствы – бацькі і сына – Кейстута і Вітаўта ад рук Ягайлы.

Справа датычылася да змаганьня за ўладу. Кейстут быў сынам Гедзіміна, а Ягайла – яго ўнукам (сынам іншага сына Гедзіміна – Альгерда).

У 1382 годзе ўжо вельмі сталага веку Кейстут, а яму было 85 гадоў, разам з сынам Вітаўтам і адданым войскам падыйшоў да Трокаў і ўзяў замак у аблогу. Сюды ж з войскам прыйшоў і Ягайла, а таксама яго хаўрусьнікі — прускія і лівонскія крыжакі. I вось калі абодва войскі падрыхтаваліся да бітвы, ад Ягайлы зьявіліся паслы, якія прапанавалі не ўступаць у бой і закончыць справу мірам, каб «ён (Кейстут) трымаў сваё, а мы (Ягайла) свае», як прыгадвае Мікола Ермаловіч.

Паслы далі прысягу Вітаўту, якую ён прыняў. Прыняў яе і Скіргайла, які выступаў на баку Ягайлы. Далей гэтая прысяга была паўторана Кейстуту — што ні яму, ні яго сыну Вітаўту нічога благога не будзе зроблена, калі яны прыедуць да Ягайлы, каб заключыць мір. Аднак Ягайла парушыў прысягу. КалІ Кейстут i Вітаўт зьявіліся да Ягайлы, ён прапанаваў ім паехаць у Вільню i там заключыць дамову аб міры.

Не прадбачачы нічога небясьпечнага, Кейстут, гэтаксама як i Ягайла, распусьціў сваё войска. Але пасля прыезду ў Вільню Ягайла захапіў Кейстута і Вітаўта, адправіў ix у Крэва і пасадзіў у вежу. На пятую ноч Кейстут быў задушаны. Захаваліся імёны Князевых забоўцаў: імі былі каморнікі Ягайлы — Прокша, які даваў яму ваду, а таксама крыжак-манах Мостэр, Кучук і Лісіца Жабянцяй.

Вітаўт жа здолеў выратавацца, як кажуць, выбрацца яму дапамагла жанчына, у вопратцы якой князь выбраўся з Крэўскага замка.

Вуніі

У далёкім 1385 годзе паміж Вялікім Княствам Літоўскім і каралеўствам Польскім была заключаная Крэўская вунія, якая пасьля была перазаключаная ў 1401 і зноў пацьверджаная ў 1413 годзе. Афіцыйна яна мела на мэце абарону абодвух дзяржаваў ад зьнешніх ворагаў, але неафіцыйна цягнула да паступовага аб’яднаньня сярэднявечных суседзяў у адно каралеўства.

Дзеля чаго было зьбірацца за адным сталом у 1401 годзе? Праблема была з Ядвігай і Ягайлам: польская каралева памерла ў 1399 годзе, а дзяцей, нашчадкаў польскага трону не было. Гэта пагражала магутным палітычным крызісам, бо польская шляхта магла паспрабаваць скінуць Ягайлу са свайго трону, каб знайсьці іншага манарха.

Ягайла ў такім выпадку ня меў іншага выйсьця, як вяртацца ў Вялікае Княства, дзе было ўжо «занята». На сходзе ў 1398 годзе нашыя князі і шляхта абвесьцілі Вітаўта самастойным кіраўніком дзяржавы, якая стала называцца Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае.

Ягайлу прыйшлося б пайсьці ў манастыр, ці распачаць новую грамадзянскую вайну. Зрэшты ў стрыечнага брата Вітаўта былі такія самыя шляхі на выбар. Аднак у гэтае лёсавызначальнае вакно магчымасьцяў Вітаўта напаткалі праблемы.

У 1399 годзе Вітаўт на чале нашага войска атрымаў балючую паразу ад ардынцаў на рацэ Ворксла. У самім Вялікім Княстве ўспыхнула некалькі агмянёў напружанасьці. У сувязі з гэтым, замест моцнай, упэўненай пазыцыі, Вітаўт быў вымушаны шукаць чарговага хаўруса з тымі, хто таксама пра яго марыў.

18 студзеня 1401 года ў Вільні была падпісаная вунія, якая ў гісторыі засталася пад назвай «Віленска-Радамская», бо польскі бок ратыфікаваў яе праз некалькі месяцаў акурат у горадзе Радам.

«Віленска-Радамская» вунія 1401 года. Выява: instagram.com/belarus_minulaja

«Віленска-Радамская» вунія 1401 года. Выява: instagram.com/belarus_minulaja

Згодна з адным з артыкулаў пагадненьняў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польскім каралеўствам, пасьля сьмерці Вітаўта ўладарыць у Вялікім Княстве мусіў пачаць польскі кароль Ягайла, стрыечны брат Вітаўта. Таксама згоду на прызначэньне новага кіраўніка суседняй дзяржавы павінны былі даць польскія паны.

Вітаўт атрымаў пажыцьцёвае кіраваньне ў ВКЛ як вялікі князь літоўскі (Magnus Dux Lithuaniae) з захаваньнем вярхоўнай улады над ім за каралём Ягайлам, прызнаным вярхоўным князем літоўскім (Supremus Dux Lithuaniae).

На момант падпісаньня вуніі ў 1401 годзе ні Вітаўт, ні Ягайла ня мелі нашчадкаў, аднак кожны спадзяваўся, што ягонаму будучаму сыну дастанецца ў спадчыну Вялікае Княства і Карона.

Абодва бакі абавязаліся дапамагаць адбіваць напады ворага. У адрозьненьне ад вонкавай палітыкі, у сферы нутраных адносінаў яны заставаліся незалежнымі.

Зрэшты палякі дасюль любяць дадаваць да гэтай тэмы наступную думку:

«Саступка палякаў заключалася ў адмове ад акта інкарпарацыі Вялікага Княства Літоўскага яшчэ пры жыцьці Вітаўта». Дзякуй ім за гэта, і за шчырае прызнаньне таксама дзякуй.

Сяброўства пад прымусам

Толькі напрыканцы 1420-х гадоў пачалося вымалёўваньне некалі мары Вітаўты пра ўласную карону для сваёй краіны і сябе. Выглядала блізкім да рэальнасьці. Імпэратар Сьвятой Рымскай Імпэрыі Жыгімонт І вырашыў прыкласьці руку дапамогі, каб такім чынам саслабіць уласнага суседа, зь якім быў далёка не ў сяброўскіх адносінах – караля Польшчы Ягайлу.

Дзеля далейшай незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага неабходна было скасаваць “сяброўскія” вуніі з палякамі. 1386 і 1413 год (даты падпісаньня вуній) стаялі перашкодамі.

На міжнародным кангрэсе, які адбыўся ў Луцку ў 1429 годзе, створаным з ініцыятывы Вітаўта, былі пакліканыя зацікаўленыя бакі: Ягайла і імпэратар Жыгімонт І Люксембургскі. Акрамя іх былі князі Цьвяры і Разані, кіраўнік Малдоўская дзяржавы, амбасадары з Даніі і Бізантыйскай Імпэрыі , а таксама Пантыфіка. І нягледзячы на тое, што афіцыйна кіраўнікі дзяржаваў мусілі абмяркоўваць зьнешнепалітычныя пытаньні: праблему пратэстантызму гусітаў у Чэхіі і вайну з туркамі, галоўным была справа каранацыі.

Вітаўт скарыстаўся падтрымкай Жыгімонта, які, як адзначаюць крыніцы, яшчэ па выніках Грунвальдзкай бітвы 1410 года абяцаў карону для нашага князя.

Як і з Міндоўгам, каралеўская карона ўключыла б ВКЛ у роўную сям’ю эўрапейскіх каталіцкіх дзяржаваў. Імпэратар Жыгімонт Люксембургскі зьвярнуўся да Ягайлы і пераконваў яго згадзіцца з каранацыяй Вітаўта, бо гэта не павялічыць улады літоўскага князя, якой у таго і без кароны хапала. І наадварот, працягваў імпэратар, каралю Ягайле будзе больш ганарова мець за сябра і хаўрусьніка караля Вітаўта.

Ягайла павёў сябе хітрым чынам. На словах ён пагадзіўся з каранацыяй стрыечнага брата, але з умовай ухвалы польскай шляхты і біскупаў.

Глядзіце таксама

На самім кангрэсе Вітаўт сутыкнуўся з моцнай апазыцыяй з польскага боку (як чакана). Іх голасам стаў біскуп Кракава Зьбігнеў Алясьніцкі. Ён сцьвярджаў, што Вітаўт плянуе адарваць Вялікае Княства ад Польшчы (так яно і было вядома). Польская дэлегацыя вырашыла рашуча сабраць рэчы і зьехаць як надалей ад патэнцыйнага месца здрады польскім памкненьням. Такім чынам Луцкі кангрэс быў сарваны.

Так ці інакш, на наступны, 1430 год у жніўні быў заплянаваны міжнародны зьезд у Вільні, дзе мусіла адбыцца каранацыя Вітаўта.

Імпэратарскія абмасадары – арцыбіскуп Магдэбургскі, вугорскія магнаты Пётр Юрга, і Ваўрэнец Ганрэвер, апатаўскі князь Прэмка, што везлі ўжо падрыхтаваную карону ад Папы, былі нечакана (чакана) затрыманыя. Яны даведаліся пра польскія кардоны на мяжыі спыніліся ў Франкфурце-на-Одэры. Паводле іншай вэрсіі палякі напалі на амбасадараў і скралі карону.

Як паведамляе Вітаўт Чаропка, замест гэтай кароны палякі прапанавалі Вітаўту польскую карону (што робіцца!), якую зьбіраліся сарваць з галавы Ягайлы. Вітаўт ад такога гонара адмовіўся, бо разумеў, што палякі падрыхтавалі капкан, бо пасьля сьмерці Вітаўта польская карона ўсё адно перайшла б да дзяцей Ягайлы. Такім чынам яны зьбіраліся перашкодзіць Вітаўту атрымаць уласную карону, але нейкі час панасіць чужую – польскую.

Каранацыю вырашылі адкласьці на некалькі тыдняў, але і 8 верасьня амбасадары ўсё яшчэ не даехалі ў Вільню.

Ягайла прыехаў у кастрычніку 1430 года ў Вільню да Вітаўта, і спрабаваў яго пераканаць адкласьці каранацыю і ўвогуле папрасіць імпэратара Сьвятой Рымскай Імпэрыі Жыгімонта І адправіць карону не праз Польшчу, а праз Прусію. Душэўны чалавек быў, кароль Польшчы Ягайла.

Як вядома з гістарычных крыніцаў, імпэратар Жыгімонт І быў гатовы забясьпечыць вайсковую сілу для абароны сваіх амбасадараў з каронай. Аднак праз некалькі дзён па прыезьдзе Ягайлы ў Вільню, 15 кастрычніка Вітаўт напісаў ліст да Жыгімонта, каб той не пачынаў ваенных дзеяньняў, бо нібы Вітаўт і Ягайла дасягнулі мірнага пагадненьня, і карона зможа спакойна прайсьці праз тэрыторыю Польшчы.

80-ці гадовы Вітаўт выехаў з Вільні з Ягайлам, і па дарозе ад слабасьці зваліўся з каня. Яго прывезьлі ў Трокі.

27 кастрычніка 1430 года памёр Вітаўт Вялікі, які так і недачакаўся спраўджваньня сваёй мары. Праз 4 гады памёр і яго стрыечны брат Ягайла.