Як Альгерд амаль на 150 гадоў далучыў Курск да Вялікага Княства Літоўскага

Сёньня паўжартам гучаць прапановы жыхарам Курскай вобласьці вывучаць украінскую мову дзеля камфортнай будучыні. Разам з тым гэты рэгіён не чужы і для нашай дзяржавы – паўтары стагодзьдзі горад Курск і ўся навакольная зямля зьяўляліся часткаю Вялікага Княства Літоўскага. Як гэта было?

Выява: instagram.com/belarus_minulaja

Выява: instagram.com/belarus_minulaja

У XIV стагодзьдзі Курск увайшоў у склад ВКЛ

Там, дзе гэта было магчыма, князь Гедымін рассоўваў межы Вялікага Княства Літоўскага яшчэ падчас свайго княжаньня ў пачатку XIV стагодзьдзя. З заходняга боку яму ўдалося заваяваць Падляшша. Аднак найбольш слабыя суседзі знаходзіліся на ўсходзе, паўднёвым усходзе і поўдні. Пераважна туды і была скіраваная экспансія Гедыміна. Пад націскам яго коньніцы падалі ўсе тутэйшыя гарады да Чарнігава і Курска, — прыгадвае гісторык Анатоль Тарас.

Пра распаўсюд уплыву дзяржавы Гедыміна на землі былога Чарнігаўскага княства піша і дасьледчык Алесь Краўцэвіч. Паасобныя часткі былога Чарнігаўскага княства ў пазьнейшых крыніцах пачалі называцца Севершчынай (у XIV ст.) і Вярхоўскімі княствамі (у XV ст.). Северскімі гарадамі ў XIV-XVІІ стагодзьдзях лічыліся: Бранск, Гомель, Дрокаў, Курск, Мароўск, Мглін, Ноўгарад-Северскі, Почап, Старадуб, Трубчэўск, Пуціўль, Радагошч, Рыльск, Чарнігаў.

Мясцовыя, пасвараныя між сабой княствы, увесь час дзяліліся і распадаліся на яшчэ драбнейшыя. Толькі справай часу быў іх пераход пад уладу мацнейшых суседзяў  Вялікага Княства Літоўскага, Масквы ці Цьверы. Мацнейшым на той час, таму i першым, аказалася Вялікае Княства Літоўскае часоў Альгерда, які быў сынам Гедыміна.

3 летапісаў вядомыя два буйныя паходы Альгерда, праведзеныя ў канцы летняга i пачатку восеньскага перыяду 1362 года: першы, скіраваны на поўдзень Дняпроўска-Донскага міжрэчча (закончыўся да 1 верасьня) і другі, які дасягнуў вусьцяў Дняпра і Паўднёвага Бугу (працягваўся да канца верасьня  пачатку кастрычніка), падчас якога адбылася знакамітая Сіняводзкая бітва.

Выява: instagram.com/belarus_minulaja

Выява: instagram.com/belarus_minulaja

Выправы ацэньваюцца як «... загадзя станаваны шырокамаштабны наступ збройных сілаў Вялікага Княства Літоўскага на ўладаньні Ардынскай дзяржавы ў лесастэпавой зоне і стэпах Паўночнага Прычарнамор’я па абодвух берагах Дняпра».

У выніку першага паходу Альгерда Вялікае Княства Літоўскае авалодала ўсьлед за Бранскам і Кіевам тэрыторыяй паўднёвай часткі Чарнігава-Северскай (з цэнтрамі Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Трубчэўск, Пуціўль і Курск) і большай часткай межаванай зь ёй Пераяслаўскай земляў.

Гісторыкамі выказвалася меркаваньне пра актыўны ўдзел у паходзе збройных сілаў Кіеўскага княства, што прывяло да ўключэньня ў яго склад як адміністрацыйнай адзінкі ВКЛ Пераяслаўскай зямлі і некаторых чарнігаўскіх і северскіх воласьцяў.

Тая самая бітва, пасьля якой Курск увайшоў у ВКЛ

Мапа Вялікага Княства Літоўскага XV ст. з Курскам у яго межах

Мапа Вялікага Княства Літоўскага XV ст. з Курскам у яго межах

Бітва на Сініх Водах (рака Сінюха, левы прыток Паўднёвага Буга) паводле апісаньня сярэднявечнага гісторыка Мацея Стрыйкоўскага:

«А калі прыйшлі на ўрочышча да Сіняй Вады, мінуўшы Канеў і Чаркасы, паказалася ў полі вялікая арда татараў на чале з трыма царкамі, падзеленая на тры гуфы: адзін вёў Кутлубах салтан, другім кіраваў Качыбейкірэй, a трэці вёў Дзімейтр салтан: тое ўбачыўшы Альгерд, што татары ішлі ў бітву, пашыхтаваў сваіх на шэсьць закругленых гуфаў, паставіўшы іх паасобна з бакоў і спераду, каб татары, як намерваліся, не маглі агарнуць іх звыклымі танцамі і шкодзіць стрэламі. А потым татары ў запале пусьцілі на літву з лукаў жалезны град, закружыўшы танцы па некалькі разоў, але мала зашкодзілі стральбой, бо тыя добра шыхтаваліся і хутка расступаліся.

Літва да іх з русінамі скочыла, пачала біць коп’ямі і шаблямі, прарвалі іх фронт і змяшалі танцы, іншыя з арбалетаў балтамі, асабліва наваградцы з Карыятавічамі, валілі іх з коней, наступаючы з бакоў, аж ляцелі нібыта снапы ад моцнага ветру; не маглі больш стрымліваць літву спераду, пачалі перамешвацца і ў россып уцякаць па шырокіх палях, на пабоішчы засталіся забітыя тры іх царкі, Кутлубах, Кацібей (ад якога і сёньня ёсьць названае салёнае возера Качубейскае ў дзікіх палях, да Ачакава ідучы) і Дзімейтр салтан, а пры іх мурзаў i ўланаў вельмі шмат».

Наступствамі Сіняводзкай бітвы стала вызваленьне Цэнтральнай Украіны ад татарскай няволі, і замацаваньне яе земляў  Кіеўскай, Валынскай, большай часткі Падольскай і Чарнігава-Северскай, у складзе Вялікага Княства Літоўскага, дзяржаўныя межы якога дасягнулі на поўдні вусьцяў Дняпра і Днястра, а на паўднёвым усходзе  руслаў Ворсклы і Ціхай Сасны.

На новаздабытых землях Альгерд ставіў кіраваць сыноў і сваякоў з рода Гедыміна, месцамі захоўвалі свае ўладаньні і мясцовыя князі.

Ужо пазьней пляменьнік Алгерда  вялікі князь Вітаўт рознымі спосабамі далучыў да ВКЛ шырокія тэрыторыі на ўсходзе: Смаленскую, Арлоўскую, Калужскую, Курскую і Тульскую землі. Мяжа паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Масквой цяпер праходзіла на ўсход ад Вязьмы, у раёне Мажайска. На поўдні Вітаўт далучыў Ніжнюю Падолію  землі паміж ніжняй плыньню Днястра і Дняпра. Такім чынам, Вялікае Княства Літоўскае ў тыя часы распасьціралася ад Балтыйскага мора на паўночным захадзе да Чорнага мора на поўдні, нагадвае гісторык Анатоль Тарас.

Трактат нашага вялікага князя Сьвідрыгайлы з Тэўтонскім ордэнам у 1432 годзе называе сярод уладаньняў Вялікага Княства Літоўскага:

Rylesk, Putywl, Chotmisl, Kuresk cum multi districtibus, Donyesk cum multi districtibus, Oskol, Milolubl, Muszeczcum multis districtibus.

Тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага

Тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага

У 1508 годзе Курск захапіла Масковія, пасьля таго як распачала чарговую вайну супраць нашай радзімы – Вялікага Княства Літоўскага.

Ужо значна пазьней, у ліпені 1616 года сойм Рэчы Паспалітай прыняў рашэньне адправіць 20-гадовага каралевіча Уладзіслава Вазу з войскам на Маскву. Па рашэньні сойма яго суправаджалі 8 камісараў: у тым ліку канцлер Леў Сапега.

Абавязкам камісараў было сачыць за тым, каб Уладзіслаў не супрацьдзейнічаў заключэнню «слаўнага міру» з Масквой. Пасьля захопу Масквы камісары ​​павінны былі прасачыць, каб Уладзіслаў не адыходзіў ад выпрацаваных соймам умоваў.

Галоўнымі ўмовамі былі наступныя:

1) Злучыць Маскоўскую дзяржаву з Рэччу Паспалітай дынастычнай вуніяй

2) увесьці паміж імі бяспошлінны гандаль;

3) афіцыйна зацьвердзіць фактычнае вяртаньне, якое ўжо адбылося, у склад Рэчы Паспалітай раней адарваных зямель: княства Смаленскага, гарадоў Бранск, Старадуб, Чарнігаў, Пачол, Ноўгарад Северскі, Пуціўль, Рыльск, Курск, Невель, Себеж і Веліж;

4) Маскве афіцыйна адмовіцца ад прэтэнзій на землі Лівоніі і Эстляндыі У выпадку пасьпяховай місіі Ўладзіслава Вазы шчасьце было б так блізка для нашых земляў. На жаль, гэтыя часы яшчэ чакаюць як Беларусь так і Ўкраіна.