900-ты дзень вайны. Падзеі ў Курскай вобласці — ганьба для Пуціна

Замежныя выданні аналізуюць, як наступ УСУ ў Курскай вобласці Расіі змяніў «малюнак вайны». Украінскія войскі ўмеюць здзіўляць. Але ў той жа час баявыя дзеянні ў самой Украіне працягваюцца. 

25c6b06_kursk1300_znak_690x387.avif

Паводле звестак Генштаба УСУ ў суботу, 10 жніўня на франтах Украіны адбылося 114 баявых сутыкненняў. Самай гарачай заставалася сітуацыя на Пакроўскім кірунку. Расійскія войскі 38 разоў спрабавалі ўклініцца ва ўкраінскую абарону ў раёнах Гродаўкі і Жаданага. Акрамя іх, атакавалі паблізу яшчэ дзевяці розных населеных пунктаў. 

Шэсць атак адбітыя на Харкаўскім і сем — на Купянскім кірунках, сем атак адбылося ў Северскім кірунку, на Ліманскім кірунку расійскія войскі атакавалі 17 разоў, 11 атак былі адбітыя на Краматорскім кірунку ў раёнах Часавага Яра і Белай гары, 10 — на Тарэцкім кірунку паблізу Паўночнага, Тарэцка, Жалезнага і Нью-Ёрка, і 9 — на Курахоўскім кірунку ў раёнах Краснагораўкі і Георгіеўкі.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляе, што расійскія войскі, верагодна, захапілі пасёлак Невельскае пад Пакроўскам. Таксама расійцы нязначна прасунуліся паблізу Крамянной, на Тарэцкім і Данецкім кірунках.

У той жа час вядомы расійскі вайсковы блогер 10 жніўня абверг заявы, што расійскія войскі захапілі Лукашаўку Сумскай вобласці і Сотніцкі Казачок Харкаўскай вобласці. Ён сцвярджае, што гэтыя населеныя пункты некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі, паколькі там няма адэкватных абарончых пазіцый, на якіх расійцы ці ўкраінцы могуць усталяваць устойлівыя пазіцыі.

«Верагодна, расійскія войскі нядаўна захапілі Невельскае (паўднёва-ўсход ад Пакроўска)», — гаворыцца ў справаздачы ISW. На відэа з геалакацыяй, апублікаваным 9 жніўня, відаць, як расійскія войскі падымаюць расійскі сцяг у паўночна-заходняй частцы Невельскага на крайняй заходняй адміністрацыйнай мяжы населенага пункта.

* * *

Крэмль вырашыў абвясціць контртэрарыстычную аперацыю ў Курскай вобласці, а не ваеннае становішча, каб паменшыць маштабы ўварвання і прадухіліць паніку або негатыўную рэакцыю ўнутры краіны, мяркуюць эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Расійскія вайсковыя блогеры прапаноўвалі Крамлю афіцыйна абвясціць вайну Украіне і крытыкавалі Крэмль за тое, што ён не абвясціў ваеннае становішча замест антытэрарыстычнай аперацыі. Абвяшчэнне ваеннага становішча, у прыватнасці, дазволіла б расійскім уладам прыняць больш радыкальныя захады, такія як забарона мітынгаў і дэманстрацый, увядзенне каменданцкай гадзіны і арганізацыя вытворчасці абароннай прадукцыі для вайскоўцаў.

Аднак кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін устрымліваецца ад афіцыйнага абвяшчэння стану вайны, неаднаразова дэманстраваў сваё нежаданне цалкам перавесці расійскае грамадства на вайсковыя рэйкі і адмовіўся ад абвяшчэння ўсеагульнай мабілізацыі, каб прадухіліць унутраную незадаволенасць, якая магла б паставіць пад пагрозу стабільнасць пуцінскага рэжыму.

Верагодна, Пуцін прызначыў кіраўніка ФСБ Бортнікава кіраўніком контртэрарыстычнай аперацыі, таму што Бортнікаў раней зарэкамендаваў сябе як эфектыўны менеджар падчас крызісаў, якія пагражалі ўнутранай стабільнасці Расіі і крамлёўскаму рэжыму. Аналітыкі ISW лічаць, што складаная сістэма кіравання антытэрарыстычнай аперацыі ФСБ пад кіраўніцтвам Бортнікава можа знізіць эфектыўнасць расійскага адказу на ўкраінскую аперацыю.

* * *

454639301_846586200987793_2431887257264478309_n.jpg

Па паведамленнях Мінабароны Расіі і мясцовых расійскіх уладаў, у ноч на нядзелю Расія падвергнулася масіраванай атацы дронамі і ракетамі. У Мінабароны РФ заявілі, што нібыта ўначы СПА знішчыла 14 беспілотных лятальных апаратаў і чатыры тактычныя ракеты «Кропка-У» над тэрыторыяй Курскай вобласці; 16 БПЛА — над тэрыторыяй Варонежскай вобласці; тры БПЛА — над Белгарадскай вобласцю; па адным беспілотніку — над тэрыторыямі Бранскай і Арлоўскай абласцей.

Адна са збітых ракет у Курскай вобласці ўпала на жылы дом. Таксама загарэліся прыпаркаваныя каля шматпавярхоўкі аўто. Вядома пра 13 пацярпелых, двое з іх знаходзяцца ў цяжкім стане. 

У Белгародскай вобласці беспілотнікі атакавалі горад Шэбекіна. Адна шматпавярхоўка загарэлася, і ў двух прыватных дамах выбіла шкло. Частка горада засталася без электразабеспячэння.

* * *

У ноч на 11 жніўня Украіна таксама была атакаваная 4 паўночнакарэйскімі балістычнымі ракетамі KN-23 І 57-ю ўдарнымі БпЛА тыпу «Shahed», за якімі сілы СПА Украіны палявалі да паловы нядзелі і амаль усе збілі.

Па дадзеных вайскоўцаў, «Шахеды» былі запушчаны з раёнаў Прыморска-Ахтарск, Ейск, Курск. З іх 53 збітыя ў Мікалаеўскай, Адэскай, Чаркаскай, Вінніцкай, Кіраваградскай, Херсонскай, Кіеўскай, Запарожскай, Сумскай, Ровенскай і Чаркаскай абласцях.

Аб збіванні балістычных ракет камандуючы паветраных сіл не паведамляе, але ўдакладніў, што яны былі запушчаны з Варонежскай вобласці. «Адносна расійскіх удараў паўночнакарэйскімі ракетамі скажу наступнае: балістычныя KN-23, хоць і рэдка дасягаюць жаданых мэтаў, уяўляюць сур'ёзную пагрозу насельніцтву. Беражыце сябе і сваіх родных» — сказаў кіраўнік паветраных сіл Украіны Мікалай Аляшчук.

* * *

Амерыканскае выданне The Hill назвала контрнаступленне Украіны на тэрыторыю Расіі «ўзрушваючым», але пры гэтым цяпер Украіне давядзецца вырашаць, што рабіць з тэрыторыяй, якую яна ўтрымлівае ў Расіі.

Навуковы супрацоўнік Гувераўскага інстытута Стэнфардскага ўніверсітэта Томаш Блусевіч мяркуе, што Украіна, хутчэй за ўсё, выйдзе з Курска, але толькі пасля таго, як прымусіць Расію перакінуць некалькі брыгад, якія цяпер выкарыстоўваюцца на лініі фронту. «Гэта быў бліскучы крок Украіны. ... Яны ўжо дасягнулі велізарнага поспеху, прымусіўшы Расію перамясціць свае войскі, прадэманстраваўшы, што Расія безабаронная на іншых участках. Гэта велізарны ўдар па прэстыжу Пуціна", — адзначыў Блусевіч.

* * *

The New York Times піша, што відавочным вынікам наступу Узброеных Сіл Украіны стала «публічная ганьба» для Уладзіміра Пуціна. Сілы Украіны дамагліся хуткіх поспехаў, заваёўваючы пазіцыі ў Курскай вобласці РФ, аднак цяпер прыкметная рэакцыя Расіі на наступ УСУ, заявіў Пасі Паройнен з фінскай арганізацыі Black Bird Group, якая аналізуе спадарожнікавыя здымкі і кантэнт сацыяльных сетак з поля бою. Па словах аналітыка, украінскім сілам, верагодна, пакуль атрымоўваецца ўтрымліваць занятыя пазіцыі, але ёсць звесткі, што сведчаць, што Маскве ўдалося спыніць наступ.

* * *

Аналітыкі адзначаюць, што ў цэлым прасоўванне УСУ ўглыб Курскай вобласці замарудзілася. Баі суправаджаюцца ўжываннем сродкаў агнявога паражэння. У сеціве актыўна публікуюць кадры разбітых калон расійскай тэхнікі і знішчанай артылерыі і машын. Расійскія так званыя «ваенкоры» заявілі пра нібыта акружэнне гарнізона ў горадзе Суджа. «Яшчэ раніцай-днём была праведзеная паспяховая атака, у выніку якой ён (маюць на ўвазе ўкраінскія войскі) усталяваў кантроль над н. п. Махноўка і Пляхава і ўзяў пад агнявы кантроль апошнюю дарогу ў Суджу з боку Белгародскай вобласці. Такім чынам гарнізон Суджы цяпер апынуўся ў блакадзе», — пішуць расійскія прапагандысты.

Акрамя таго, расійскія СМІ і шэраг Z-паблікаў заявілі пра нібыта новую спробу прарыву ў Курскай вобласці. Гаворка ідзе пра нібыта прарыў у Белаўскім раёне на поўдзень ад Суджы. Z-каналы сцвярджаюць, што нібыта «вакол населенага пункта Белая ўсё занята» ўкраінскімі сіламі. Некаторыя паблікі таксама адзначаюць, што, маўляў, у Белаўскім раёне «зафіксаваны заход новай брыгады ВСУ».

Пацвердзіць гэтую інфармацыю немагчыма, паколькі ўкраінскае камандаванне не каментуе сітуацыю ў Курскай вобласці.