Лідар з дзяцінства, марнатраўны маладзён, адданы муж. Прыватнае жыццё самага таленавітага гетмана XVII стагоддзя

9 кастрычніка 1621 года была здабыта перамога над туркамі ў бітве пад Хацінам — апошняя перамога гетмана Яна Караля Хадкевіча, якую ён, праўда, ужо не пабачыў, бо памёр. Угодкі Хацінскай бітвы — добрая нагода згадаць слаўнага палкаводца і зазірнуць у яго прыватнае жыццё.

00_vokladka_37.jpg

Ян Караль Хадкевіч. Яго імя ў сучаснай Беларусі не на слыху. Але ж гэта адзін з найбольш таленавітых гетманаў XVII стагоддзя. Не хопіць эпітэтаў, каб апісаць вайсковы талент Хадкевіча, ён  сапраўдная зорка і геній вайсковай справы.

Паслужны пераможны спіс Хадкевіча — амаль 30 гадоў няспынных бітваў і перамог. Вайсковая кар’ера Хадкевіча пачалася з падаўлення казацкага паўстання Севярына Налівайкі, потым былі шматлікія войны са шведамі. Самы яскравы эпізод шведскай кампаніі — бітва пад Кірхгольмам. Гэта ўзор бліскучай перамогі меншымі сіламі, гэта бітва, дзе вырашальную ролю адыгралі гусары. Не застаўся гетман убаку і ад маскоўскіх паходаў. Напрыканцы жыцця Хадкевіч перамог туркаў у вырашальнай бітве пад Хацінам.

Хацінская бітва

Хацінская бітва

Гетман у будучыні, Ян Караль Хадкевіч змалку меў выбуховы тэмперамент і здольнасць весці за сабой. На полі бою гэтыя якасці ўмацоўвалі аўтарытэт ваяра і выдатна працавалі на поспех, асабліва ў спалучэнні з выдатнай тэарэтычнай падрыхтоўкай. Аднак, зірнуўшы на біяграфію Яна Караля Хадкевіча, выяўляецца, што ў яго асабістым жыцці яны былі не тое што непрактычныя, але нават шкодныя.

Вайсковы бок жыцця Хадкевіча — перамогі над ворагамі Рэчы Паспалітай — вядомы ўсё ж добра, а вось асабістаму жыццю слаўнага рыцара ўвагі надаецца менш. Якім было яго прыватнае жыццё? Не ўвесь жа час Хадкевіч праводзіў у сядле, палатках і ў паходах.  

Ян Караль Хадкевіч на полі бітвы (Кірхгольм)

Ян Караль Хадкевіч на полі бітвы (Кірхгольм)

Лідар і халерык з дзяцінства

Ян Караль Хадкевіч быў сынам уплывовага магната Яна Гераніма Хадкевіча. Акрамя Яна, у віленскага ваяводы быў яшчэ старэйшы сын Аляксандр. Малодшыя Хадкевічы ладную частку жыцця праводзілі разам, іх адносіны мяняліся, Аляксандр аказваў розныя ўплывы на Яна… Але аб усім па чарзе.

Ян Караль Хадкевіч

Ян Караль Хадкевіч

Як і ўсе магнаты таго часу, маладыя Аляксандр і Ян Караль спачатку атрымалі годную хатнюю адукацыю. Пісьмо, чытанне, арыфметыка і вывучэнне гісторыі напаўнялі іх дні. Аднак больш за ўсё Ян Караль любіў верхавую язду, фехтаванне і стральбу з лука.

Любімай забаўкай хлопцаў было ладзіць імправізаваныя бітвы і аблогі, якімі абавязкова камандаваў Ян. Вось дзе сапраўды будучы гетман! У гэтых гульнях загартоўваліся лідарскія якасці палкаводца, у Яне змалку выявіўся халерычны тэмперамент.

Быў выпадак, калі адзін з яго сяброў уздумаў узяць на сябе кіраўніцтва ў гульні. Ян Караль выбухнуў гневам настолькі, што настаўніку-апекуну прыйшлося ўтаймоўваць узбударажанага Яна, завязаўшы яму вочы, каб той не пабіў астатніх. 

Цяжкасці з кантролем свайго гневу — адна з асаблівасцей, якую малады Ян Караль атрымаў у спадчыну ад выбуховага і надзвычай ганарлівага бацькі.

Прадказанне караля Стэфана

Пасля асноў адукацыі і выхавання маладых Хадкевічаў чакала Вільня, дзе хлопцы навучаліся ў езуіцкім калегіуме. Якраз пры іх навучанні калегіум быў ператвораны каралём Стэфанам Баторыем у акадэмію. 

Стэфан Баторый

Стэфан Баторый

Ні Ян Караль, ні Аляксандр не планавалі духоўнай кар’еры, якую выпускнік акадэміі мог з лёгкасцю зрабіць. Па гэтай прычыне браты Хадкевічы не вывучалі ўсіх прадметаў. Яны адмовіліся ад заняткаў па маральным і дагматычным багаслоўі, якія, напрыклад, выхоўвалі будучых прапаведнікаў ці пісьменнікаў-палемістаў эпохі контррэфармацыі. Канешне, цяжка ўявіць выбухнога халерыка Яна Караля на амбоне з казаннем ці ў сутарэннях бібліятэкі з пяром і кнігамі… 

Замест дагматыкі Хадкевічы засвойвалі старажытную гісторыю, паглыбляліся ў матэматыку, рыторыку і замежныя мовы. Згодна з запісамі, па гэтых прадметах будучы гетман рабіў поспехі і быў лепшым за сваіх паплечнікаў. Здаецца, гэтае меркаванне не было перабольшаным.

У 1579 годзе ў сценах Віленскай акадэміі ўрачыста прымалі караля Стэфана Баторыя, які тады збіраўся ў паход супраць Масквы. Вітаў караля лепшы вучань — Ян Караль Хадкевіч. У дадатак да бездакорнай прамовы, якую ён вымавіў і якой уразіў манарха, увагу прыцягнула постаць пышнага і ўпэўненага маладога чалавека. Кажуць, тады Баторый сказаў, што з яго абавязкова вырасце «вялікі кавалер і рыцар». Кароль-ваяр меў рацыю.

Пагром пратэстантаў: ці быў след Хадкевіча?

Новая акадэмія ў Вільні была апорай Контррэфармацыі, але на той час Вялікае Княства Літоўскае было краінай моцна пратэстанцкай. Яшчэ ў 1573 годзе быў прыняты акт Варшаўскай канфедэрацыі — важная падзея ў гісторыі Рэчы Паспалітай, якая вызначыла асновы рэлігійнай памяркоўнасці знаці і дала пачатак рэлігійнай свабодзе ў дзяржаве. 

Ян Караль Хадкевіч

Ян Караль Хадкевіч

Але ж, нягледзячы на ​​гэта, па гарадах адбываліся вострыя канфлікты паміж канфесіямі. Напрыклад, у Кракаве, дзе студэнты былі ў значнай ступені адказныя за выступленні супраць пратэстантаў. Студэнты толькі што заснаванай Віленскай акадэміі таксама перанялі гэту досыць ганебную традыцыю ад сваіх калег са старэйшага ўніверсітэта. У Вільні было шмат здарэнняў. Акрамя шматлікіх боек, была разгромлена пратэстанцкая друкарня, закіданы камянямі пастары і нават разбураны магілы.

Нельга быць упэўненым, што будучы гетман Хадкевіч удзельнічаў у гэтых падзеях… Але ж, улічваючы яго запальчывы характар, гэта падаецца вельмі верагодным.

Студэнцкія прыгоды Хадкевічаў у Еўропе

Па завядзёнцы таго часу браты Хадкевічы, як скончылі Віленскую акадэмію, выправіліся ў Еўропу. Іх шлях ляжаў у нямецкі Інгальштат, дзе браты засталіся пад крылом езуітаў. 

Езуіцкі калегіум у Інгальштаце

Езуіцкі калегіум у Інгальштаце

Мясцовы ўніверсітэт у той час быў вельмі папулярны сярод знаці Рэчы Паспалітай. Універсітэт патрабаваў дысцыпліны, але цяжка было дабіцца яе ад сыноў польскай і літоўскай арыстакратыі, якія празмерна ўзвышалі сябе. Маладыя шляхціцы ўражвалі сціплых нямецкіх калег не толькі сваім багаццем, але і ўдзелам у вулічных бойках. Аднак яны і менш увагі надавалі навучанню, пра што сведчыць невялікі працэнт палякаў і літвінаў, якія скончылі гэты ўніверсітэт.

Выключэнне — браты Хадкевічы. Яны не толькі паспяхова скончылі ўніверсітэт, але Аляксандр нават апублікаваў сваю доктарскую працу. Аднак і ўдзел у вулічных бойках ніхто не выключае.

Калі браты даведаліся пра смерць маці, якая раней апекавалася маёнткамі, абодва вырашылі вярнуцца на радзіму. Аднак, як толькі атрымалі спадчынныя грошы, то… перадумалі! І вырашылі пажыць на шырокую нагу ў Еўропе. У перапісцы з адміністратарам маёнткаў Ян Караль прызнаваўся ў марнатраўстве і нават баяўся трапіць у турму з-за празмерных даўгоў.

З Інгальштата Хадкевічы вырашылі адправіцца ў Падую, што, вядома, выклікала новыя фінансавыя праблемы. Па дарозе ў Падую па невядомых прычынах браты на доўгі час затрымліваюцца ў Трэнце. Застаецца загадкай, у якой ступені гэта было выклікана няшчаснымі падзеямі, якія лёгка могуць адбыцца падчас падарожжа, а ў якой — няўважлівасцю братоў. З гэтай нагоды Хадкевічы скардзіліся на значную страту грошай: «не елі, не пілі, а задавальняліся тым, што гаспадар даў». Нягледзячы на ​​адукацыю ў езуіцкіх калегіумах, абодва любілі пакрасавацца і не цураліся банальных забаў — у тым ліку і непрыстойных.

Калі яны ўсё ж дабраліся да Падуі, яна аказалася значна горшым месцам, чым Інгальштат. Студэнты з Рэчы Паспалітай, якія былі тут у меншасці, прыціскаліся немцамі. Перавага была настолькі вялікая, што нават будучаму пераможцу пад Хацінам прыходзілася раціравацца разам са сваім братам ад больш буйных нападнікаў. Падуя не прыйшлася даспадобы маладым літоўскім магнатам, таму яны накіраваліся ў Венецыю, дзе зноў пакутавалі ад пастаяннага безграшоўя. Бачным знакам гэтага была ежа са слугамі за адным сталом.

Венецыя

Венецыя

Ян Караль разлучыўся з братам і паехаў на Мальту з грашыма, пазычанымі пад заставу адной з корчмаў. Там ён меў магчымасць пазнаёміцца ​​з сучаснай ваеннай і фартыфікацыйнай тэхнікай. Аднак яго знаходжанне на востраве доўжылася ўсяго каля месяца і завяршыла вандроўку Хадкевіча па Еўропе. 

У 1590 годзе Ян Караль вярнуўся на радзіму. Неўзабаве пасля шматлікіх прыгод вярнуўся ў краіну і Аляксандр.

Шляхі братоў разыходзяцца

Прычына гэтаму — падзел маёмасці. У Рэчы Паспалітай браты знайшлі свае маёнткі ў вялізным даўгу. Працяглая вандроўка каштавала вельмі дорага, а адсутнасць у краіне спадчыннікаў азначала, што адміністратары не выконвалі сваіх абавязкаў.

Праз два гады пасля вяртання з замежных паездак браты падзеляць сваю спадчыну. На гэтым фоне ўзнікалі спрэчкі, бо Аляксандр адчуваў сябе пакрыўджаным. Так пачаўся разлад паміж братамі, які з гадамі ўзмацняўся.

«Наймілейшая Зосенька, адзіная каханая душа» 

Неўзабаве Ян Караль ажаніўся з Соф’яй Мялецкай, удавой слуцкага князя Сямёна Алелькавіча. Гэты шлюб быў вельмі ўдалым, аб чым сведчыць багатая карэспандэнцыя, якую гетман дасылаў сваёй жонцы. Лісты, напісаныя з вайсковых лагераў, ён пачынаў са слоў «Мая дарагая Зосенька, адзіная каханая душа».

Соф’я Хадкевіч (Мялецкая)

Соф’я Хадкевіч (Мялецкая)

Але часам здаралася, што Ян Караль пісаў у лісце «Не магу надзівіцца твайму жорсткаму і тыранічнаму сэрцу», што было рэакцыяй на скаргі жонкі на доўгае чаканне яго лістоў. У гэтай перапісцы было шмат нараканняў, часцей за ўсё аб фінансавых справах сям’і, бо, нягледзячы на свой ​​памер, маёнтак Хадкевічаў быў у даўгах. Больш за тое, Мялецкая ўвайшла ў шлюб з сур’ёзнымі даўгамі.

Ва ўсялякім разе, усе свае клопаты гетман свабодна адкрываў жонцы, якая такім чынам магла суцішыць запальчывасць мужа. Іх абодвух аб’ядноўвала вялікая рэлігійнасць і агульныя фундацыі на карысць Касцёла.

Ян Караль Хадкевіч

Ян Караль Хадкевіч

У лістах жонка пыталася ў Хадкевіча, ці захоўвае ён вернасць сваёй другой палавіне ўдалечыні ад дома. У адказ ён заўсёды супакойваў жанчыну. Доказам вернасці былі хваробы і старасць гетмана, якія рабілі «паходы налева» немагчымымі. Іншым разам ён пажартаваў у лісце пра тое, што яго жонка прымае ў сваім ложку… карліка! Соф’я была засмучана такім бессаромным папрокам з боку мужа, за што ён пазней папрасіў прабачэння.

Развітанне з жонкай

Развітанне з жонкай

Ці будзе спадчыннік?

У пары нарадзілася трое дзяцей. Гетман клапаціўся пра Гераніма, свайго першынца, асабліва сачыў за тым, каб ён займаўся спортам. Калі сын падрос, бацька прывіў яму красамоўства і жаданне вучыцца, але хвароба прагрэсіравала ў арганізме хлопчыка, і ў выніку старэйшае дзіця ў сям’і Хадкевічаў памерла ва ўзросце дзясятка гадоў. 

Сын гетмана Геранім Хрызастом Хадкевіч

Сын гетмана Геранім Хрызастом Хадкевіч

Малодшы сын Казімір памёр неўзабаве пасля нараджэння. Толькі дачка Ганна Схаластыка, непакорлівае і непаслухмянае дзіця, характар якой, несумненна, дастаўся ад бацькі, дажыла да паўналецця. Шмат хто спрабаваў выдаць замуж дачку гетмана, але ўрэшце яна выйшла замуж за Яна Станіслава Сапегу.

Аляксандр Хадкевіч вяртаецца на авансцэну

Пасля маскоўскіх войнаў гетман быў ужо цяжка хворым. Хварэла і жонка Соф'я, якая памерла ад хваробы, не могучы падняцца з ложка ў 1619 годзе. Быў мірны час, гетман прыехаў у Ляхавічы, дзе меўся паправіць сваё здароўе, якое ўжо добра паслужыла на карысць Вялікаму Княству Літоўскаму.

Але тут у жыцці Яна Караля зноў з’явіўся брат Аляксандр, з якім ён канфліктаваў шмат гадоў. Аляксандр вырашыў ажаніць старога гетмана, каб увесь яго маёнтак не перайшоў у валоданне Сапегаў. Ён разлічваў, што як брат гетмана, які ўжо стаяў адной нагой у магіле, будзе апекуном яго ўдавы. А гэта дазволіць яму вольна карыстацца дабротамі, за якія ён пасварыўся з Янам Каралем шмат гадоў таму.

Ганна Алаіза Хадкевіч (Астрожская)

Ганна Алаіза Хадкевіч (Астрожская)

Падчас вяселля з дваццацігадовай Ганнай Астрожскай шасцідзесяцігадовы гетман не выглядаў моцным. Стары чалавек з блакітна-бледным колерам твару страціў прытомнасць у часе адной з цырымоній. У наступным годзе Ян Караль Хадкевіч склаў завяшчанне, пакінуўшы усё новай жонцы, што нанесла шкоду яго дачцэ. На той час гетман быў вельмі хворым чалавекам і, да таго ж, падманутым сваім братам, які пераканаў яго ў магчымасці займець спадчынніка мужчынскага полу. Праз тры месяцы Ян Караль Хадкевіч памёр у Хаціне.

Смерць Хадкевіча

Смерць Хадкевіча

Змаганне за спадчыну

Супярэчлівае завяшчанне Хадкевіча і вялізныя, хоць і з даўгамі, маёнткі, якія ён пакінуў, прывялі да таго, што пасля яго смерці было шмат скандальных маёмасных спрэчак. Калі цела гетмана яшчэ ляжала непахаваным у Астрогу, яго дачка ўварвалася з узброенай шляхтай у Ляхавічы і Цімкавічы, а брат сілаю адваяваў Быхаў. Спрэчка пры пасрэдніцтве найбуйнейшых магнатаў, караля Жыгімонта і Уладзіслава, цягнулася некалькі гадоў. Але ж урэшце Сапегі завалодалі ўсімі маёнткамі Хадкевіча.

Ян Караль Хадкевіч

Ян Караль Хадкевіч

Славутага гетмана пахавалі больш чым праз год пасля яго смерці. Урачыстасці былі вельмі сціплымі, абмяжоўваліся баявымі таварышамі, блізкімі сваякамі і шматлікімі езуітамі. Удава гетмана не запрасіла дачку спачылага Ганну Сапегу, з якой пастаянна канфліктавала.

На полі бітвы гетман дзейнічаў куды лепш, чым у асабістым жыцці. Такі лёс вялікіх.