Гаспадарка, фінансы, кнігі: як жылі заможныя ксяндзы ў Вялікім Княстве Літоўскім

Калі заходзіць гаворка пра жыццё святароў, то адразу ўзнікае асацыяцыя — пастаянныя служэнні ў касцёле, хрэсьбіны чаргуюцца з пахаваннямі, пастырства і апека душамі… Але ў часы Вялікага Княства Літоўскага жыццё святароў было куды больш насычаным. Ксяндзы былі распарадчыкамі маёмасці.

00_vokladka_38.jpg

Духоўнае саслоўе ў Вялікім Княстве Літоўскім было адметным. Канешне, рэй у грамадстве вяла шляхта, гараджане пераважна былі заняты ў рамёствах і гандлі, сяляне працавалі на зямлі. Але Царква і рэлігія ў тыя часы мелі вагу, адпаведна — духоўныя асобы былі ў пашане і навідавоку. Святары ў грамадстве вылучаліся. Прынамсі, тым, што гэта было цалкам пісьменнае і адукаванае саслоўе. А як жа інакш? Без навыкаў чытання і пісання не правядзеш набажэнства, не прачытаеш Слова Божае, не здолееш весці метрычныя кнігі. 

Акрамя таго, святарам давяралася маёмасць. Магнаты і шляхта рабілі шчодрыя ахвяраванні на карысць парафій і кляштараў — землі, вёскі, фальваркі, фундацыі, забяспечвалі даходам са сваіх маёнткаў… Усім гэтым трэба было правільна распараджацца і даваць справаздачы. Святару ў тыя часы прыходзілася быць не толькі пастырам і апекуном душ сваёй парафіі, але і эфектыўным менеджарам. Вядзенне рахункаў, кантроль за гаспадаркай, спагнанне пазыкі і павіннасцей — усё гэта ўваходзіла ў штодзённыя справы святара.

03_34.jpg

Калі ўжо гаварыць пра штодзённасць, то, безумоўна, закранаецца шмат іншых пытанняў. Дзе жыў святар? Як часта ладзіў набажэнства ў касцёле? Наогул, якія былі ў святара (разумей — парафіі) крыніцы даходу і якая гаспадарка вялася? Каб адказаць на гэтыя пытанні і дакладна ўявіць, якім было жыццё каталіцкага святара, выправімся ў XVIII стагоддзе. Наваградскі павет, парафіяльны касцёл горада N., які з’яўляецца рэзідэнцыяй магнацкага ўладання. Парафія — адна з самых заможных у Вялікім Княстве Літоўскім.

Ксёндз і яго калегі


01_48.jpg

Перш за ўсё пазнаёмімся са святаром. Як маглі клікаць парафіяльнага ксяндза ў XVIII стагоддзі? Імёны былі рознымі. Ад звыклага нам Андрэя, Яна, Францішка, Язэпа, Пятра да рэдкіх сёння Рамуальда, Алаіза, Освальда, Балтазара… 

Святар мог належаць да манаскага ордэна і, акрамя службы на парафіі, займаць пасаду ў структурах Касцёла. Пры гэтым, як правіла, на парафіі, асабліва калі яна была заможнай, ксёндз служыў не адзін.

Склад кліру, які мусіў утрымлівацца пры канкрэтным касцёле, вызначаўся фундушовым запісам. То- бок тыя, хто фінансамі падтрымліваў касцёл, і вызначалі, колькі святароў будзе ў ім служыць. Звычайна, кіраванне парафіяльным касцёлам знаходзілася ў руках плябана. Што праўда, у дакументах можна сустрэць іншыя назвы пасады: рэктар, парох, куратар. Мог ён пры сабе трымаць намесніка — вікарыя. Фундатар касцёла гэта акрэсліваў, а таксама вызначаў і слуг, якіх плябан мог утрымліваць: аднаго для уласных паслуг, другога — для ігры на аргане, трэцяга — для спеваў і школы. Бывала, што ў асобна ўзятых парафіях колькасць кліру магла дасягаць і шасці асоб.

Імша нядзельная, імша за фундатараў


04_30.jpg

З чаго складалася праца парафіяльнага ксяндза? Канешне, галоўная справа святароў — праводзіць набажэнствы. Іх расклад — традыцыйны, усталяваны правіламі Касцёла. Нядзельныя імшы, святочныя, перадсвяточныя… 

Але, акрамя звычайнага раскладу, у тыя часы існавала практыка праводзіць спецыяльную імшу за фундатараў. Дарэчы, калі праводзіць такое набажэнства, вызначалі самі паны дабрадзеі ў фундушовым запісе. Напрыклад, у адной фундацыі знакаміты гетман Ян Караль Хадкевіч прадпісваў кацельнаму кліру адмыслова маліцца за фундатараў касцёла кожны тыдзень, па серадах. І гэта практыка трывала стагоддзямі!

Таксама святары мусілі служыць трэбы, якія суправаджалі ўсё жыццё паствы: хрост, шлюб, пахаванне. Працы парафіяльнаму ксяндзу хапала ва ўсе часы.

Сядзіба плябана: ганак на слупах, налібоцкія шыбы, мінімум мэблі

Дзе і як жыў каталіцкі святар? Зазірнём пад дах плябаніі. Гэта важна, бо плябанія і прысядзібная гаспадарка былі асноўным паказчыкам прэстыжнасці святара ў мясцовасці, дзе ён жыў і служыў. Матэрыяльны дабрабыт ксяндза найперш адлюстроўваўся на стане яго плябаніі: чым багацейшай яна была, тым больш незалежна пачуваў сябе святар, тым больш высокім было яго значэнне і вага.

Тыповая сядзіба святара

Тыповая сядзіба святара

Сядзіба плябана, як правіла, знаходзілася побач з касцёлам. Галоўнае месца на падворку занімаў дом пробашча, пабудаваны з сасновага бруса і крыты гонтавым дахам. Да хаты прымыкаў ганак на шасці слупах — элемент адрознення ад сялянскіх хат і сціплых хат месцічаў. Ганак на слупах — галоўны сімвал заможнасці і статуснасці.  

Ідзём у дом. Адчыніўшы драўляныя дзверы на жалезных завесах, адразу можна патрапіць у сені, з якіх фарбаваныя дзверы сталярскай працы вядуць у розныя пакоі. Праваруч — галоўная зала, дзе стаіць печ, упрыгожаная зялёнай кафляй, з мураваным комінам. Святло сюды трапляе праз тры вокны, апраўленыя ў дрэва, з налібоцкімі шыбамі, якія былі ў той час досыць каштоўнымі. Столь і падлога ў пакоі падшытыя дрэвам, а сцены аклееныя паперай і пабеленыя. Апроч залі, у плябаніі яшчэ два пакоі. У адным з тых пакояў, леваруч ад сяней, знаходзіцца печ, таксама з зялёнай кафляй і мураваным комінам. Гэта — жылая прастора, але ёсць тут і два гаспадарчыя пакоі: невялікая кладоўка і кухня, дзе стаіць печ з прыстасаваннем для выпякання хлеба.

А вось мэблі ў доме не так і шмат, усё толькі самае неабходнае — 5 сталоў, 6 крэслаў, 8 зэдлікаў, 2 шафы, 3 ложкі.

Побач з домам плябана на падворку ўзвышаюцца свіран і стайня. Абодва гэтыя будынкі стаяць пад агульным дахам пад дранкай. Недалёка стаіць крыты гонтай склеп, а за ім — вазоўня пад драніцамі.

Ксёндз-менеджар XVIII стагоддзя


06_20.jpg

У часы Вялікага Княства Літоўскага святар быў не толькі служыцелем культу, але і гаспадаром даверанай яму маёмасці. Таму важны складнік штодзённасці ксяндза — вядзенне гаспадаркі, пажадана паспяховае. Тут ксёндз выступаў у ролі, як бы цяпер сказалі, менеджара. Ад ступені заможнасці парафіі залежала заангажаванне духоўнай асобы ў гаспадарчыя справы. Схема простая: чым заможнейшая гаспадарка, тым больш функцыі святара зводзіліся да адміністратыўнага дагляду, а гаспадарчыя справы вырашаліся адмыслова нанятымі асобамі. 

Гаспадарка заможнага касцёла, напрыклад, магла складацца з некалькіх фальваркаў, дзе вялася асноўная гаспадарка. Аб гэтым рупіўся адмысловы даглядчык. З чаго ж складаўся фальварак?

На падворку стаяў плябанскі і гаспадарскі дом, яго атачалі будынкі рознага прызначэння. Фальварак — не толькі каб здабыць рэсурсы, гэта і вытворчасць. Таму магла тут быць сыраварня, абавязкова — бровар, асець, варыльня, пуня, скляпы, свіран, стайня, абора, гумно.

З розных дакументаў вядома, што ў касцельных фальварках утрымліваліся жывёлы: каровы, бычкі, авечкі, свінні, сярод птаства — гусі, індыкі, качкі, куры, каплуны. Вырошчвалі ў фальварках і размаітыя культуры: жыта, жыта яравое, гарох, пшаніцу яравую, авёс, ячмень, каноплі, лён, грэчку, гародніну — агуркі, цыбулю, часнок, моркву, рэпу, мак, буракі, капусту, пастарнак. Меліся тут вуллі, якія стаялі за фруктовым садам.

Вынікае, што за ладнай гаспадаркай даводзілася даглядаць ксяндзу, нават наняўшы адміністратара.    

Фінансавыя патокі парафіі

Добрая гаспадарка і добрае матэрыяльнае забеспячэнне касцёла прыносіла неблагі даход. Заможны касцёл, як яму і належыць, меў розныя крыніцы даходу, таксама і грошы на ўтрыманне парафіі паступалі рознымі шляхамі. Напрыклад, касцёлу маглі паступаць разавыя вялікія ахвяраванні. Альбо шляхціцы распараджаліся ў тастаменце так, каб з маёмасці частка сродкаў трывала паступала на карысць якой-небудзь парафіі.

02_39.jpg

Акрамя таго, грошы паступалі ад земляробства. Трывалым даходам былі паступленні ад павіннасцей сялян (паншчына, адпрацоўка, чынш, дзякла) з падуладных вёсак, даход ад арэнды, а некаторыя парафіі мелі ануату — працэнты з «капітальнага» фундуша. Гэта аналаг сучасных інвестыцый, калі штогод інвестар атрымлівае працэнт ад свайго ўнёску.

У сярэднім, даход заможнай парафіі ў год быў наступны: ад павіннасцей сялян — 1540 злотых 24 гроша, выплаты ад гараджан — каля 840 злотых. Калі касцёл здаваў у арэнду корчмы, то гэта магло прыносіць яшчэ 300 злотых у год. Сумы гэта істотныя. Для параўнання: у канцы XVIII стагоддзя воз сена каштаваў 40 злотых, карэц жыта — 16 злотых, капа яек — 5 грошаў.

Пра што гавораць кнігі? 

Асаблівасць духавенства як грамадскай супольнасці ў Вялікім Княстве Літоўскім — пісьменнасць. І гэта знайшло адбітак у штодзённым жыцці. У асяроддзі святароў было папулярным весці дзённікі, падтрымліваць перапіску. Касцельныя бібліятэкі ўзбагачаліся кнігамі, прызначанымі не толькі для правядзення літургій, але і для вольнага часу.

Што мог чытаць ксёндз? 


07_23.jpg

Акрамя неабходных для набажэнства кніг, у бібліятэцы касцёлаў маглі знаходзіцца кнігі на багаслоўскую тэматыку на лацінскай і польскай мовах, кнігі па гісторыі і гісторыі Касцёла. 

Кнігі ў парафіяльных бібліятэках сведчаць аб высокім узроўні адукацыі святароў, якасці душпастырскай дзейнасці, прыналежнасці да каталіцкіх плыняў. Наяўнасць на бібліятэчных палічках шэрагу кніг нядзельных і святочных казанняў кажуць — святар надаваў пропаведзі вялікую значнасць і сур’ёзна падыходзіў да гэтага пытання. Шматлікія асобнікі багаслоўскай літаратуры, працы з каментарыямі да Святога Пісання, кнігі маральнага кірунку адлюстроўваюць высокі ўзровень тэалагічнай адукацыі святара, аб чым таксама сведчаць і працы па гісторыі, гісторыі царквы еўрапейскіх багасловаў з розных краін.

***

Пастараемся падвесці рысу і ўявіць, як жыў каталіцкі святар у заможнай парафіі ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Святар меў насычаны графік працы, хоць і пры касцёле служылі памочнікі, трэба было шмат часу вылучаць на духоўныя абавязкі. 

Святар меў годную і багатую сядзібу ў горадзе побач з касцёлам. Інтэр’ер дома быў заможным, з усёй неабходнай мэбляю. Не бракавала і гаспадарчых будынкаў. 

Святар распараджаўся вялікай гаспадаркай, наймаў дадаткова даглядчыка. Гаспадарка была шматграннаю: земляробства, жывёлагадоўля, вытворчасць прадуктаў харчавання і піва, пчалярства. Эфектыўнасць гаспадаркі залежала ад належнага кіравання. Калі ўсё было так, то святар меў прыстойны даход з розных крыніц. 

У святара была бібліятэка, якая складалася не толькі з літургічных кніг, але і мела шэраг багаслоўскіх, гістарычных прац рознай скіраванасці, што падкрэслівала высокі ўзровень яго адукацыі і ўзровень яго душпастырскай дзейнасці.