Кобрынскія замалёўкі: па слядох Рамуальда Траўгута. Частка 3

«Ён сэрцы іх у руках трымаў і ўмеў штурхаць іх угору. Адкрываў перад шэрагамі чорнавалосую галаву і за тое, што яны былі паслухмяныя, як дзеці, а як львы адважныя, што сіле пераважаючай расцярушыць іх не далі, што сорамам не заплямілі крыжа, які прынялі на свае плечы — дзякаваў» (Эліза Ажэшка аб камандзіры паўстанцаў Рамуальдзе Траўгуце). 

pst_56_logo.jpg

Партрэт Рамуальда Траўгута. Мастак Анатоль Жалудко 
Працягваем вандроўку, звязаную з лёсам нашага выбітнага земляка, нацыянальнага героя Польшчы Рамуальда Траўгута.
Пачатак тут ітут.
Чарговы маршрут прайшоў праз Новае Папіна-Людвінова ў Драгічынскім раёне Берасцейшчыны. На пачатку нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863-64 гадоў супраць расійскага самаўладдзя на сходзе мясцовай шляхты ў папінскім палацы Яна Жука 38-гадовы адстаўны падпалкоўнік расійскай арміі Рамуальд Траўгут быў вылучаны на пасаду кіраўніка Кобрынскага паўстанцкага атрада Горадзенскай губерні. Паблізу ад Новай Папіны знаходзіўся маёнтак Элізы і Пятра Ажэшкаў Людвінова, які выбітная беларуская польскамоўная пісьменніца, паплечніца Рамуальда Траўгута Эліза Ажэшка назвала «ўніверсітэтам свайго жыцця».
Ранішнім цягніком дабраўся да Драгічына, а адтуль — пехам да Новага Папіна. Калі падыходзіў да яго, будаўнік з Драгічына Сяргей Данілюк падвёз у цэнтр вёскі, дзе знаходяцца старадаўнія магілы паўстанцаў.

Мой дабрадзей Сяргей Данілюк

Мой дабрадзей Сяргей Данілюк

Новая Папіна


Вёска — месца былых маёнткаў Ажэшкаў, Жукоў і Аляшчынаў. У 1860-я гады ўладальнікам вёскі быў Ян Жук, якому належыла 485 сялян. Напярэдадні адмены прыгонніцтва гаспадар перасяліў сялян на новае месца, дзе зараз вёска Папіна. Паблізу ад Новай Папіны з сярэднявечча праходзіў Ляхавіцкі канал, які да пабудовы Дняпро-Бугскага каналу быў адным з вытокаў ракі Піны. Таму і вёска, што месціцца на рацэ Піна, завецца Папіна.

Старадаўні шлях з Драгічына на Новую Папіну

Старадаўні шлях з Драгічына на Новую Папіну

У 1860-я гады маёнтак Яна і Стэфаніі Жукоў быў вядомы культурай, гасціннасцю і дэмакратызмам сваіх гаспадароў. У палацы Жукоў існавала добрая бібліятэка, дзе Эліза Ажэшка знаёмілася з творамі французскіх асветнікаў-энцыклапедыстаў. Ян Жук быў сябрам Дваранскага камітэту ў губернскай Горадні, дзе горача абмяркоўвалася сялянскае пытанне. Спрэчкі на гэты конт працягваліся і ў папінскай сядзібе Жукоў.

Новапапінаўская сярэдняя школа стаіць на месцы былой сядзібы Яна і Стэфаніі Жукоў

Новапапінаўская сярэдняя школа стаіць на месцы былой сядзібы Яна і Стэфаніі Жукоў

Падчас паўстання яна стала адным з цэнтраў падзей. Палац Яна Жука наведвалі кіраўнікі паўстанцкіх арганізацый і атрадаў, іхныя шматлікія аднадумцы, у тым ліку Пётр і Эліза Ажэшкі. Пры абмеркаванні пытання пра кіраўніка Кобрынскага паўстанцкага атрада сышліся на асобе маладога і палымянага змагара за волю Бацькаўшчыны Рамуальда Траўгута — ураджэнца маёнтку Шастакова (зараз — Камянецкі раён Берасцейшчыны), які ў той час жыў у сваім спадчынным маёнтку Астроўе (зараз — Маларыцкі раён Берасцейшчыны).

Эліза і Пётр Ажэшкі. Здымак з Вікіпедыі паводле арыгіналу канца 1850-х гадоў

Эліза і Пётр Ажэшкі. Здымак з Вікіпедыі паводле арыгіналу канца 1850-х гадоў

Калі ўладальніку Астроўя прапанавалі ўзначаліць Кобрынскі паўстанцкі атрад, Траўгут крыху павагаўся і даў згоду са словамі: «Я не ведаю, ці ёсць сэнс. Ведаю толькі, што мушу». Затым Рамуальд выступіў у папінскім палацы Жукоў з сваёй праграмай і мэтай паўстання. «Калі мы выйграем, — сказаў ён. — Наша перамога будзе выратаваннем для народа, а калі прайграем, дык ракою пралітай намі крыві да Свабоды даплывуць іншыя…»
Прысягу на адданасць справе барацьбы за волю Радзімы Траўгут прымаў на сходзе павятовай шляхты ў маёнтку Божы Дар (зараз — Кобрынскі раён) паўстанцкага начальніка горада Кобрына Яна Мітрашэўскага, а ўвесь атрад прысягаў на месцы збору інсургентаў у лесе Цемра Кобрынскай пушчы (зараз на мяжы Кобрынскага і Драгічынскага раёнаў).
Пра свае першыя ўражанні ад знаёмства з Траўгутам у маёнтку Божы Дар Эліза Ажэшка пазней напіша так: «Гадоў яму было трыццаць шэсць і на гэты ўзрост ён выглядаў, сярэдні рост, целасклад больш пругкі і зграбны, чым моцны, і ў рухах лёгкіх, упэўненых у сабе, у постаці выпрастанай штосьці нагадвала вайсковы тып. З першага погляду кідалася ў вочы глыбокая чарната яго валасоў настолькі густых, што дзве іх хвалі, адна над адной, уздымаліся над ілбом смуглым, стройным, прарэзаным ад броваў амаль да валасоў вертыкальнай лініяй глыбокай зморшчынкі. Вочы цяжка было разглядзець, таму што накрывала іх шкло акуляраў, але сярод авала смуглага твару ўвагу звярталі вусны без усмешкі, спакойныя і паважныя. Можа, гэтая сур'ёзнасць вуснаў, і гэтая заўчасная зморшчынка на ілбе спрыялі таму, што ў поглядзе гэтым дзівіў, перш за ўсё, выраз думкі строгай, засяроджанай, маларазмоўнай. Нічога мяккага, гнуткага, паслухмянага, нічога вонкава лёгкага. Толькі думка нейкая пануючая, велізарная, увесь час моўчкі, засяроджана працуючая і пад яе пакладам нейкая таемная спякота пачуццяў, якая на ілбе выпаліла заўчасную зморшчынку і гарачым каларытам абклала маўклівы твар».

У музеі Новапапінаўскай сярэдняй школы

У музеі Новапапінаўскай сярэдняй школы

У вялікай вёсцы Новае Папіна, што з’яўляецца цэнтрам сельсавету, сёння мало што нагадвае пра славутыя падзеі 155-гадовай даўніны. Хіба што магіла паўстанцаў Яна і Стэфаніі Жукоў, якая хоць і ўнесена ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, аднак знаходзіцца ў незадавальняючым стане і патрабуе тэрміновай рэстаўрацыі.

Магіла Яна і Стэфаніі Жукоў у Новай Папіне

Пасля падаўлення паўстання Ян Жук быў сасланы ў Сібір. Следам за ім паехала ягоная жонка Стэфанія, сяброўка і паплечніца Элізы Ажэшкі. На развітанне з Стэфаніяй Эліза прачытала свой верш «Мара», які заканчваўся такімі словамі:
Плывіце хутка, шэрыя хмары,З сабою нясіце жаль мой панурыУ недасяжную даль.
Пра сівую мінуўшчыну нагадвае і падмурак былой кухні сядзібы Жукоў, на месцы якой узведзены будынак Новапапінскай сярэдняй школы. Сведкам паўстання з’яўляецца і Спаса-Прэабражэнская царква, пабудаваная ў 1810 годзе.

Спаса-Прэабражэнская царква ў Новай Папіне (1810)

Спаса-Прэабражэнская царква ў Новай Папіне (1810)

Вельмі ўдзячны стваральніцы гістарычна-краязнаўчага музея Новапапінскай сярэдняй школы Таісіі Касцючык, якая пазнаёміла з мінулым месца і наваколля, у тым ліку з яго гістарычнай тапаграфіяй, а таксама з матэрыяламі пра жыццё ў Людвінове Элізы Ажэшкі.  

Ад былой сядзібы Жукоў захаваліся толькі гэтыя падмуркі колішняй кухні…

Ад былой сядзібы Жукоў захаваліся толькі гэтыя падмуркі колішняй кухні…

Пасля развітання з спадарыняй Таісіяй з задавальненнем прайшоў пяць кіламетраў ад Новай Папіны да Людвінова.  

Людвінова


Гэтая вялікая вёска з нешматлікімі насельнікамі некалі была родавым гняздом Пятра Ажэшкі — мужа Элізы Ажэшкі з Паўлоўскіх. Драўляны сядзібны дом, узведзены ў першай палове XIX стагоддзя, быў «акуратна выбелены, прасторны і выгодны». Па цэнтры будынку месціўся невялікі ганак з калонамі, ад якога сцежка вяла ў каштанавую алею. Сядзібны дом быў ахутаны вялікім садам і шыкоўным пейзажным паркам з маляўнічымі альтанкамі і ставамі. Хоць у Людвінове мелася ўсё неабходнае для вядзення тагачаснай традыцыйнай сельскай гаспадаркі, маёнтак прыносіў Пятру Ажэшку невялікі прыбытак — усяго 340 рублёў срэбрам штогод.  

На шляху з Новай Папіны ў Людвінова

З бацькаўскага дому ў Мількаўшчыне юная Эліза прывезла ў Людвінова старадаўнія карціны, бібліятэку, люстры і мэблю. На сустрэчах з мясцовай маладой шляхтай Эліза пасябравала з малодшым братам мужа — выхаванцам Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі Фларыянам Ажэшка, які разам з хворым братам Браніславам жыў у сваім маёнтку Оўзічы (зараз — Іванаўскі раён Берасцейшчыны). Менавіта Фларыян пазнаёміў Элізу з нелегальнай літаратурай, з творамі рускіх рэвалюцыйных дэмакратаў, дапамог ёй адкрыць у Людвінове вясковую школку для 20 мясцовых хлопчыкаў.

Куточкі Людвінова

Пасля паразы паўстання Фларыян і Пётр Ажэшкі былі арыштаваныя і пакараныя, прычым муж Элізы быў этапам сасланы ў Пермскую губерню, а ягоны маёнтак ў Людвінове быў разарабаваны і канфіскаваны. Эліза пакінула маёнтак, які ёй больш не належыў. У міжваенны час, калі гаспадарамі Людвінова былі Канторавы і Клёравы, у маёнтку яшчэ існавалі асобныя мураваныя гаспадарчыя збудаванні, у тым ліку стайня і вінакурня. Аднак па Другой сусветнай вайне маёнтак прыйшоў у поўны заняпад.
Трагедыя напаткала і другі маёнтак Пятра Ажэшкі — у Беліне (зараз — вёска ў Драгічынскім раёне). У гэтым сваім фальварку над Днепра-Бугскім каналам у сярэдіне XIX стагоддзя Пётр Ажэшка вырашыў узвесці прадстаўнічы палац у выглядзе казачнага псеўдагатычнага замачку з балконамі і двухпавярховай вежачкай. З замачку адкрываўся цудоўны краявід на стары англійскі парк, створаны з былога ляснога масіву.

Палац Элізы і Пятра Ажэшкаў у Беліне. Здымак з Вікіпедыі паводле акварэлі Напалеона Орды 1864 году

Палац Элізы і Пятра Ажэшкаў у Беліне. Здымак з Вікіпедыі паводле акварэлі Напалеона Орды 1864 году

Аднак Пётр з Элізай не паспелі пераехаць у новы палац, бо ён быў канфіскаваны разам з Людвіновым і перададзены расійскім памешчыкам. У міжваенны час Беліным валодалі спачатку польскія ваенныя асаднікі, а затым Талочкі, якія меркавалі аднавіць замачак, але не здолелі гэта зрабіць. Замест рэстаўрацыі яны распрадалі зямлю новым уладальнікам, якія разабралі замачак на цэглу, а парк высеклі. Дарэчы, частка цэглы пайшла на будаўніцтва гідравузла ў суседняй вёсцы Ляхавічы. На сёння ад былой сядзібы засталіся толькі палі і палеткі…  

План маёнтку Элізы і Пятра Ажэшкаў у Людвінове. Малюнак аўтара з яго ўдакладненнямі паводле здымку з экспазіцыі музею Новапапінаўскай сярэдняй школы

План маёнтку Элізы і Пятра Ажэшкаў у Людвінове. Малюнак аўтара з яго ўдакладненнямі паводле здымку з экспазіцыі музею Новапапінаўскай сярэдняй школы


У Людвінове няшмат сведчанняў падзеяў паўстання. На месцы былога сядзібнага дому зараз стаіць мемарыяльны камень у гонар Элізы Ажэшкі, якая жыла ў Людвінове з 1858 па 1864 гады.

Памятны камень у гонар Элізы Ажэшкі на месцы сядзібнага дому Ажэшкаў

А некалі на гэтым месцы стаяў сядзібны дом, у якім у другой палове ліпеня 1863-га цягам амаль двух тыдняў Пётр і Эліза Ажэшкі даглядалі і хавалі ад жандараў стомленага і хворага пасля цяжкіх баёў на Палессі Рамуальда Траўгута…
Аб камандзіры паўстанцаў Эліза пазней напіша: «Ён сэрцы іх у руках трымаў і ўмеў штурхаць іх угору. Адкрываў перад шэрагамі чорнавалосую галаву і за тое, што яны былі паслухмяныя, як дзеці, а як львы адважныя, што сіле пераважаючай расцярушыць іх не далі, што сорамам не заплямілі крыжа, які прынялі на свае плечы — дзякаваў. Але і тады яшчэ, калі дзякаваў, голас яго гучаў, як баявыя гукі, і не было ў ім ні слодычы, ні ласкі, мужнасць толькі была і жалезная воля, моцна трымаючая павады іхнай волі».
У Людвінове захаваліся фрагменты шыкоўнага пейзажнага парку з алеямі ліпаў і каштанаў, з велічнымі старымі дубамі і слядамі сажалак. Уражваюць руіны адзінай старадаўняй гаспадарчай пабудовы, што захавалася — былой кухні маёнтку…

Руіны былой кухні

Руіны былой кухні

Але найбольш кранае былы старасвецкі шлях з прысадамі, па якому напрыканцы ліпеня 1863-га Эліза ў сваім вазку вывезла Рамуальда ў Каралеўства Польскае па дакументах свайго кузэна, хворага на тыфус…

psrt_28_logo.jpg

Менавіта гэтым шляхам напрыканцы ліпеня 1863-га Эліза Ажэшка ў сваім вазку вывезла з Людвінова ў Польшчу Рамуальда Траўгута пад выглядам хворага на тыфус кузэна…
Дарэчы, пра знакамітую змагарку і літаратарку нагадвае ў вёсцы яе цэнтральная вуліца, што носіць імя Элізы Ажэшкі.

У Людвінове шаша пераходзіць у вуліцу імя Элізы Ажэшкі 
З усімі мясцовымі славутасцямі мяне ахвотна пазнаёмілі жыхары Людвінова, спадарыні Валянціна і Аляксандра, за што ім вельмі ўдзячны.

psrt_34_logo.jpg

Мае добраахвотныя памочніцы спадарыні Валянціна і Аляксандра
Па наведванні Людвінова вельмі разумею Элізу Ажэшку, якая называла маёнтак «ўніверсітэтам свайго жыцця». Бо апроч вялікага кола сяброў і аднадумцаў, у якім знаходзілася будучая пісьменніца, яе атачала асаблівая атмасфера гэтага незвычайнага месца, што захавалася і па сёння… Нешта ўзвышанае, загадкавае і магнетычнае ёсць у Людвінове. Можа ў гармоніі чароўных краявідаў магутных старасвецкіх дрэваў і бязмежнага блакіту нябёсаў з водарам надзвычай урадлівай зямлі і славутай спадчынай гераічнай мінуўшчыны?  

Гэтыя старыя дубы добра памятаюць гераічныя і трагічныя падзеі 155-гадовай даўніны. Некалі перад дубамі стаяў вялікі мур, прызначэнне якога дакладна невядомае. Мажліва там знаходзіліся стайня і вазоўня  

Гэтыя старыя дубы добра памятаюць гераічныя і трагічныя падзеі 155-гадовай даўніны. Некалі перад дубамі стаяў вялікі мур, прызначэнне якога дакладна невядомае. Мажліва там знаходзіліся стайня і вазоўня  

Вядома, што Эліза Ажэшка (6 чэрвеня 1841, Мількаўшчына, Горадзенскі павет — 18 траўня 1910, Горадня) прымала актыўны ўдзел у паўстанні. Дастаўляла інсургентам харчы, лекі, пошту, перадавала звесткі пра дзеянні царскіх войскаў, шыла паўстанцам канфедэраткі і кашулі. Пра тое, як у Закозельскай капліцы і ў Людвінове Эліза спачатку хавала камандзіра паўстанцаў, а потым патаемна вывезла яго ў Польшчу, апавядае навэла пісьменніцы «Ён». Уславіла змагароў у рамане «Над Нёманам» і ў сваім апошнім творы — зборніку навэл «Gloria victis», які быў забаронены царскім урадам.

Сляды былых сажалкі і парку

Пра жыццё ў Людвінове цягам шасці гадоў Эліза Ажэшка так напіша ў сваіх мемуарах: «(…) у разумовых адносінах я ў шмат чым абавязана знаходжанню ў тых краях; як колькасці, так і якасці тых людзей, з якімі там пазнаёмілася, цудоўнай магчымасці прыгледзецца да характару і прыроды эпохі, якая датлявала перад паўстаннем, і дзвюх вялікіх з’яў, што завяршалі тую эпоху — вызвалення сялян і паўстання. У думках я прызвычаілася называць тую эпоху сваім універсітэтам. І насамрэч — там я прайшла вышэйшую школу велізарных назіранняў, грамадскіх і эстэтычных уражанняў».  

Эліза Ажэшка ў 1870-я гады. Здымак з Вікіпедыі паводле арыгіналу горадзенскага фатографа Садоўскага

Эліза Ажэшка ў 1870-я гады. Здымак з Вікіпедыі паводле арыгіналу горадзенскага фатографа Садоўскага

Сутнасць сваёй творчасці пісьменніца выказала ў адным з сваіх нарысаў у характарыстыцы адданага справе садоўніка: «У ягоных размовах адчувалася шмат трываласці працаўніка, гордасць незалежнага чалавека; у іх бліскалі іскры грамадзянскіх пачуццяў і, парою, узгараўся агонь той здаровай паэзіі, крыніцу якой складае любоў да Бацькаўшчыны, людзей і Свабоды».  

Партрэт Элізы Ажэшкі. Мастак Сяргей Казак

Партрэт Элізы Ажэшкі. Мастак Сяргей Казак


Трэба зазначыць, што Эліза Ажэшка была вельмі папулярнай тагачаснай пісьменніцай, двойчы (у 1904 і 1909 гадах) вылучалася на Нобелеўскую прэмію, яе празаічныя творы інсцэніраваліся, перакладаліся на беларускую мову і напачатку XX ст. ставіліся на сцэнах шматлікіх беларускіх гарадоў. Эліза Ажэшка сябравала з Францішкам Багушэвічам, які прысвяціў ёй верш «Яснавяльможнай пане Арэшчысе».

Да новых сустрэч, Людвінова!

Да новых сустрэч, Людвінова!

Здзіўляе, што па сёння фрагменты сядзібна-паркавага ансаблю Арэшкаў у вёсцы Людвінова, што маюць мемарыяльнае значэнне для Бацькаўшчыны і замежжа, не ўнесены ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь і не ўзятыя пад ахову дзяржавы.

 Праз Новую Папіну — на Драгічын і далей дахаты

 Праз Новую Папіну — на Драгічын і далей дахаты

А гэта абавязкова трэба зрабіць, каб захаваць памяць пра адважную паўстанку і вялікую пісьменніцу, зачараваную краявідамі сваёй Бацькаўшчыны і ракою людскога жыцця, як заўважыў выбітны айчынны краязнаўца Лявон Карповіч.
Фота аўтара